Як Тамара ледзь з мужам не развялася

15:43 / 24.01.2020

Разные житейские истории – веселые и грустные, поучительные и «ни о чем» – вы можете присылать нам на обычную (Островец, ул. Энгельса, 2А) или электронную ostrov_red@tut.by почту, воспользовавшись баннером «Предложить новость» на главной странице сайта ostrovets.by в правом нижнем углу или оставив сообщение в группах «Островецкой правды» в социальных сетях.

Ваши истории будут опубликованы на сайте газеты и в социальных сетях, а лучше – напечатаны на страницах «Островецкой правды».

1.jpg


У Тамары ў сям'і ўсё было ў парадку: любячы і каханы муж, дзеці-пагодкі. А вось у яе аднакурсніцы Валі, што жыла ў суседнім горадзе, усё дакладна наадварот. Не раз і не два тая жалілася сяброўцы на гуляку-мужа, на злую свякроўку і сына, што «бацькавы кропелькі падабраў». 

Аднойчы яна патэлефанавала ў роспачы: усё, сіл больш няма, буду падаваць на развод. Трэба толькі даведацца, якія дакументы для гэтага патрэбны.

Памяркоўная Тамара астудзіла пыл сяброўкі:

– Пачакай, не спяшайся. Цябе ў тваім горадзе ўсе ведаюць – навошта свяціцца, нагоду для плётак даваць. Давай лепш я ўсё даведаюся пра дакументы.

Пра тое, што і яе ў родным гора­дзе ведаюць як аблупленую, Тамара не падумала: яна ж не для сябе інфармацыю збірае, а для сяброўкі! 

Назаўтра яна пайшла ў суд і высветліла, якія дакументы патрэбны, каб падаць на развод, запісала ў нататнік і з пачуццём выкананага абвязку далажыла сяброўцы, што ды як. Тая, праўда, ужо разводзіцца перадумала – але за інфармацыю падзякавала.

А дні праз тры Тамарын муж прыйшоў на абед змрочны, як хмара.

– Дык што, на развод падаеш? – з парога спытаў ён жонку.

– Хто? На які развод? З кім? – не магла зразумець Тамара, пра што гаворыць муж.

– Ну вядома, хто – ты! І вядома з кім – са мной, – паціснуў плячыма Павел.

– Дурань ты! – выпаліла Тамара і, пакрыўджаная беспадстаўнымі прыдзіркамі, ляснуўшы дзвярыма, пабегла на работу.

Там яе сустрэла калега, немаладая ўжо жанчына, і, адвёўшы ўбок, стала ціхенька шаптаць:

– Тамарачка, паслухай мяне, дзіцятка, і не крыўдуй. Ты маладая, я старэйшая – больш пабачыла, лепей у людзях разбіраюся. У жыцці рознае здараецца, але ж недзе трэба патрываць, нешта дараваць. Павел твой харошы чалавек – цябе любіць і дзяцей. Калі нават нешта здарылася, не пары гарачку, не падавай на развод… 

– Ды вы што, з глузду ўсе сёння з’ехалі!? – ускінулася жанчына. – Пра які развод вы ўсе гаворыце?!

– А хто яшчэ гаворыць? – асцярожна пацікавілася старэйшая калега.

– Дык сёння ў абед з Паўлам па­сварылася, таксама пра нейкі развод плявузгаў.

– Пачакай, – задумалася старэйшая жанчына. – Але ж ты днямі хадзіла ў суд? Дакументамі пра развод цікавілася?

– Ну хадзіла, цікавілася, – пацвердзіла Тамара. – Але не для сябе, а для іншага чалавека. 

– Авохці мне! – пляснула рукамі Аляксееўна. – А людзі ж, бачыш ты, што падумалі-прыдумалі… Ты вось што – вечарам абавязкова мужу пра ўсё раскажы і прабачэння папрасі. А то каб твая дабрыня табе бокам не вылезла.

Тамара і сапраўды ўсё расказала мужу – і яны разам пасмяяліся над пільнымі землякамі.

Дарэчы, жыццё Тамара з Паўлам, як і яе сяброўка з мужам, пражылі доўгае, а ўжо наколькі шчаслівае – дык гэта гледзячы на тое, хто што ў гэтае паняцце ўкладвае.

Але Тамара цяпер усім дае бясплатную параду: перш чым дапамагаць іншым уладкоўваць жыццё – падумайце, як гэта можа адбіцца на вашым.

Тамара РАБІНКІНА


Текст: Главный администратор