Ушанаванне лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі Астравеччыны адбылося ў кінаканцэртнай зале “Астравец”

09:25 / 30.11.2011

Яно было прымеркавана да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, які адзначаўся за тыдзень да таго.


Героямі дня ў мінулую пятніцу сталі лепшыя механізатары, жывёлаводы, спецыялісты, кіраўнікі гаспадарак — людзі, чыёй нялёгкай працай здабываецца хлеб наш надзённы. У іх адрас гучалі ў гэты дзень шчырыя словы падзякі і віншаванняў, яны атрымлівалі салідныя грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі, для іх гучалі песні ў выкананні лепшых астравецкіх артыстаў. А яны, такія ўпэўненыя і дзелавітыя за штурвалам камбайна ці на ферме, крыху ніякавелі на вялікай сцэне ад такой увагі і столькіх цёплых і прыгожых слоў у свой адрас. І тым не менш яны іх заслужылі – сваёй працай, майстэрствам, прафесіяналізмам.
— Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі, які адзначаўся ў мінулую нядзелю, для нашага раёна – сапраўды ўсенароднае, самае галоўнае свята, — сказаў, адкрываючы імпрэзу, старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька. – З 24 тысяч насельніцтва раёна 16 тысяч жыве ў сельскай мясцовасці, 3 тысячы чалавек заняты непасрэдна ў сферы сельгасвытворчасці – гэта амаль трэць усяго эканамічна актыўнага насельніцтва раёна. А ў кожнага з вясковых працаўнікоў ёсць сем’і, родныя, блізкія, знаёмыя, і для іх гэты дзень – таксама свята.
А затым на сцэну сталі падымацца лепшыя з лепшых — тыя, хто на працягу гэтага сельскагаспадарчага года дабіліся самых высокіх вынікаў у сваёй працы.





Найперш былі падведзены вынікі работы па ўсіх асноўных напрамках сельскагаспадарчай вытворчасці і ўзнагароджаны лепшыя гаспадаркі. Тут сапраўдным героем дня стаў СВК “Гудагай” – кааператыў быў прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых, заняў другое месца ў спаборніцтве па нарыхтоўцы кармоў і таксама другім стаў у спаборніцтве па выніках работы жывёлагадоўлі за 10 месяцаў года. Што і казаць – малайцы, гудагайцы! І віншаванні старшыня кааператыва Эдуард Іванавіч Садоўскі прымаў заслужана.



