Прыгожа жыць не забароніш!!

10:09 / 28.10.2019

Разные житейские истории – веселые и грустные, поучительные и «ни о чем» – вы можете присылать нам на обычную (Островец, ул. Энгельса, 2А) или электронную ostrov_red@tut.by почту, воспользовавшись баннером «Предложить новость» на главной странице сайта ostrovets.by в правом нижнем углу или оставив сообщение в группах «Островецкой правды» в социальных сетях.

Ваши истории будут опубликованы на сайте газеты и в социальных сетях, а лучше – напечатаны на страницах «Островецкой правды».

1.jpg


Хлопцы са Слабодкі, якая, хоць і ўвайшла ўжо ў мяжу горада, асаблівых выгод не мае – пасля зарплаты неяк «загудзелі». А ў такім стане, як вядома, колькі гарэлкі ні купі, усё роўна не хопіць. Вось і ў сяброў наступіў той момант, калі душа патрабавала прадаўжэння банкету, а тара апусцела.

– Давай зганяем у Гудагай і «дазаправімся», – прапанаваў адзін.

– Ды не пытанне! – падтрымаў сябар. – Вось толькі на чым? За руль жа зараз не сядзеш – у момант без правоў і без працы застанешся…

– Таксі закажам – грошы ж ёсць, – прапанаваў выйсце з сітуацыі першы.

Кароткі нумар для выкліку таксі ведае, напэўна, кожны.

Але дыспетчар «палёт душы» сасмяглых сябрукоў падзяліць не схацела – ці, хутчэй, не змагла.

– Усе машыны на выездзе, – расчаравала яна сабутэльнікаў. – Вольны толькі лімузін…

– Ды хоць трактар – абы ў Гудагай адвёз, – хвіліну параіўшыся, пагадзіліся сябры.

Сапраўды, якая розніца, «Жыгулі»- «капейка» ці лімузін, калі душа патрабуе свята! Асабліва калі розніцы паміж імі не ведаеш…

Слабодка такой машыны яшчэ, мусіць не бачыла: дзевяцімятровы прыгажун выруліў на вясковую вуліцу і спыніўся ля патрэбнага дома. Сябры ў захапленні («Мы, калгаснікі, – і на такой машыне?! Ото ж пашанцавала!») уваліліся ў салон – ну не раўнуючы, што дзедава гумно – і з шыкам рушылі ў Гудагай.

– Ды тут жа жыць можна! – захапляліся, едучы. – Глядзі, якія сядушкі! І столік – як у рэстаране… І не горача… От жа ездзяць паны… А сёння і мы з табой… А што мы, горшыя, менш працуем, ці што?

Пакуль абмеркавалі ўсе выгоды цуда-машыны, лімузін спыніўся, дзе заказвалі – ля крамы ў Гудагаі. Пад здзіўленымі позіркамі стрэчных сябры ў гумовых шлёпанцах на босую нагу і джынсах не першай свежасці выкуліліся з машыны

– Колькі з нас? – царскім жэстам адкрыў патрапаны кашалёк старэйшы.

– Шэсцьсот тысяч рублёў, – адказаў вадзіцель.

– Колькі-колькі? – сківіцы ў абодвух адвіслі амаль да пупа.

– Шэсцьсот тысяч, – спакойна паўтарыў таксіст. – Усе па лічыльніку. Майце на ўвазе: не заплаціце – міліцыю паклічу.

…Давялося заплаціць. Сябры на хаду працверазелі і ў момант забыліся, за чым ехалі ў Гудагай. Толькі потым яшчэ доўга падлічвалі, колькі піва, віна, гарэлкі і нават каньяку яны маглі бы выпіць за тыя грошы, за якія прыехалі са Слабодкі ў Гудагай.

А яшчэ даўжэй адбіваліся да кпінаў аднавяскоўцаў і калег, якія ўсё прасілі расказаць, ці добра катацца ў лімузіне?

Алесь ЗАЛІВАЙКА

Текст: Главный администратор