Чым і як ратуюцца ад ковіду пажылыя

08:18 / 02.02.2021
Падчас пандэміі COVID-19 пажылыя людзі апынуліся ў групе павышанай рызыкі, прычым двайной. З аднаго боку, інфекцыя, памножаная на «букет» хранічных захворванняў. З іншага – сацыяльная ізаляцыя, адсутнасць стасункаў, пастаянныя трывога і страх пагражаюць іншай бядой – псіхічнымі захворваннямі і развіццём дэменцыі. І яшчэ пытанне, якая з бед большая і страшнейшая. 

Як жывуць сёння людзі «залатога ўзросту», чым займаюцца, у чым чэрпаюць сілы, якой дапамогі чакаюць і каму гатовыя дапамагчы самі? Пра гэта мы распыталі ў нашых герояў. Аб’ядноўвае іх узрост 60+ і нежаданне скарацца ні хваробе, ні абставінам.

«Хлопчыкі дапамагаюць. І лазня…»

Гісторыя астравецкая, пра доўгажыхароў Цішковых і іх памочнікаў.

1.jpg

Пра людзей з няпростым жыццёвым лёсам і пры тым – аптымістаў Івана Андрыя­навіча і Ганну Афанасьеўну Цішко­вых «Астравецкая праўда» ўжо расказ­вала. У лютым кожнаму з іх спаўняецца 91 год, і 66 з іх яны пражылі разам, як кажуць, у каханні і згодзе. Як лічаць муж з жонкай і іх сябры, у першую чаргу – дзякуючы неўтаймаванаму жыццялюбству.

Але і іх аптымізм стаў даваць збоі, калі пачалася пандэмія і навокал сталі гаварыць пра захварэлых і памёрлых. І калі перш гэта былі людзі з разраду «калега стрыечнай сястры маёй суседкі», то з цягам часу сярод іх сустракалася ўсё больш знаёмых імён… 

– Як жа я напалохалася, калі пачаўся гэты ковід! Думала: калі, крый божа, падчаплю гэтую заразу – нізавошта ўжо не выкараскаюся, – прызнаецца Ганна Афанасьеўна. 

Ды і Іван Андрыянавіч стаў паціху расказваць сябрам, дзе і як яго, у выпадку чаго, пахаваць…

Гэта было яшчэ ў 1-ю хвалю эпідэміі. Але прыйшла вясна – і Цішковы вярнуліся з добраўпарадкаванай «шпа­коўні» з усімі выгодамі на «летнія кватэры» – у старэнькі домік на ўзбя­рэжжы Лошы, дзе пражылі ўсё свядомае жыццё і куды кожны год перабі­раюцца ў красавіку і застаюцца да лістапада. 

Хто ж дапамагае шаноўным ветэранам спраўляцца з паўсядзённымі клопатамі, якіх нямала і на «зімовым», і ў «летнім» жытле? Тым больш у сённяшні час, калі па вуліцах гуляць непажадана. Дачка жыве ў Мінску, прыязджае не так часта – работа, хатнія клопаты.

– А во гэтыя хлопчыкі, – паказвае Ганна Афанасьеўна на сваіх памочнікаў. – Без іх мы з дзедам прапалі б. Яны і адвязуць, куды трэба, і вады наносяць, калі на Набярэжнай жывём. Што ні папросім – дапамогуць, а то і самі прапануюць.

…72-гадовы Віталь Бандарык і 68-гадовы Сяргей Шэін побач з  Цішковымі і сапраўды – «хлопчыкі». Ім бы і самім пасцерагчыся ад небяспечнай інфекцыі – хоць і не адносяць сябе «мужчыны ў самым росквіце гадоў» да пажылых лю­дзей, усё ж у групу рызыкі ўваходзяць (зрэшты, хто ў яе цяпер не ўваходзіць?).