Двойчы прымаў віншаванні і старшыня сельгаскааператыва “Гервяты” Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі: гаспадарка заняла другое месца ў спаборніцтве на ўборцы збожжавых і стала трэцяй па выніках работы жывёлаводаў. Старшыня СВК “Варняны” Аляксандр Часлававіч Вярбовіч атрымаў ад імя ўсяго калектыву Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта і грашовую прэмію за дасягненне гаспадаркай найлепшых вынікаў у спаборніцтве па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, а старшыня СВК імя Гашкевіча Валянцін Часлававіч Далговіч – за першае месца, якога дасягнула яго гаспадарка ў спаборніцтве па нарыхтоўцы кармоў.
Былі адзначаны ў гэты дзень і лепшыя спецыялісты. Сярод аграномаў такім прызнаны Аляксандр Вацлававіч Габрукевіч, намеснік старшыні СВК “Гервяты”, сярод заатэхнікаў – яшчэ адзін намеснік кіраўніка гэтай жа гаспадаркі Андрэй Мар’янавіч Бушмовіч, лепшым ветурачом быў названы Уладзімір Віктаравіч Ярмак з СВК “Міхалішкі”, інжынерам – Павел Парфёнавіч Гваздоў з СВК “Гудагай”, эканамістам – Галіна Іосіфаўна Мілейша, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, бухгалтарам – Тарэса Іосіфаўна Пуховіч з СВК “Міхалішкі”, будаўніком – Эдуард Вікенцьевіч Безляповіч з СВК “Гудагай”.
Раённыя “Дажынкі”, на якіх традыцыйна ўшаноўваюцца лепшыя хлебаробы, пераможцы раённага спаборніцтва, сёлета не праводзіліся. І лепшыя з лепшых працаўнікоў раённага жніва атрымалі заслужаныя ўзнагароды на гэтым жа свяце. Сярод камбайнавых экіпажаў сёлета зноў не было роўных тандэму з СВК “Варняны” ў складзе Тадэвуша Іванавіча Юркойця і Анатоля Анатольевіча Асадчука – на камбайне “Лексіён-580” яны намалацілі 2645 умоўных тон збожжа. На другім месцы – іх адвечныя сапернікі з СВК “Гервяты” Віктар Мечыслававіч Міцкевіч і Дзмітрый Генадзьевіч Мізей, якія на такім жа камбайне намалацілі 1575 умоўных тон збожжа. На трэцім – яшчэ адзін гервяцкі экіпаж у складзе Сяргея Леанідавіча Філімоненкі і Аляксея Леанардавіча Махнача – яны на камбайне “Мега-208” намалацілі 1611 умоўных тон збожжа.
Лепшы маладзёжны экіпаж раёна працуе таксама ў СВК “Варняны” – гэта Віктар Антонавіч Вярбовіч і Станіслаў Адамавіч Кяжун. На другім месцы сярод маладых хлебаробаў – камбайнеры з СВК імя Гашкевіча Аляксандр Віктаравіч Мілейша і Аляксандр Станіслававіч Грымбоўскі. На трэцім – гервяцкія хлопцы: Андрэй Фёдаравіч Махонька і Аляксей Яраслававіч Фальбійчук.
Сярод вадзіцеляў, якія працавалі на адвозцы збожжа, дабіліся самых высокіх вынікаў і сталі пераможцамі раённага спаборніцтва Уладзімір Карлавіч Грынцэвіч з СВК “Варняны”, Генадзь Часлававіч Кардзіс з СВК “Гервяты”, Андрэй Леанідавіч Трыбоцкі з саўгаса “Падольскі”. Сярод маладых вадзіцеляў самам спрытным і працавітым аказаўся Ілья Іванавіч Мілаш з СВК “Варняны”. А сярод вадзіцеляў цэнтравывазу найлепшых вынікаў дасягнуў Генрых Францавіч Макевіч з сельгастэхнікі.
Лепшымі аператарамі сушыльных установак былі прызнаны Сяргей Мікалаевіч Рукойць з СВК “Міхалішкі” і Віталій Зыгмундавіч Андрушкевіч з СВК “Гудагай”.
Пераможцамі спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў сталі механізатар Віталій Станіслававіч Сцефановіч з СВК “Гервяты” і вадзіцель Руслан Генадзьевіч Свіла з СВК імя Гашкевіча.
Усе пераможцы раённага спаборніцтва атрымалі салідныя грашовыя прэміі. У іх ліку былі і механізатары Валерый Генрыхавіч Герасім з СВК “Гервяты”, Пётр Віктаравіч Рабкоўскі з СВК “Варняны”, Леанід Іванавіч Вайцюль з саўгаса “Падольскі”.
Былі адзначаны на свяце і кіраўнікі лепшых вытворчых участкаў: Вольга Іванаўна Кімса з СВК “Гервяты”, Галіна Генрыхаўна Грамбоўская з СВК “Гудагай”, Андрэй Паўлавіч Зінкевіч з СВК “Варняны”.
І кожны з пераможцаў спаборніцтва атрымаў заслужаныя прэміі разам са словамі падзякі за працу ад кіраўніка раёна Адама Дзмітрыевіча Кавалькі.
А затым надышла чарга прымаць віншаванні і грашовыя прэміі жывёлаводам. Яшчэ не так даўно, гадоў дзесяць назад, лепшымі аператарамі машыннага даення кароў прызнаваліся тыя, хто надаіў за год тры тысячы кілаграмаў малака – і такіх у раёне можна было пералічыць на пальцах адной рукі. А цяпер на сцэну былі запрошаны даяркі, якія толькі за дзесяць месяцаў года надаілі больш чым пяць тысяч кілаграмаў малака ад кожнай каровы – Людміла Раманаўна Ташкевіч, Генуэфа Уладзіміраўна Юцкевіч, Таццяна Іосіфаўна Вянгроўская, Таццяна Генадзьеўна Млынская, Зоя Паўлаўна Ціток, Алена Станіславаўна Васілеўская з СВК “Гудагай”, Ніна Віктараўна Алексеявец, Надзея Мечыславаўна Грамбоўская, Аліна Браніславаўна Штура, Наталля Віктараўна Гарунова, Яніна Рышардаўна Бараноўская з СВК “Гервяты”, Марына Уладзіміраўна Салагуб, Вольга Іванаўна Валэйка з СВК “Міхалішкі”. А надой Таццяны Раманаўны Жукоўскай з фермы Індрубка СВК “Гудагай” склаў за 10 месяцаў 5753 кілаграмы! Ды што там – на трох фермах раёна надой малака ад каровы склаў ужо больш чым пяць тысяч кілаграмаў малака – гэта фермы Палушы і Індрубка СВК “Гудагай”, і ферма Міхалішкі з гэтага ж кааператыва – іх загадчыкі, Раіса Анатольеўна Роцкая, Святлана Раманаўна Паршутовіч і Ганна Станіславаўна Бернюкевіч, таксама атрымалі прэміі і словы падзякі.







