Яніна Бразевіч працуе «кампаньёнкай»

08:15 / 05.01.2021

Усяго некалькі месяцаў Яніна Мар’янаўна Бразевіч працуе сядзелкай у Ніны Дзмітрыеўны Скубілавай. Прыходзіць 5 раз на тыдзень. Аднак і ў выхадныя яе не адпускае думка: як там мая Ніна, ці ўсё ў яе добра?..

І з самага ранку ў панядзелак жанчына зноў адчыніць клямку знаёмых дзвярэй…

– Гэта не проста сядзелка, – гаворыць Ніна Дзмітрыеўна. – Яніна мне як кампаньёнка. Мы з ёй і пра жыццё пагаворым, і тэлевізар разам паглядзім, і былое паўспамінаем… Яна і за лекамі падбяжыць у аптэку, і ў магазін падскочыць. Чысцюля! Бачыце, які ў мяне парадак, – адно дзела! Такія людзі – ад бога…

1.jpg

Пажылыя, быццам дзеці: ім трэба дапамагчы апрануцца, падняцца на ногі, прайсці па пакоі і нават паесці.

– І такое бывае, – працягвае жанчына. – Не хочацца мне снедаць, але Яніна ўгаворыць: трэба, бо моцы не будзе, і так ногі зусім не трымаюць. І я слухаю… Мы на адной мове з ёй гаворым.

З такім жа нецярпеннем, як Яніна Бразевіч спяшаецца на работу, чакае і Ніна Дзмітрыеўна прыходу сваёй «кампаньёнкі» – бо яна, і гэта галоўнае, «душу грэе».

На пытанне, што падштурхнула стаць сядзелкай, Мар’янаўна сціпла адказвае: жыццё.

– Моладзь з’язджае з вёсак, пакідае адных састарэлых бацькоў, дзядуль і бабуль або наведвае іх толькі зрэдку, – гаворыць жанчына. – Але аднойчы настае час, калі гэтага становіцца мала – і адзінокія людзі самі ўжо не спраўляюцца. Хто ж ім дапаможа?

…Сям’я Бразевіч ў Варняны пераехала з хутара, калі дачка была яшчэ маленькай. Яніна ўладкавалася ў інтэрнат у Дубніках, дзе адпрацавала 12 гадоў. А потым яго закрылі. «Якая розніца: у бальніцы быць санітаркай або на даму сядзелкай? – падумала жанчына. – Толькі ў тым, што там абслугоўваеш 15 чалавек, а тут за адным прыглядаць трэба».

Спачатку ездзіла ў Астравец, а калі з’явілася магчымасць дапамагаць камусьці ў Варнянах – з задавальненнем згадзілася. На месцы ўсё ж прасцей і спарней.

– Душа разрываецца, калі бачыш, якая яна, адзінота, – дрыжачым ад болю і жалю голасам гаворыць Яніна Мар’янаўна. – Колькі любові, цеплыні, жыццёвага вопыту можам і жадаем мы аддаць сваім дзецям і ўнукам. Толькі не ўсім гэта патрэбна. А часта здараецца, што і няма каму…

Пытаюся ў жанчын: якімі якасцямі павінна валодаць сядзелка? І яны наперабой адказваюць: добрая, старанная, акуратная, уважлівая і абавязкова добрасумленная…

– А галоўнае – чуць і разумець чалавека. Як умее і робіць мая Яніна,.. – падводзіць вынік нашай размовы Ніна Дзмітрыеўна.





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Ольга Хотянович