Але як пакінуць без дапамогі сяб­ра па шматгадовых нядзельных «пасядзелках» у гарадской парылцы? Іх нефармальнаму лазневаму таварыству, неафіцыйным старшынёй якога з’яўляецца Сяргей Шэін, ужо 35 гадоў. За гэты час нехта выбыў з яго па аб’ектыўных прычынах, нехта «ўліўся» ў суполку аматараў лёгкай пары і шчырых размоў, але касцяк на чале з аксакалам Іванам Андрыянавічам застаецца ня­зменным. Нават падчас  эпідэміі.

– У нашым калектыве аматараў лазні ў кожнага свае абавязкі ў адносінах да дзеда, як мы любоўна называем Івана Андрыянавіча, – расказвае Сяргей Шэін. – Мой клопат – прывезці яго ў лазню і адвезці дамоў, нехта павінен папарыць так, каб было і ў асалоду, і не шкодна, іншы – дапамагчы апрануцца… А ў яго адзін абавязак – радаваць нас сваёй прысутнасцю і добрым здароўем!

Вядома ж, астравецкія аматары лазні ратуюцца ад ковіду не толькі парылкай: у кожнага ў кішэні антысэптык, маска і пальчаткі, якімі яны карыстаюцца па меры неабходнасці.

Выпрацавалі яны і яшчэ адзін сродак барацьбы з каронавірусам.

– Галоўнае супрацьдзеянне любой хваробе, і гэтай інфекцыі ў тым ліку, – моцны імунітэт, – дзеліцца «сакрэтам» Віталь Бандарык. – А для яго ўмацавання, як вядома, асноўная ўмова – станоўчыя эмоцыі і аптымізм. Таму мы ва ўсім, што адбываецца, стараемся шукаць пазітыў. Менш глядзім тэлевізар, абмяжоўваем кантакты з «беднымі» людзьмі, якім усё дрэнна, – і часцей сустракаемся з сябрамі, стасункі з якімі ўздымаюць настрой.

…Віталь Бандарык і Сяргей Шэін – не сацыяльныя работнікі і не валанцёры – хоць пры жаданні іх можна было б прылічыць да гэтай катэгорыі. Гэтыя «хлопчыкі» па добрай волі дапамагаюць жыць і адчуваць радасць жыцця двум немаладым людзям – і не толькі ім.


Меркаванне эксперта

Аксана Барысевіч, псіхолаг (Мінск):

Борисевич.jpg

– З выхадам на пенсію людзі страчваюць ранейшыя кантакты. Нейкі час яны яшчэ імкнуцца іх падтрымліваць, але паступова кола ранейшых таварышаў-прыяцеляў усё больш звужаецца. Многія, асабліва людзі актыўныя, энергічныя, перажываюць гэта вельмі цяжка, ім здаецца, што пра іх усе забыліся, што яны нікому непатрэбны.

А ў цяперашняй сітуацыі гэта адчуваецца асабліва востра. Цудоўна, калі ў сям’і добрыя адносіны, узаемаразуменне і падтрымка. Але нават у гэтым выпадку людзі «трэцяга ўзросту» пакутуюць ад  недахопу стасункаў. І галоўнае, чаму можа і павінна навучыць пандэмія, – гэта ўменне захоўваць, знаходзіць і развіваць новыя  кантакты.

«Кожны дзень складаецца з маленькіх перамог над сабой»

Гісторыя амерыканска-гудагайская, пра ветэрана педагогікі Марыю Васілёнак.

2.jpg

Калі напачатку мінулага года пачалі гаварыць пра эпідэмію COVID-19, мала хто успрыняў небяспеку ўсур’ёз: ці мала чым нас палохалі?

Вось і Марыя Васілёнак прызнаецца, што ад навін з Кітая ніводная клетачка яе душы не здрыганулася – і, як было запланавана, 4 сакавіка яна адправілася ў Амерыку, каб пабачыцца з сынам, нявесткай, унучкамі, што жывуць там. 