Заслужаныя ўзнагароды за сваю працу атрымалі даглядчыкі буйной рагатай жывёлы Святлана Вацлаваўна Кунігель, Марына Генадзьеўна Кірксава, Надзея Паўлаўна Жакун, Святлана Сцяпанаўна Сыс, Вера Пятроўна Кацяш, Ніна Іосіфаўна Лукойць з СВК “Геряты”, цялятніцы прафілакторыя Валянціна Іванаўна Паршутовіч з СВК імя Гашкевіча, Надзея Вікенцьеўна Сянюць з СВК “Варняны”, аператары па вырошчванню цялушак узнаўлення Іван Браніслававіч Сінкела з СВК “Варняны”, Аляксандр Эдвардавіч Руновіч з СВК “Міхалішкі”, Любоў Пятроўна Жакун з СВК “Гервяты”, аператары па вырошчванні свіней Тарэса Казіміраўна Ляховіч, Валянціна Іванаўна Калпак, Святлана Славаміраўна Якель – усе з СВК “Варняны”.




А таксама — працаўнікі і спецыялісты, без добрасумленнай працы якіх не атрымаліся б такія высокія вынікі ў жывёлагадоўлі: тэхнікі-асемянатары Галіна Рамуальдаўна Лукша і Уладзімір Мечыслававіч Кузьміцкі з селекцыйна-племяннога цэнтра, Анатолій Генрыхавіч Сільвановіч з СВК “Гудагай” і Галіна Тадэвушаўна Гарбачова з саўгаса “Падольскі”; урачы — гінеколагі і ветэрынарныя: Дзмітрый Іосіфавіч Бародка з СВК “Гервяты”, Ала Іванаўна Казлоўская з СВК “Варняны”, Аляксандр Браніслававіч Цвірко з ветстанцыі, Анатоль Людвікавіч Чарнушэвіч з селекцыйна-племяннога цэнтра; аператары па абслугоўванні даільнага абсталявання Іван Іванавіч Яраш з СВК імя Гашкевіча і Сяргей Аляксеевіч Сівак з саўгаса “Падольскі”; пастухі-даглядчыкі Іван Францавіч Козіч з СВК імя Гашкевіча і Казімір Іванавіч Максімовіч з саўгаса “Падольскі”, Алег Альгердавіч Лаздоўскі з СВК “Міхалішкі”, Генадзь Іванавіч Кузьмітовіч з СВК “Варняны”.






Падзячнымі пісьмамі старшыні раённага выканаўчага камітэта былі адзначаны многія спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і кіраўнікі арганізацый, абслугоўваючых сельскую гаспадарку. Спецыяльна прыехаў з Гродна, каб уручыць узнагароды лепшым працаўнікам сельскай гаспадаркі, старшыня абласнога камітэта прафсаюзаў работнікаў аграпрымысловага комплексу Валянцін Мікалаевіч Пракопік. З віншаваннямі і прэміямі прыйшоў на свята і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Канстанцінавіч Грыцкевіч. Свае падарункі прывезлі і калегі з перапрацоўваючых прадпрыемстваў – ААТ “Смаргонскія малочныя прадукты”, Ашмянскага мясакамбіната, Ашмянскага сыраробчага камбіната.



А агульным падарункам для тых, хто быў запрошаны ў мінулую пятніцу ў кінканцэртную залу “Астравец”, сталі музычныя нумары ў выкананні лепшых артыстаў Астравеччыны і канцэртная праграма, падрыхтаваная калектывам мастацкай самадзейнасці Ашмянскай мытні.


Ніна РЫБІК.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.