Запалі агеньчык дабрыні. 2 снежня ў Астраўцы пройдзе дабрачынны канцэрт

13:34 / 29.11.2011

Вось ужо трэці год напярэдадні Дня інвалідаў у нашым раёне арганізоўваецца дабрачынны канцэрт у падтрымку цяжка хворых дзяцей і маладых людзей. Прызнацца, я кожны раз з хваляваннем чакаю гэтай падзеі, бо ведаю, што сэрца зноў будзе перапаўняцца самымі рознымі пачуццямі. І болем – за тых, для каго жыццё пераўтварылася ў барацьбу за гэтае самае жыццё. І радасцю – што свет поўны міласэрных людзей, у сэрцах якіх гарыць агеньчык дабрыні. А яшчэ ўдзячнасцю арганізатарам акцыі – аддзелу культуры райвыканкама і тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання – за тое, што яны прадастаўляюць магчымасць нам, людзям часта занятым і засяроджаным на сваіх клопатах, узяцца за рукі і зрабіць добрую справу, пасля чаго на душы становіцца святлей.


Канешне, мы не ў сілах зрабіць так, каб аднойчы бацькі хворых дзяцей прачнуліся і зразумелі, што страшны дыягназ, боль, пакуты – усё гэта толькі сон, а на самой справе ў іх самае звычайнае жыццё і самыя звычайныя дзеці з разбітымі каленкамі, двойкамі ў дзённіку і з поўнымі слёз вачамі толькі з-за таго, што ім не купілі машынку ці ляльку. Цудаў тварыць мы не ўмеем. Але ж можам дапамагчы бацькам. Добрым словам. Ці матэрыяльнай падтрымкай, якая будзе так дарэчы ва ўмовах дарагавізны лякарстваў і сродкаў асабістай гігіены.
А дапамагчы можна вельмі проста: купіць білет за 10 тысяч рублёў на дабрачынны канцэрт “Сагрэем дзіцячыя сэрцы”, які адбудзецца 2 снежня ў 17.00 у кінаканцэртнай зале “Астравец”. Сабраныя грошы – ад продажу білетаў, добраахвотныя ахвяраванні звычайных грамадзян і арганізацый раёна – будуць перададзены сем’ям, дзе растуць дзеці і маладыя людзі з дыягназам дзіцячы цэрэбральны параліч – такіх у нашым раёне 13 чалавек.
Паколькі мінулагоднія дабрачынныя канцэрты праходзілі ў падтрымку анкалагічна хворых дзяцей, якіх у нашым раёне чацвёра, было вырашана і сёлета прадоўжыць гэтую акцыю. Падчас канцэрта можна будзе перадаць грошы і сродкі асабістай гігіены для гэтых дзетак – збіраць іх будуць валанцёры “Чырвонага крыжа” ў фае кінаканцэртнай залы. А рабяты з аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў правядуць выстаўку-кірмаш вырабаў, зробленых сваімі рукамі. Усе сабраныя грошы пойдуць на падарункі на Новы год для анкалагічна хворых дзяцей.
Дабрачынны распродаж сваіх вырабаў правядзе ў фае кінаканцэртнай залы і Дом рамёстваў. Купіце сабе на памяць сувенір – і будзьце ўпэўнены, што вашы грошы пойдуць на дапамогу дзецям з ДЦП.
Далучайцеся да акцыі! Не заставайцеся раўнадушнымі! Бо крыніца дабра – міласэрнасць!


Жадаючыя дапамагчы хворым дзецям могуць пералічыць грошы на пазабюджэтны рахунак аддзела культуры № 3632522000084 у ЦБУ №417 г.п. Астравец філіяла 423 ААТ “АСБ Беларусбанк” г. Смаргонь, код 504, УНП 500019134.
Білеты на дабрачынны канцэрт будуць прадавацца з 28 лістапада ў старым будынку РДК.


Вольга ШОЎКУН.