Як праходзіла калектывізацыя ў Астравецкім раёне

17:31 / 13.12.2020
Матэрыялы праекта «Гісторыя газетным радком» не выходзілі больш чым паўгода. Гэтаму ёсць дзве прычыны. 

Першая – аб’ектыўная: эпідэмія каронавіруснай інфекцыі COVID-19 зрабіла практычна немагчымай работу ў Нацыянальнай бібліятэцы, дзе ў старых падшыўках газеты, тады яшчэ «Сталінскай праўды», мы чэрпалі інфармацыю аб жыцці раёна ў пасляваенныя гады.

Другая – суб’ектыўная: публікацыя першых артыкулаў па гэтай тэме не выклікала водгукаў чытачоў – ні станоўчых, ні крытычных. Здавалася, што людзям не цікава, што адбывалася на гэтай тэрыторыі 70 гадоў таму з незнаёмымі ў большасці сваёй людзьмі.  Тады навошта займацца марнай працай?

Але, расказваючы, за што яны любяць і чаму выпісваюць «Астравецкую праўду», нашы чытачы раз-пораз сталі ўзгадваць гэты праект – і было вырашана вярнуцца да гісторыі роднага краю, занатаванай на газетных старонках.

Такім чынам, аналізуем, чым жыла Астравеччына ў 1949 годзе.

Здабыткі

Першы нумар «Сталінскай праўды» за 1949 год выйшаў у су­боту, 1 студзеня, і быў пры­свечаны 30-годдзю ўт­ва­­рэння Беларускай СССР, а не навагодняму святу, пра якое нагадваў толь­кі малюнак маладзенькага 1949 года, які прымае справа­здачу аб ураджаі ў старога, 1948-га, і абяцае, што «Мы даб’ёмся боль­шага»

1.jpg


Гэтай падзеі прысвечана цэ­лая старонка мясцовых матэ­рыялаў, з якіх можна даведацца, што на той час у Астравецкім раёне было:

● 63 школы, у якіх займалася 5 190 вучняў, 

● дзейнічала 47 гандлёвых кропак, 

● мелася 11 медыцынскіх устаноў, 

● працаваў раённы Дом культуры, 3 сельскіх – у Варнянах, Гервятах і Міхалішках, а таксама клуб у вёсцы Дзягенева,

● 11 хат-чытальняў, 

● адна стацыянарная і 2 перасоўныя кінаўстаноўкі, 

● 2 радыёвузлы – у райцэнтры і ў Варнянах (рэпрадуктары меліся ў 256 дамах). 

Пасля вайны ў райцэнтры пабудавалі новы цагельны завод і асвоілі выпуск ганчарнага і алюмініевага посуду.

Калекты­ві­зацыя

Гэты год стаў часам масавага стварэння калгасаў на Астравеччыне. 

Справа гэтая, па ўспамінах старажылаў, ішла туга – ніхто не хацеў аддаваць сваю зямлю і нажытае дабро ў «агульны кацёл». Арганізацыйныя сходы цягнуліся суткамі, былі і ўгаворы, і пагрозы. З таго часу ўспамінаюць анекдатычны выпадак, які адбыўся на сходзе ў вёсцы Байканы, калі, выслухаўшы ўсе аргументы за калектыўную гаспадарку, Андрэй Пешкур прапанаваў упаўнаважанаму з раёна: «Пан таварыш бальшавік, мы ж не супраць калгасаў. Хай калгас будзе – але не ў нашай вёсцы».  Пра яго газета, вядома ж, не пісала.

Але альтэрнатывы калгасам не было. Дакладней, была адна – Сі­бір. І тыя, хто першым зразумеў гэта, наадварот, імкнуліся запісацца ў калектыўную гаспадарку. Ды не ўсе паспявалі. У заметцы «Кулак імкнуўся прабрацца ў калгас» («СП» за 6 лютага) П. Харытонаў расказвае, як працаўнікі калгаса «Чырвоная зорка» Байканскага сельсавета не прынялі ў свае рады Генрыха Раманоўскага, бо той «на працягу доўгіх год жыцця карыстаўся наёмнай рабочай сілай, меў у сваім карыстанні шмат зямлі і гаспадарчыя машыны». У райвыканкам пайшло хадайніцтва аб аднясенні гаспадаркі Генрыха Раманоўскага да кулацкіх – варта думаць, што лёс яго сям’ю чакаў незайздросны…  

Практычна ў кожным нумары газеты паведамлялася, што ў той ці іншай вёсцы створаны новы калгас. У пачатку 1949 года яны з’явіліся ў Навасадах, Міжанах, Слабодцы, Міхалішках, Палушах, Байканах, Бабраўніках, Новай Вёсцы. 

IMG_4558.jpg

У №20 за 3 сакавіка расказ­ваецца пра першы з’езд кал­гаснікаў раёна (ужо не сялян, як было ў папярэднія гады). Прыводзяцца ўрыўкі з выступленняў старшынь калгасаў «Чырвоная зорка» Байканскага сельсавета Дарашкевіча, імя Молатава Гервяцкага сельсавета Барта­шэ­віча, імя Варашылава Варнян­скага сельсавета Шыманца (дарэчы, перад тым узнагаро­джанага ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга). Старшыня калгаса імя Сталіна Апанасевіч паведамляе, што «…калгас мае ўсе магчымасці для абсталявання сваёй электрастанцыі на р. Лошы і мы зробім усё для таго, каб у гэтым годзе (…) правесці электрычнае святло ў дамы калгаснікаў».