– Ляцела праз Маскву – ні ў Шарамецьева, ні ў горадзе не было адчування, што нешта змянілася ў свеце: бясконцы паток пасажыраў і самалётаў, перапоўненае метро, шчыльны аўтамабільны і людскі паток, – расказвае Марыя Карлаўна. – А вось вашынгтонскі аэрапорт быў паўпустым. Прыляцела – і праз 4 дні ў ЗША было ўведзена надзвычайнае становішча. Усе ўстановы перайшлі на дыстанцыйную работу, закрылі ўсе месцы культурнага адпачынку, нават паркі і дзіцячыя пляцоўкі. 

Пра сусветнае шэсце каронавіруса дазнавалася з телевізара. Прызнаецца: было страшна і балюча глядзець, як у Нью-Ёрку велізарныя рэфрыжэратары вывозілі з бедных раёнаў сотні памерлых.

А ў невялікім «спальным» раёне ў штаце Нью-Джэрсі, куды яна прыехала, было спакойна як у бога за пазухай. Сын з нявесткай працавалі анлайн, старэйшая ўнучка вучылася праз  «Скайп», з меншай бабуля бесперашкодна гуляла па вуліцах, назіраючы, як дзясяткі людзей выхо­дзяць на прабежку або прагулку, выконваючы абавязковую ўмову – дыстанцыю. 

Але эканамічны крызіс, выкліканы пандэміяй, запланаванае вяртанне дамоў замест 2-х месяцаў адцягнуў на ўсе 4 – і толькі дзякуючы дапамозе беларускага пасольства ў чэрвені Марыя Карлаўна змагла вылецець з Нью-Ёрка ў Амстэрдам, а адтуль – у Мінск. 

– У самалёце да Амстэрдама пасажыраў рассадзілі ў шахматным парадку, сцюардэсы з’яўляліся ў салоне толькі па выкліку, а прадуктовы кулёк кожны знайшоў на сваім месцы, – успамінае яна дарогу дамоў. – У беларускім боінгу ўсё было па-ранейшаму: пасажыры сядзелі плячо ў плячо, кожны атрымаў ад сцюардаў бутэрброд і шклянку гарачай гарбаты ці кавы. У аэрапорце нам раздалі памяткі аб неабходнасці захоўваць самаізаляцыю. Усе рэкамендацыі я выконвала строга – першы час пасля вяртання маска заўсёды была са мной. Але паступова, здавалася, неабходнасць у ёй адпала. 

Але прыйшла восень – а з ёй і другая хваля каронавіруса. 

– Адна з самых крыўдных нязручнасцей, што прынесла пандэмія, – немагчымасць бачыцца з роднымі, асабліва тымі, хто жыве за мяжой, – жаліцца  мая суразмоўца. – Дзякуй Богу, што ёсць «Вайбер», «Скайп», але ўсё ж віртуальныя сустрэчы не заменяць асабовых стасункаў. Давялося адмовіцца і ад грамадскіх мерапрыемстваў. Я ўсёй душой прыкіпела да сябровак з вакальнай групы «Аксаміткі», што дзейнічае пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага  абслугоўвання насельніцтва. Аб’яднаў нас не толькі ўзрост і любоў да песні, але і агульныя ўспаміны пра маладосць, а яшчэ – прафесіяналізм музычнага кіраўніка. Са шкадаваннем давялося часова развітац­ца з шыкоўным лазневым комплексам у фізкультурна-аздараўленчым комплек­се, які быў для мяне адпачынкам і рэлаксацыяй. 

Чым жа ўсё гэта замяніць? Што засталося? 

Нямала, пераканана Марыя Карлаў­на. Яна лічыць, што карысць прыносіць толькі тое, ад чаго атрымліваеш задавальненне, перамогі над сабой, хоць бы невялікія. Сорак хвілін ранішняй гімнастыкі, 1,5 гадзіны вывучэння англійскай мовы, 2-гадзінная прагулка – гэтыя і іншыя «пераадоленні сябе» даюць ёй тое, што маладыя называюць словам «кайф». 

А яшчэ – кнігі. Для колішняга настаў­ніка-філолага яны былі сутнасцю пра­фесіі, а цяпер, па яе словах, не даюць «плеснявець» мозгу. За час пандэміі Марыя Карлаўна адкрыла для сябе добрых 2 дзясяткі цікавых беларускіх, рускіх, замежных аўтараў – між іншым, дзякуючы інтэрнэту, бо не кожную кнігу цяпер можна прачытаць у папяровым варыянце: купіць – дорага, а ў бібліятэцы ёсць далёка не ўсе навінкі. 

Не дае сумаваць і смартфон, які адны лічаць «пажырацелем»  часу, а другія – правадніком у свет нязведанага, у залежнасці хто для чаго яго выка­рыстоўвае. 

Словам, і ў час пандэміі Марыя Васі­лёнак выбірае паўнацэннае жыццё. І з тым, чым яго насыціць, праблем у жанчыны не ўзнікае.


Меркаванне эксперта

Аксана Свірская, загадчык аддзялення Астравецкага ТЦСАН:

Свирская.jpg

– Да пандэміі  аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў і людзей пажылога ўзросту вяло актыўнае жыццё: мы штодня збіраліся – у рукадзельніц былі свае заняткі, аматары песні аб’ядналіся ў калектыў «Аксаміткі», якім кіруе Васіль Карпец, танцорамі апекавалася Тамара Батура. Часта выбіраліся ў вандроўкі – па сваім раёне і  за яго межы.

Эпідэмія COVID-19 унесла карэктывы ў дзейнасць аддзялення. У нас няма вялікага памяшкання, дзе можна было б размясціць наведвальнікаў з улікам патрабаванняў сацыяльнага дыстанцыравання. Многія асцерагаюцца прыходзіць у цэнтр – і гэта зразумела. Таму стасункі звялі ў асноўным да тэлефонных размоў: звязваемся з падапечнымі ледзь не штодня – ім трэба пагаварыць, а мы імкнёмся даведацца, у чым яны маюць патрэбу. А Васіль Карпец і Тамара Батура працягваюць заняткі ў сваіх гуртках, толькі ў малых групах.

Вядома, усе ўжо засумавалі адзін па аднаму і з нецярплівасцю чакаюць, калі можна будзе зноў вярнуцца  да штодзённых сустрэч…

«Пайшлі грыбы – забылася пра пандэмію»

Гісторыя баранская, пра пенсіянерку  Яніну Ілюк.

3.jpg

Сямідзесяцісямігадовая жыхарка вёскі Барані Яніна Ілюк прызнаецца, што пандэмія, якая ў мінулым годзе паставіла на вушы ўвесь свет, у яе  жыццё асаблівых змяненняў не прынесла.

– А што нам той каронавірус? – паціс­кае яна плячыма. – Жывём у лесе, да Астраўца 60 кіламетраў, да Падольцаў – 7. У Баранях 13 жыхароў засталося, кожны сам па сабе. Два разы на ты­дзень ля аўталаўкі збіраемся – тады ўжо надзенем маску… А калі што большае трэба купіць, дык прашу сына ў горад адвезці, тады ўжо як патрабуюць: маску, пальчаткі, пшыкалку бяру з сабой…

Хоць пахвалявацца Ілюкам усё ж давялося: «каронай» захварэў сын, які жыве ў Падольцах, бацькі сталі кантактамі 1-га ўзроўню. Але Яніна Вітольдаўна ўспрыняла гэта хутчэй як прыгоду: прыязджалі з Астраўца людзі ў спецыяльных касцюмах, бралі тэсты – навіна на ўсю вёску! А ізаляцыя ў іх і без таго: жывуць на ўскрайку, амаль што ў лесе…

А як сыпанулі грыбы, то жанчына зусім забыла, што недзе ў свеце бушуе пандэмія: кожны дзень бегала ў лес за баравікамі ды лісічкамі – дзякаваць богу, навакольныя бары на іх шчодрыя.

