Навошта бабулі смартфон?

15:59 / 14.12.2020
«Форс-мажор калі-небудзь здараецца ў кожнага», – гэтак я супакойвала сябе, калі, прыехаўшы ў Барані да Яніны Ілюк, высветліла, што забыла фотаапарат і дыктафон… Нічога, смартфон мне ў дапамогу! Там ёсць усё патрэбнае.

1.jpg

Але гаджэт з’едліва паказаў, што зарад батарэі складае толькі 5%. 
Убачыўшы маю разгубленасць, Яніна Вітольдаўна прапанавала:
– Вазьміце маё зараднае... 
І дастала амаль такі ж смартфон, як у мяне…
Каб зразумець маё здзіўленне, трэба ведаць, што Яніне 77 гадоў. І жыве яна ў амаль апусцелай вёсцы сярод лесу.
Перабраўшы ў галерэі свайго смартфона фотаздымкі, жанчына паказала мне і праўнука, і аленя, што нядаўна прыходзіў да іх сядзібы, і кветнік, які буяў летам пад вокнамі, і буйства архідэй, і свае грыбныя трафеі – тое, што я ўпадабала, тут жа пераслала на мой тэлефон.
– Інтэрнэт у нас слабаваты, – пажалілася жанчына. – Чула, што можна купіць узмацняльнік, трэба папрасіць унучку, каб заказала…
– І даўно вы так ліха ўпраў­ляецеся з гаджэтамі? – паціка­вілася я.
– Ды гадоў 5 ужо, – махнула рукой Яніна. – Неяк сын прыехаў з планшэтам, я паглядзела, якія ў яго магчымасці, загарэлася і папрасіла, каб і мне купіў. А як смартфоны з’явіліся, дык і планшэт не трэба: увесь свет у цябе ў кішэні! Захачу нешта новае прыгатаваць – спытаю ў «гугла»: ён мне 20 ці 30 рэцэптаў выдасць – выбірай, што больш даспадобы. Сын з Літвы з-за ковіду з лютага не прыязджаў, але мы заўсёды на сувязі. Што ні кажыце, а добрая гэта справа, карысная… Я ўжо і не ўяўляю, як без інтэрнэту жыла.
…А я падумала: як часта людзі «залатога ўзросту» самі сябе абмяжоўваюць, не жадаючы асвойваць новую тэхніку. Яны прыдумляюць сотні прычын, каб не ўзяць у рукі сучасны сродак сувязі. 
«Гэта дорага, не з маёй пенсіяй!» Але ж купіць камп’ю­тар ці смартфон можна ў крэдыт ці растэрміноўку. Да таго ж дзеці могуць зрабіць вам такі падарунак на дзень нараджэння ці Новы год – ці ж вы не заслужылі? Можа, нават не новы, калі лічаць, што для бацькоў сучасная тэхніка – занадта «крутая».
«Мне і так добра, ёсць кнопачная «Нокіа» – пазваніць, каму трэба, хапае». Але ўспомніце – не так даўно і кнопачны тэлефон уяўляўся непатрэбнай раскошай. А яшчэ раней – і хатні: навошта? І тэлевізары, і пральныя машыны, і газавыя пліты – сёння гэта цяжка ўявіць. Можна, вядома, і цяпер ездзіць на кані і гатаваць ежу на вогнішчы – але навошта, калі можна ўсё зрабіць хутчэй, зручней, лягчэй?
«Гэтыя камп’ютары, тэлефоны, інтэрнэт толькі час крадуць». А размовы па хатнім тэлефоне, балбатня з суседкай на лавачцы ці серыялы не крадуць? І ці так моцна занятыя нашы пенсіянеры, каб берагчы час? Да таго ж на што яго патраціць, уключыўшы камп’ютар, – на раскладванне пасьянсаў, перапіску ў сацыяльных сетках, прагляд цікавага кінафільма ці спектакля, асваення новага занятку ці майстар-клас па ўдасканаленні любімага хобі – кожны вырашае сам.
«Лічу за лепшае стасавацца рэаль­на, а не віртуальна». Дык хто ж перашкаджае? Але, паклаўшы руку на сэрца,  – ці часта вы адведвалі сяброў, што жывуць на суседняй вуліцы, не кажучы ўжо пра іншы горад ці вёску, а тым больш – пра іншыя краіны? А так паставілі сэрцайка ці ўсмешку пад фотаздымкам, напісалі пару радкоў –  нібы прывітанне перадалі. Сябар ведае, што ў вас усё ў парадку, і вы пра яго – таксама. 
«Ды я ўжо не здолею – мазгі зусім не вараць». А вы спрабавалі? Гэта толькі на першы погляд здаецца, што камп’ютар ці яго кішэнны варыянт – смартфон – такія страшныя звяры, да якіх без намордніка не падысці. А на самой справе ўсё вырашальна. Ну, на першым часе нехта маладзейшы пакажа, што да чаго, а пасля самым верным спосабам асваення новага – метадам «тыку» – усяму навучыцеся. Успомніце тых вашых знаёмых, што гуляюць вечарамі па прасторах інтэрнэту – няўжо ў вас не атрымаецца так жа? Да таго ж, як сцвярджаюць урачы, асваенне новага ў сталым узросце – цудоўная прафілактыка дэменцыі, якой так баяцца пажылыя людзі.
Прычына ж страху перад сучаснымі гаджэтамі, мне здаецца, іншая і яна намнога прасцейшая: боязь выйсці з зоны камфорту.  Бо трэба ж вучыцца, пытаць, запамінаць… Але, паверце, вынік варты гэтых намаганняў!
Уяўляю, колькі равеснікаў Яніны Ілюк, ды што там – нашмат мала­дзейшых за яе, пачытаўшы гэтыя радкі, скажуць: жыццё пражылі без гэтых смартфонаў і інтэрнэтаў – і дажываць без іх будзем!
Хто ж спрачаецца. Але калі жыць паўнацэнным жыццём – то чаму б і не разнастаіць яго, не зрабіць больш цікавым, насычаным, карысным? Асабліва цяпер, калі ў перыяд эпідэміі каронавіруса моцна абмежаваны стасункі не тое што з сябрамі маладосці, але і з блізкімі родзічамі. 
Тым больш што невядома, колькі яшчэ давядзецца «дажываць»… Можа, за гэты час можна не толькі сучасны смартфон асвоіць, а і новую прафесію з яго дапамогай набыць.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик