У астравецкай ЦРБ прайшоў конкурс «Вясна – вачэй зачараванне»

17:01 / 11.03.2011
1

Павіншаваць прыгожую палову калектыва са святам 8-га Сакавіка можна па-рознаму. Напрыклад, купіць кожнай жанчыне па кветачцы. Калі дазваляе гендэрны расклад, ёсць шанц спадобіцца на нейкі каштоўны падарунак. Альбо на калектыўны паход у рэстаран. Падобныя ўзоры віншавальнай выдумкі канешне, маюць права на існаванне. Праўда, ніхто не будзе спрачацца, што здзівіць гэтым нашых прыгажунь палавінак наўрад ці ўдасца.
Сродак выхаду за мяжу святочнай паўсядзённасці знайшлі – хто б мог падумаць? – у цэнтральнай раённай бальніцы…
  





Ледзь паспяваю за Тадэвушам Зыгмундавічам Субаткевічам, старшынёй прафсаюзнага камітэта медыцынскай установы, і па адрывістых фразах, якія далятаюць да майго вуха ў гуле бальнічных калідораў — “прысутнічаюць усе аддзяленні…”, “традыцыйнае мерапрыемства…”, “экспазіцыя…”, “неабходна правільна абараніць…” — беспаспяхова намагаюся зразумець, што ж мяне чакае наперадзе.
— Пакуль не пачалося, раю пазнаёміцца з выставай, – гаворыць Тадэвуш Зыгмундавіч і гасцінна запрашае мяне ў актавую залу ўстановы.
Першае, што кідаецца ў вочы, – вялізная колькасць людзей у белых халатах. Няма ніводнага свабоднага квадратнага метра плошчы. “Яблыку няма дзе ўпасці” – якраз да гэтага выпадку.
Па ўрачыста-святочнаму гулу натоўпу можна здагадацца, што афіцыёзам тут не пахне і “караценькі, хвілін на 40” даклад праграмай не прадугледжаны.
Буйства фарбаў, гукаў і пахаў. Многія апрануты зусім не па-медыцынску.
У адным з куткоў прымасціўся сапраўдны султан са сваімі наложніцамі.
У другім узнік трапічны пляж.
Вока чапляе некалькі гітар. Гучыць музыка.
Уздож сцен – сталы, якія літаральна ломяцца ад самых розных прысмакаў. 
Што ж тут мае адбыцца? Карнавал? Песенны фестываль? Кулінарны конкурс?





Першае ўражанне не падманула. Усё названае выдатна злілося ў традыцыйным конкурсе, які штогод праводзіцца ў Астравецкай ЦРБ напярэдадні свята 8-га Сакавіка і носіць назву “Вясна – вачэй зачараванне”.
Шлях да перамогі пачынаецца са стала. На ім стравы, прыгатаваныя кожным аддзяленнем і кожнай медыцынскай установай раёна. Галоўная ўмова – яны павінны быць карыснымі для здароўя. Гэта значыць, складацца выключна з вітамінных інгрэдыентаў. Мяса, маянэз і іншыя “кілеры” нашага страўніка – па-за законам. Прынамсі, для дадзенага канкрэтнага моманту. Канешне, пярэдадзень жаночага свята як бы вымушае стаць ля пліты мужчын. Аднак… Карацей кажучы, на мужчынскія плечы быў ускладзены толькі абавязак запрашэння гасцей і абароны прыгатаваных жанчынамі страў.
Нарэшце надыходзіць “момант ісціны”. Аўтарытэтнаму журы, пад кіраўніцтвам галоўнага ўрача Валянціна Ігнатавіча Тачонага неабходна ацаніць плён творчасці ўдзельнікаў, выставіць адзнакі і выявіць пераможцаў.
Першай пад “нож” журы адважна кладзецца Гервяцкая амбулаторыя. Вітамінная салата пад натуральны вішнёвы сок, на думку гервяцкіх медыкаў, – найлепшае меню для святочнага стала.
Аддзяленне хуткай дапамогі ЦРБ прапаноўвае журы фруктовы шашлычок. Аднак не пад каньячок, а пад іскрамётны гумар – ён значна больш карысны для здароўя, чым  вядомы напой.
Варнянскія медыкі здзіўляюць журы палымянай “Жар-птушкай” і выдатнымі вакальнымі здольнасцямі пад акампанемент акустычных гітар у жаночых руках! Вось ужо сапраўды: таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім!
Шчыра кажучы, ля кожнага стала можна затрымацца на гадзіну і не пашкадаваць аб тым. Але час і ўдзельнікі, якія ў хвалюючым чаканні сваёй чаргі пакуль перамінаюцца з нагі на нагу, не дазваляюць журы такой раскошы. А шкада…
“Фішка” раённай паліклінікі  — разьба па дрэве. Прабачце – па фруктах і гародніне. Аб гэтым трэба ведаць – інакш ні за што не здагадаешся, што перад табой сапраўдныя творы мастацтва, выкананыя ўмелай рукой пры дапамозе звычайнага нажа.
Гэткае ж майстэрства прадэманстравалі і ўдзельнікі ад Міхалішкаўскай участковай бальніцы, дапоўніўшы яго “яйкамі Фабержэ” па-міхалішкаўску. Паспрабую растлумачыць, як яны выглядалі: заліўное з зялёным гарошкам, кукурузай, кропам і іншымі інгрэдыентамі, выкананае ў форме яйка. Цэлы вечар потым шукаў інжынернае рашэнне дадзенай стравы – так і не знайшоў.
Пасля Міхалішак журы патрапіла на сапраўдны пірацкі востраў – так арыгінальна прадставіла сваю экспазіцыю аддзяленне кардыялогіі. Усё тут было: і абаяльныя піраты, і нажы, і фруктовыя скарбы… Не назіралася толькі пірацкага рому, які паспяхова замяніў кактэйль “Фруктовы рай”.
Аддзяленне рэабілітацыі напачатку амаль нічым не прыцягнула да сябе ўвагу: невялікі сціплы столік з адной непрыкметнай талерачкай. Як аказалася, гэта быў прадуманы загадзя і вельмі дакладны тактычны ход. Увесь талент, выдумка, творчасць і, канешне, падрыхтаваныя стравы адкрыліся толькі ў самы патрэбны момант – і патрапілі адразу ў “дзясятку”! Разыграная спецыялістамі аддзела сцэнка ў рэстаране, дзе сустрэліся заклапочаная пошукам выгаднага шлюбу жанчына і “ахвяра сацыяльных сетак”, падмацаваная адпаведнымі назвамі страў, выклікала буру станоўчых эмоцый як у гледачоў, так і ў членаў журы.
Вельмі здольнымі на выдумку аказаліся і астравецкія стаматолагі. Гэта ў іх лагеры атабарыўся султан са сваім гарэмам. Адпавядаў задумцы святочны стол з фруктовым шашлыком, пловам і сапраўдным кальянам.
Тэрапеўты прадэманстравалі гледачам астравецкіх дэльфінаў і кракадзілаў, вырабленых з бананаў і іншых фруктаў.
Інфекцыйнае аддзяленне за фруктова-ягадным сталом паспрачалася аб перавагах і недахопах жаночай фігуры. Натуральна, што думкі на гэты конт падзяліліся.
 “Ад зарплаты да аванса” на трапічным пляжы, у атачэнні заморскіх прысмакаў бавіць свой час аддзяленне хірургіі. І хто пасля гэтага паверыць, што зарплата ўрача зусім невялікая?!
Журы ў роспачы: як вызначыць, што смачней, цікавей, прыгажэй?І ўсё ж найцяжэй у гэты дзень было журы! Аўтар гэтых радкоў, першапачаткова запрошаны як незалежны “эксперт”, пад націскам медыцынскіх кулінарных шэдэўраў выставіў усім удзельнікам вышэйшыя адзнакі і бессаромна дэзерціраваў з судзейскага фронту.
З самага пачатку пасяджэння судзейскай калегіі стала зразумела, што традыцыйнымі “першым”, “другім”, “трэцім” месцамі абмежавацца не атрымаецца – настолькі яркімі, вытанчанымі, арыгінальнымі, творчымі былі вынікі ўсіх удзельнікаў конкурсу. Але прысудзіць перамогу ўсім – адзначае згубіць сам сэнс спаборніцтва. У выніку пасля працяглага абмеркавання і ўзважвання ўсіх “за” і “супраць” было прынята “саламонава рашэнне”.
Першае месца аднагалосным рашэннем заняло аддзяленне рэабілітацыі.
Другое падзялілі варнянскія гітарысткі і “рэзчыкі” па фруктах з раённай паліклінікі.
На трэцім аказаліся “яйкі Фабержэ” па-міхалішкаўску, стаматалагічны “гарэм” і хірургічны “пляж”.
Што да ўражанняў старонняга назіральніка, то ўбачанае і паспрабаванае можна ацаніць толькі адным словам – шок!
“Спадзяёмся, станоўчы?”, — удакладніла адна з членаў журы. Урачы двухсэнсоўных выразаў не ўжываюць. А ў астатнім – гэта таленавітыя, творчыя, вясёлыя людзі. 
А шок, безумоўна, станоўчы! 


Эдуард ІВАНАЎ.