Адзіная непрыемнасць, што прынесла Ілюкам пандэмія – тое, што з малодшым сынам, які жыве ў Літве, не бачыліся ўжо амаль год. За гэты час у яе там нарадзілася 2-е праўнукаў – а прабабуля яшчэ не патрымала іх на руках! Гэта Яніну Вітольдаўну засмучае больш за ўсё. 

Але недахоп рэальных стасункаў яна кам­­пенсуе перавагамі віртуальных – дзяка­ваць богу, у свой час асвоіла і планшэт, і смартфон. 

Яніна Вітольдаўна не разумее аднагодкаў, якія не ведаюць, як увесці пін-код у кнопачны тэлефон. 

– Думаю, што дзеці ў гэтым вінава­тыя, – выказвае меркаванне мая сураз­моўца. – Апусцілі бацькоў, лічаць, што яны нічога не вартыя. Дый не такія ўжо і старыя – ёсць маладзейшыя за мяне. Можна ж купіць ім недарагі смартфон ці свой стары аддаць, навучыць карыстацца. Як у сённяшнім свеце жыць без інтэрнэту – хоць маладым, хоць старым? Па сабе ведаю: як толькі зразумеюць, што гэта такое і якія магчымасці ён дае, то іх потым з сеціва і калом не выганіш!

З Янінай Вітольдаўнай, думаю, пагодзяцца многія пажылыя, якім сёння камп’ютар і інтэрнэт дапамагаюць перажыць ізаляцыю цікава і карысна: бясконца і, галоўнае, бясплатна абмяркоўваць жыццё і навіны з сябрамі і знаёмымі, асвоіць новыя захапленні ці ўдасканаліць існуючыя, чытаць кнігі і глядзець кіно. Калі вы яшчэ не ў іх ліку, тэрмінова далучайцеся, а то пандэмія хутка скончыцца і ў вас не будзе нагоды пасябраваць з бязмежнымі магчы­масцямі віртуальнага свету!


Меркаванне эксперта

Алена Дзямідава, дырэктар Цэнтра актыўнага даўгалецця (Мінск):

Демидова.jpg

– Калі мы аддаляемся ад сваіх пажылых бацькоў, бабуль і дзядуляў, стараючыся зберагчы іх ад інфекцыі, баімся лішні раз праведаць, дакрануцца, абняць, то прыносім ім яшчэ большую шкоду, чым магла б нанесці хвароба. Трэба разумець, што для людзей старэйшага пакалення адзінота не менш небяспечная, чым магчымасць захварэць, – яна пагражае іх псіхічнаму здароўю.

Калі ж ізаляцыя непазбежная, то часцей тэлефануйце пажылым бацькам, даўжэй размаўляйце з імі. Урэшце набярыцеся цярпення, знайдзіце час і навучыце іх карыстацца сучаснымі гаджэтамі – гэта вельмі аблегчыць іх і ваша жыццё.  

А пажылым хацелася б параіць клапаціцца не толькі пра сваё фізічнае, але і пра псіхічнае здароўе. Не варта заганяць сябе ў тупік страхамі: а што будзе, калі я раптам захварэю? Ад гэтай пастаяннай трывогі вы захварэеце яшчэ хутчэй… Старайцеся парадаваць сябе: купіце тое, пра што даўно марылі, паспрабуйце даведацца нешта новае. Паглядзіце на самаізаляцыю па-іншаму: магчыма, гэта нагода асвоіць новыя тэхналогіі, захапленні, нават прафесію. Зрэшты, навучыцца падарожнічаць анлайн, пабываць бясплатна на спектаклі ў Парыжскай оперы ці на экскурсіі ў Луўры. Калі яшчэ ў вас будзе такая магчымасць? 

Пандэмія каронавіруснай інфекцыі COVID-19 прынесла нам не толькі шмат нязручнасцей, непрыемнасцей, праблем, але і многаму навучыла.
Тым, вядома, хто хоча і ўмее вучыцца…

Текст: Нина Рыбик