«Масленіцу» адзначаем – зіму праважаем!

08:35 / 02.03.2011

На календары – вясна! І хоць раніцай марозчык яшчэ пашчыпвае нос і шчокі — гэта хутчэй ад безвыходнасці ці жадання надаць большай бадзёрасці прахожым. А днём высокае шчодрае сонца “крадзе вочы”, асляпляе і заварожвае, нагадвае, што “колькі зіме ні кружыць, недаўгавечна яе кабала”. І час ужо з ёй развітвацца – хоць і прыгожая, і не вельмі злосная была, але ж – надакучыла… Вясны і цяпла хочацца!


Развітацца з зімой і нават паўдзельнічаць у сімвалічным спальванні яе пудзіла ўсе астраўчане і жыхары раёна змогуць у бліжэйшую нядзелю, 6 сакавіка, у апошні дзень масленічнага тыдня. Спецыяльна для гэтага работнікі  культуры ладзяць у лесапаркавай зоне свята “Вясёлая масленіца”: з цікавай тэатралізаванай праграмай, з гульнямі і атракцыёнамі, са спартыўнымі спаборніцтвамі – інвентар будзе здавацца напракат – і канцэртам, з блінамі, шашлыком і глінтвейнам.
Прыходзьце – сем’ямі, з сябрамі і знаёмымі. Арганізатары абяцаюць: будзе весела і цікава.


Пачнецца “Вясёлая масленіца” ў 12 гадзін.