Перад пасяўной калекты­візацыя на нейкі час прыпы­нілася, а калі сяляне адсеяліся, зноў узяліся ўсё абагульняць. У чэрвені створаны калгасы ў Дайлідках, Тартаку, Вароне, Рукшанах, Сакалойцях, Чэхах, Рымдзюнах, Міцюнах. У №71 за 4 верасня паведамляецца, што ў раёне ўтвораны 36 кал­гасаў, прычым 21 – ужо пасля пасяўной.

У №49 за 19 чэрвеня «Ста­лінская праўда» паведамляла, што маладыя гаспадаркі набываюць новыя жняяркі – іх купілі калгасы імя Кірава, «Перамога», «Звязда», імя Молатава – усяго  ў раёне налічвалася 11 жняярак і чакалася яшчэ адна партыя. А ў №75 за 18 верасня зме­шчана навіна, што калгасы імя Молатава і імя Варашылава за ўласныя сродкі набылі грузавыя аўтамабілі. 

Лепшыя працаўнікі сельскай гаспадаркі адзначаліся высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. У №41 раённай газеты за 19 мая  ў заметцы «Узнагароджан­не пера­давікоў сельскай гаспа­дар­кі раёна» паведамляецца, што Станіслаў Сінкевіч з калгаса імя Вара­шылава атрымаў ме­даль «За працоўную доблесць», Ванда Бартасевіч, Марыя Вашкевіч, Ніна Літвін з кал­гаса імя Молатава – медалі «За працоўную адзнаку». Усяго з калгасаў імя Варашылава і імя Молатава дзяржаўныя ўзнагароды атрымала 9 чалавек. А ў чэрвені ордэнам Леніна ўзнагароджана звеннявая па вырошчванні лёну калгаса імя Сталіна Ганна Сяргееўна Глазунова, звяно якой на 4 гектарах атрымала па 8,6 цэнтнера валакна і 5,6 цэнтнера льнасемя. Жанчыны з гэтага звяна Вольга Данілаўна Архіпенка, Соф’я Аляксандраўна Бледная, Ганна Феліксаўна Пашкевіч, Анаста­сія Антонаўна Рабухіна ўзна­га­роджаны ордэнамі Працоў­нага Чырвонага Сцяга.

2.jpg

«Назву калгасу я прыдумала»

Пра тое, як арганізоўвалі калгас у Вароне, расказвае Фаіна Іванаўна Дакутовіч.

– Як пачалі калгасы арга­ні­зоўваць, то я першая запі­са­лася. А што рабіць? Я ў Варону пры­ехала з Віцебшчыны, вёску нашу спалілі, усе родныя загінулі, я адна, як палец… Тут працаваў участковым мамін стрыечны брат, ён сваіх забраў з папялішчаў, а потым і мяне. Замуж у Вароне пайшла за Юлюка Дакутовіча – пабраліся голы з босым. 

А тут – калгасы. Што мне губ­ляць? Першымі заявы падалі старшыня сельсавета Малання Сянюць, я, Франц Макевіч – ён, як прыйшоў з вайны, з сынам у «ястрабкі» запісаўся, у яго бандыты матку і сястру застрэлілі. Ды яшчэ Фомка – ён у вёску пасля вайны прыбіўся. Старшынёй Маке­віча выбралі. А майго мужыка бухгалтарам прызначылі – Юлюк дарма што толькі 4 класы скончыў, а вельмі граматны быў.

Зямлю сваю аддалі – нам сель­савет 2 гектары нарэзаў, і каня, і карову – як усе. Мяне адразу ў праўленне выбралі. Я і свінаркай была, і конюхам, і даяркай. Каторыя падкормлівалі свайго жарабца ці кабылку – шкадавалі. Жанчыны прыходзілі, прасіліся: «Фенечка, пакажы маю кароўку». А мне што, шкада? Абдыме за шыю тую карову ды як стане галасіць…  А як мяне часта клялі, што даіла іх кароў.

А потым у калгас багацейшыя сталі прасіцца – каб не выслалі. Рамашы такія прыйшлі. Яны ўгаварылі настаўніка Доваля стаць старшынёй. Надта ён разумны быў! Толькі хутка ў Літву, у Лаварышкі, з’ехаў. А тады ўжо Купрэвіча прыслалі. Ён прыехаў, калі ўжо лягчэй было, людзі прывыклі, ніхто супраць калгасаў не выступаў. А перш усяго хапала: і вокны білі, і плявалі ўслед. 

Я ж нашаму калгасу, можна сказаць, назву дала. Прыехаў упаўнаважаны з раёна, Крына, сход праводзіць, пытае: «Як калгас назавём?» Усе сядзяць, маўчаць, а я руку падымаю: «Давайце назавём яго Карл Маркс». «Ну што ж, добрая назва», – кажа Крына.  За тое мяне кумой калхознай празвалі, што калгас «ахрысціла». 

Як стаў калгас надзелы, што ў людзей забралі, заворваць, то камянямі ў трактарыста кі­далі. Віцька Дубіцкі клаўся пад колы, каб трактар не пайшоў. Тады нехта ў міліцыю пазваніў, і Віцюка забралі, у турму пасадзілі, мусіць, год ці паўтара яму далі.

А я ў актывістках доўга была. Выклікаюць у раён на сход, то каня запрагу, дзяцей у воз пасаджу – і едзем у Астравец. Каня навяжу каля хаты, што побач з касцёлам стаяла, дам малым хлеба, малака бутэльку налію – яны і бавяцца ў возе, пакуль матка засядае. Хлеб каню скормяць, самі малака нап’юцца – і тое добра. 

Потым, як наш калгас у «Полацкі тракт» перайменавалі, моцна шкадавала: такая харошая назва была! Помнік Карлу Марксу стаяў, ёлачкі мы каля канторы з Кухарчыкам садзілі, на Новы год іх агеньчыкамі прыбіралі. І каму што перашка­джала?..



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик