Вынікі двух тураў раённага чэмпіянату інтэлектуалаў

17:26 / 25.02.2011
2

Другая гульня раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях “закруціла” нежартоўную інтрыгу: па выніках двух гульняў палова каманд-удзельніц – ажно пяць — апынуліся ў лідзіруючай тройцы.
Нагадаем: першая гульня раённага чэмпіянату была праведзена напрыканцы студзеня. Тады ў ёй прыняло ўдзел дзевяць каманд.


(“Ядзерны востраў”, інтэлектуалы з дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі, не ўдзельнічалі ў першай гульні з-за праблем з саставам – і ім аўтаматычна было залічана “тэхнічнае паражэнне” – апошняе месца. Але “атамшчыкі”, якія сур’ёзна “падселі” на інтэлектуальныя гульні, далучыліся да спаборніцтва ў лютым – і ў іх ёсць яшчэ ўсе шансы навярстаць упушчанае. Тым жа, у каго, магчыма, таксама ўзнікнуць падобныя праблемы – у жыцці ўсялякае здараецца — хочацца параіць: удзельнічайце ў гульнях нават у паменшаным складзе, калі немагчыма сабраць увесь: нешта ўсё ж лепш, чым нічога.)
Пасля першай гульні ў лідарах даволі прадказальна аказаліся каманды з большым вопытам падобных гульняў: “Востраў шанцавання” з рэдакцыі “Астравецкай праўды” і “Magnum ignotum” з райвыканкама. На другім месцы тады апынулася “Astra” з гімназіі, трэцяе падзялілі таксама дзве каманды — “Ніка” з падатковай інспекцыі і “А’крэм” з Гудагайскай школы. Па тэхнічных прычынах рэйтынгі пытанняў у першай гульні не вылічваліся, таму на п’едэстале аказалася так цесна. Але яны былі падлічаны пазней – і аказалася, што тройка лідараў выглядае некалькі інакш: “Востраў шанцавання” — першы, “Magnum ignotum” — другі, “Astra” – трэцяя. “Ніка” і “А’крэм” змясціліся  на чацвёртае і пятае месца, і адпаведна на два месцы ўніз “пасунуліся” ўсе астатнія каманды.
Але другая гульня паказала, што ў інтэлектуальных гульнях усё непрадказальна, і вопыт тут – не самая галоўная ўмова поспеху,  у якога мноства складаемых, якія не заўсёды магчыма нават вызначыць. Цяжка растлумачыць, што ўваходзіць у паняцце “гульня не пайшла” ці наадварот – “злавілі драйв”.
На гэты раз для размінкі вядучая гульні Ларыса Каханоўская прывезла традыцыйнага “Сваяка” – “Сваю гульню”. Асаблівасцю якога было тое, што гуляўся ён “з мінусамі” – гэта значыць, за правільныя адказы ачкі прыбаўляліся, а за няправільныя – адымаліся. У агульным заліку, які, нагадаю, вызначаецца толькі па гульні “Што? Дзе? Калі?”, вынікі “Сваёй гульні” не ўлічваліся. І тым не менш яны падводзіліся: найбольшую колькасць балаў набралі два “востравы” – “Востраў шанцавання” і “Ядзерны востраў”, на другім месцы быў “Цэрэбрал” з бальніцы, на трэцім – зборная праваахоўных органаў “Антрацытавае сонца”.
Інтрыга закруцілася ў гульні “Што? Дзе? Калі?”, асабліва пасля першай паловы, калі стала зразумела, што ранейшыя лідары – “Востраў шанцавання” і “Magnum ignotum” – далёка не ў лідарах. Другая палова  крыху змяніла расстаноўку сіл – але не істотна. І калі закончылася гульня, высветлілася, што па выніках лютаўскага этапу чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях першае месца заняла каманда медыкаў “Цэрэбрал”, на другім – “Антрацытавае сонца”, на трэцім – “Ніка”: прымайце віншаванні!
А па суме дзвюх гульняў сітуацыя наступная: “Востраў шанцавання”, нягледзячы на не вельмі ўдалую гульню ў другім этапе чэмпіянату – пятае месца – усё ж захаваў лідарства ў агульным заліку. На другім месцы дзве каманды: “Astra” з гімназіі і “Ніка” з падатковай інспекцыі. Цесна і трэцяй прыступцы турнірнай табліцы: яе дзеляць зборная праваахоўных органаў “Антрацытавае сонца”, і “Цэрэбрал” з цэнтральнай раённай бальніцы. Чацвёрты —“Magnum ignotum” з райвыканкама, на пятым – таксама дзве каманды: – “А’крэм” з Гудагайскай СШ і “Аднакашнікі” з СШ №1. Замыкаюць турнірную табліцу каманды “Ядзерны востраў” і “Надзея”.
Такая расстаноўка сіл у інтэлектуальнай “турнірнай табліцы” сведчыць толькі аб адным: барацьба не проста наперадзе – яна яшчэ, па сутнасці, не пачыналася: пры такім раскладзе любая каманда можа апынуцца ў ліку прызёраў і пераможцаў. Тым больш, што кожная гульня, як паказаў лютаўскі этап чэмпіянату, — непрадказальная.
Калі ж гаварыць у цэлым пра гульню, то трэба адзначыць, што на гэты раз яна была нейкая па-асабліваму вясёлая, пачынаючы ад пытанняў і заканчваючы рэакцыяй на адказы і вынікі гульні ігракоў. Цікава было назіраць, як то за адным, то за другім столікам чуўся выбух смеху – калі каманды “даходзілі”, скажам, да адказу пра любімую цацку, якой любіў гуляць маленькі Пуцін: аказалася, што гэта завадны мядзведзік. Дарэчы сказаць, гэтае пытанне было адзіным, на якое адказалі ўсе каманды. А вось на пытанне пра водар плесні, які з’яўляецца адным з асноўных для сыру “Ракфор”, не адказаў ніхто. Як ні дзіўна, але “труной” аказалася і пытанне пра “справу ў капелюшы” – большасць вырашыла, што паперы “клалі пад сукно”. Высокі рэйтынг аказаўся ў пытанняў пра Шэрлака Холмса – яго ўзялі толькі “Антрацытавае сонца” і “Magnum ignotum”; аб тым, чаму разведзеная лялька Барбі каштуе ўдвая даражэй усіх іншых – на яго правільна адказалі “Ядзерны востраў”, “Цэрэбрал” і “Антрацытавае сонца”; бліц з трох пытанняў – тут ачкі на свой рахунак запісалі “А’крэм”, “Astra” і зноў жа “Антрацытавае сонца”.
А што парадавала найбольш – дык гэта тое, што ў раёне ўжо, падобна, склалася кампанія інтэлектуалаў, якія адкладваюць усе свае справы і вечар кожнага трэцяга панядзелка месяца ахвяруюць заняткам “інтэлектуальным спортам”.
Таму – да сустрэчы ў сакавіку!


Ніна РЫБІК.


Выніковая табліца