Звяры – як людзі... Ці наадварот?

17:13 / 17.03.2011
Аўтарскі ракурс Таісы Сямёнавай

Здаецца, мы з мужам капітальна “падселі” на тэлеканал “Animal planet” – проста скарбонка пазнавальнасці, асабліва для юных натуралістаў. А для нас крыніцай станоўчых эмоцый служаць перадачы “Паліцыя па абароне жывёл Хьюстана”, а таксама пра маладога ветэрынара, які вандруе па краінах “трэцяга свету”,  лечыць  жывёлу ў заапарках і гаспадарках туземцаў, пра таварыствы абароны жывёл і прыватныя прытулкі для іх у Англіі, работу ветэрынарных клінік…


І вось што ўражвае: там, на гэтым “дзікім Захадзе”, каты зусім не дзікія, нават калі яны доўгі час жылі ў закінутым доме, сабакі не агрэсіўныя, хаця  адлоўлены як бадзялыя. Яны мірна паводзяць сябе ў лячэбніцах, дазваляюць ветэрынарам іх агледзець і абмацаць, не драпаюцца, не кусаюцца. Чаму? Думаецца, таму, што хатнія гадаванцы ўспрымаюцца ў тамтэйшым грамадстве найперш як сябры, якім павінна быць зручна і ўтульна сярод людзей. І як памочнікі – павадыры для сляпых, лекары – для інвалідаў з праблемамі фізічнага і псіхічнага развіцця. Таму асобіны з прыкметамі агрэсіі выбракоўваюцца заводчыкамі адразу або потым перавыхоўваюцца спецыялістамі па псіхалогіі жывёл, а развядзенне сабак ці пеўняў байцовых парод караецца законам.
 А яшчэ гэта аб’ект пастаяннага клопату. Гаспадары мусяць дбаць аб здароўі сваіх гадаванцаў – купляць ім падыходзячы корм, рэгулярна паказваць ветэрынарнаму ўрачу, своечасова рабіць прышчэпкі. Зразумела, на ўсё гэта патрэбны грошы. Калі ў сям’і ці адзінокага гаспадара іх недастаткова, жывёл лепш не заводзіць або, пры немагчымасці годнага ўтрымання, перадаваць у спецыяльныя прытулкі, дзе іх дагледзяць, пралечаць і знойдуць іншых гаспадароў. Існуюць такія ўстановы на добраахвотныя ахвяраванні і львіная доля сродкаў ідзе менавіта на догляд жывёл – аўтары перадачы часта падкрэсліваюць, што працуюць у прытулку энтузіясты за невялікую заработную плату і ў іх ёсць добраахвотныя памочнікі.
А што там за  клінікі! Проста прадмет мараў і зайздрасці: тут табе і рэнтген, і ўльтрагукавое даследаванне, і кваліфікаваная тэрапеўтычная ды хірургічная дапамога, і поўны набор розных лекавых прэпаратаў. Рашэнне ўсыпіць жывёліну прымаецца толькі тады, калі дапамагчы ёй ужо проста немагчыма. Ва ўсіх астатніх выпадках хворых “братоў нашых меншых” вылечваюць, нават пратэзуюць ім страчаныя канечнасці! Канешне, паколькі гэта тэлеперадача, можна дапусціць некаторую долю  “мастацкага домыслу” і наўмыснасці, нават добра прадуманай паказухі. І ўсё ж…
А ў нас? У буйных гарадах ветэрынарная служба, вядома, развіваецца. З’яўляюцца прыватныя клінікі па ўзору амерыканскіх, англійскіх ці нямецкіх, аднак і тут прысутнічае найперш бізнес, г.зн. выгада, таму рэгулярна вадзіць сваіх хатніх любімцаў у такія лячэбніцы па кішэні толькі людзям грашавітым. (Зрэшты, у выпадку крайняй неабходнасці туды звернецца кожны). Пра масавую стэрылізацыю бадзялых жывёл нават размова не ідзе – няма ў нас дабрачынных арганізацый, якія б забяспечвалі фінансавы бок  барацьбы з бескантрольным расплодам. І пра стварэнне прытулкаў для хвастатых ды вусатых “бамжоў” пакуль застаецца толькі марыць…
У малых гарадах кшталту Астраўца праблема кваліфікаванай ветэрынарнай дапамогі хатняй жывёле стаіць нашмат вастрэй. Камень сутыкнення, на мой суб’ектыўны погляд, – прымітыўнае, “вясковае” стаўленне да жывёлы ўвогуле. Конь – першы памочнік у гаспадарцы, карова — карміліца, свіння дае сала і мяса, значыць, карысныя, іх трэба старанна даглядаць, ратаваць ад хвароб. Каты і сабакі істоты другасортныя: першыя  існуюць толькі для лоўлі мышэй і пацукоў, другія мусяць вартаваць дом і панадворак ад злодзеяў. Калі не адпавядаюць гэтым патрабаванням – прэч з хаты! Хто калі іх лячыў?  Ці не таму такая праблема вылечыць у Астраўцы Мурку ці  Тузіка? Памятаю, пяць гадоў таму падхапіў мой кот лішай ад бадзялага рыжага разбойніка, што панадзіўся  “наводзіць парадкі” ў нашым двары. Упершыню сутыкнуўшыся з такой праблемай, я была ў роспачы: чым лячыць? Вядомага прэпарату “Мазь ЯМ” у нашай ветаптэцы  не аказалася,  а іншага нічога прапанаваць не маглі. Ветэрынар, якой я паказала хворага ката, нават у медыцынскіх пальчатках баялася да яго дакрануцца, грэбліва, двума пальчыкамі пакратала спіну звярка, дзе поўсць яшчэ была,  і прапанавала звярнуцца … у камунгас: маўляў, там дадуць яму мыш’як і ўсыпяць. Вопыт быў горкі, але карысны: цяпер мы самі лечым сваіх і нават падвальных пушысцікаў. Бываючы за межамі раёна, стараемся ў разумных межах запасціся ветпрэпаратамі.
ХХІ стагоддзе многае змяніла, праўда, не заўсёды ў лепшы бок. Зараз людзі ў нашых гарадах больш ахвотна заводзяць хатніх жывёл. Але тут акрэсліўся яўны перакос: дзеля прэстыжу за немалыя грошы набываюцца пародныя каты ці сабакі, з імі гуляюць, як з жывымі цацкамі, песцяць і лашчаць без меры, дрэсіруюць дзеля ўласнага задавальнення, а калі абрыднуць – выкідваюць вон. Адсюль статкі безнаглядных катоў у падвалах дамоў і зграі бадзялых сабак на вуліцах. Апошнія асабліва небяспечныя, бо могуць напасці і пакусаць, нават загрызці. А вінаватыя ў гэтым часта самі былыя гаспадары – не купіравалі, а, надварот,  развівалі звярыную  агрэсію. І цяпер, нападаючы, здзічэлыя  выгнаннікі помсцяць сваім ворагам – людзям.
Як лячыць немач абыякавасці і чэрствасці грамадства ў стаўленні да “братоў нашых меншых”?  Законам аб абароне жывёл, які даўно даказаў сваю неабходнасць і дзейснасць у той жа Амерыцы,  але адсутнічае ў нас. Каб, беручы ў дом сабаку, ката, труса ці іншую жывую істоту, чалавек усведамляў сваю прававую адказнасць за іх, ведаў, што за абыякавыя адносіны, тым больш здзекі панясе пакаранне ў судовым парадку – заплаціць салідны штраф або нават апынецца за кратамі. Тады, можа, і насілля ў адносінах да людзей паменшае.