У Астраўцы прайшоў восеньскі сельскагаспадарчы кірмаш
Восеньскі кірмаш па продажы сельскагаспадарчай і іншай прадукцыі раскінуўся на аўтамабільнай стаянцы ў 2-м мікрараёне.
Увогуле падобная традыцыя – з аднаго боку, спосаб сабраць на адной пляцоўцы ўсё восеньскае багацце – тое, што вырасла і саспела ў полі ці на прысядзібным участку; з другога – закупіцца як мага танней. Многія гараджане і жыхары Астравеччыны ў гэты дзень вырашылі запасціся вітамінамі на доўгую зіму. А карэспандэнт “раёнкі” прабегся па гандлёвых радах і кропках, каб даведацца пра асартымент і цэны.
Па традыцыі ўдзел у кірмашы бяруць усе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна. Сёлета з большага гаспадаркі прапаноўвалі збожжа і, да слова сказаць, цана на яго ў параўнанні з мінулым годам павысілася ўсяго на некалькі капеек: кілаграм трыцікале і ячменю каштаваў 44 капейкі, а пшаніцы – 55 капеек. За такую ж колькасць бульбы аграрыі КСУП “Гервяты” і “Гудагай” – толькі яны вырошчваюць другі хлеб у раёне – прасілі 88 капеек, у прыватнікаў, дарэчы, яна была таннейшай на 3 капейкі. РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” прапаноўваў вырабы Ашмянскага сыраробнага завода: 200 грамаў масла каштавала 3 рублі, кілаграм сыра плаўленага і цвёрдага 5 і 12 рублёў адпаведна. Сапраўдны ажыятаж панаваў ля гандлёвай палаткі “КСУП “Гервяты” – з самай раніцы выстраілася вялікая чарга за свежай ялавічынай, якую размялі літаральна за некалькі гадзін. Цана кілаграма філе складала 18 рублёў, ялавічыны без косткі – 11, фаршу – 9, рэбраў – 6, костачак на суп – 1, а пячонкі – 3,50.
Цэны на гародніну з большага амаль ва ўсіх прадаўцоў былі аднолькавымі. Капуста ў параўнанні з мінулым года падаражэла ўдвая: кілаграм – 1 рубель. За такую ж колькасць морквы і цыбулі прасілі 1,20 (у 2020-м – 85 капеек). На кірмашы можна было адшукаць памідоры за 2,50 і за 5 рублёў, перцы – ад 4-х, грушы – ад 4,50, грэцкія арэхі – ад 8-мі, паўлітра мёду і літр журавінаў – 8 рублёў. А вось яблыкі ў розных гандлёвых кропках каштавалі па-рознаму: самыя танныя – у КСУП “Варняны”, як і летась, усяго 1 рубель.
Аматары-садаводы маглі набыць пладовыя дрэўцы: саджанец яблыні за 10 рублёў, іншыя – за 15. На “падворку” Астравецкага доследнага лясгаса зелянелі туі, ялавец і іншы дэкаратыўны пасадачны матэрыял.
Шматлюдна было ля гандлёвых палатак Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, дзе прадавалі мяса, гатовую прадукцыю, выпечку і іншае.
Дарэчы, былі тавары і для душы: кветкі, валёнкі, шкарпэткі, цацкі і многае іншае.
А добры настрой наведвальнікам кірмаша дарылі лепшыя астравецкія артысты і калектывы “Світанак” і “Кемяліна”. Словам, было весела, смачна, шматлюдна. Праўда, засмуціла тое, што шмат хто быў без масак, відаць, людзям важней папоўніць запасы на зіму, а не захаваць здароўе – сваё і іншых…
У тэму
У наведвальнікаў сельскагаспадарчага кірмашу карэспандэнт пацікавіўся, што яны набывалі.
Ірына Шляхтун, астраўчанка:
– Па шчырасці, прыйшла за ўражаннямі і добрым настроем. Прыемна глянуць: і бульбачка, і морква, і мяса – усё наша, беларускае, якаснае. Купіла грэцкія арэхі, журавіны і круглабокага карпа – пабягу дамоў смажыць. (Усміхаецца.)
Людміла Кухарэвіч, жыхарка Варнян:
– У Астравец мы завіталі сваім калектывам “Світанак”, на сцэне выканалі 3 песні – хочацца ж і сябе паказаць, і на людзей паглядзець. Сёлета ў мяне дрэнна ўрадзілі яблыкі, таму купіла некалькі кілаграмаў антонаўкі, а яшчэ паўлітра мёду ў суседачкі. (Усміхаецца.) Жывём, лічы, побач – а толькі ў Астраўцы сустрэліся.
Раман і Алена Саленікі, астраўчане:
Раман:
– Кірмаш выдаўся на славу: купіць можна ўсё, чаго душа пажадае. І артысты нашы малайцы – вельмі хораша спяваюць!
Алена:
– На кірмаш прыйшлі за гервяцкай ялавічынай – цудоўная якасць мяса. Кураціны купілі і яшчэ па дробязях.