«Скрыжаванне поглядаў»: армія ў жыцці юнака

09:26 / 23.02.2011

Сёння на нашым “віртуальным газетным рынку” скрыжавалі коп’і два воіны запасу, у якіх тым не менш засталася ў памяці зусім розная армія – і, адпаведна, адносіны да яе.
А што думаеце вы з гэтай нагоды, шаноўныя чытачы?




Не хачу забываць...

“Ты ведаеш, нашу службу я да гэтага часу бачу ў сне!” – напісаў неяк мне ў “Аднакласніках” былы саслужывец. Як і мне, яму за 40. Даўно ўжо не хлопчык: муж, бацька дваіх сыноў, якім, дарэчы, самім  ужо не так далёка да вайсковых ботаў, кіраўнік саліднай фірмы, з адпавядаючай статусу і ўзросту лысінай на галаве… Пара б ужо “наваявацца”, а ён ўсё “служыць”…


Афіцэры некалі нас папярэджвалі, што армейскія гады будуць помніцца ўсё жыццё. Многiя мараць служыць у ВДВ. Тады, у далёкім цяпер юнацтве, гэта гучала  хутчэй як здзек. Хіба такое можа помніцца, тым больш сніцца?!
Аднак мінула больш за 20 гадоў з таго часу, а былое, перажытае так і не адышло,  не адпусціла.
І вось жа, здаецца, было ў жыцці шмат іншых момантаў, больш значных, вартых памяці: школа, першае каханне, студэнцтва… Аднак у мужчынскай кампаніі, якая б нагода яе ні сабрала, не-не ды пачуецца: “А вось калі я служыў…”. І пайшло, і паехала…
Нішто так не казыча мужчыне душу, не хвалюе сэрца, як успамін аб былых армейскіх буднях.  Тым, хто не служыў, зразумець гэта немагчыма.
Як ніколі не адчуць сапраўдны смак мамінага баршчу, сырадою, смажанай бульбы…
Яе на нашым караблі гатавалі толькі на вялікія святы альбо на твой асабісты дзень нараджэння. І ў той момант, калі перад табой ставілася вялікая талерка са смажанай, са скарыначкай, бульбяной саломкай, здавалася, што нічога смачнейшага ў свеце няма.
Служба ўвогуле вучыць шанаваць самыя простыя рэчы. Радавацца тым дробязям, на якія раней нават не звяртаў увагі.
І ўсё ж армія – гэта не перажыванне па хатніх піражках, а найперш – выпрабаванне.
Выпрабаванне характару, сілы духу. Менавіта духу, унутранай моцы, а не фізічнай сілы.
Апошняе было больш характэрным для нашага цывільнага жыцця. У ім меў рацыю той, у каго больш моцы ў руках. Слабейшы ж, найчасцей, становіўся аб’ектам насмешак і здзекаў з боку дужэйшых.
“Цяжка табе будзе ў арміі”, -- паблажліва спачувалі мы свайму шчупламу аднакласніку і меркавалі, што і на службе ён будзе атрымліваць скрозь тумакі і пстрычкі. А ён вярнуўся дадому сяржантам, у адрозненне ад некаторых былых “герояў”.
У арміі, як бы ненатуральна гэта ні гучала, павагай карыстаецца зусім не фізічная сіла. На тое, каб “накачаць” мускулы, шмат розуму не трэба. А ў войску – тым больш. Што называецца: “не хочаш – прымусім!”.
У пашане там зусім іншыя якасці: надзейнасць, сумленнасць, здольнасць прыйсці на дапамогу, “падставіць плячо”, не здрадзіць, ахвяраваць асабістым дзеля агульнага…
Тым, хто прызвычаіўся хавацца за спінамі іншых, хітрыць, “выкручвацца”, думаць толькі аб сабе – у арміі не пазайздросціш. І сапраўднае нутро чалавека тут праяўляецца вельмі хутка. Гэта свайго роду выпрабаванне на “вашывасць”. Непрыемнае, падчас крыўднае…
Да гэтага ж часу увесь свет “круціўся” толькі вакол цябе.  У школе цябе перавыхоўвалі, пераконвалі, насіліся, як з “пісанай торбай”.
Дома песціла маці. Не адпускала далёка ад спадніцы, аберагала, пры неабходнасці сварылася з настаўнікамі за “несправядлівыя” “двойкі”, заўсёды падсоўвала большы і смачнейшы кавалак.
Вось і прывык ты да таго, што важней за цябе няма нічога ў свеце. Таму самае салодкае, смачнае  павінна быць у тваёй талерцы. А здабываць гэтае смачнае і мыць тую талерку абавязаны нехта іншы. Хто? – гэта цябе ўвогуле не тычылася.
Армія – выдатнае лякарства ад эгаізму. Тут пачынаеш добра разумець, што ёсць “я” і ёсць “мы”. Есць “хачу” і ёсць “трэба”. Ваенную службу часта называюць школай жыцця. З гэтым я б не пагадзіўся. Хіба жыццё можна вывучыць за 2-3, а цяпер – нават паўтара гады?
А вось што армія дапамагае лепш зразумець тых, хто побач, усвядоміць сябе як чалавека, ацаніць сапраўдную вартасць дружбы – напэўна, так.
Сваю службу я не бачыў у сне ніколі. Ні адразу пасля вяртання дадому, ні цяпер. Аднак у памяці яна застанецца назаўсёды. І выкрасліць гэты час са свайго жыцця, тых людзей, з якімі пашчасціла служыць, перажытае і пройдзенае, я не магу.
І не хачу…


РАМАНТЫК.



Не хачу ўспамінаць...

«Калі Радзіма лічыць, што яна нас корміць – няхай думае, што мы яе абараняем». Менавіта такі лозунг (як гэта, можа, ні прыкра чуць людзям старэйшага ўзросту, якія шчыра пралівалі кроў за Айчыну і за лепшую будучыню) існуе ў многіх сённяшніх абаронцаў Айчыны.


Пачну я менавіта з ежы, бо з даўніх часоў вядома: хто добра працуе – той добра і есць. Вядома, ваенны паёк зусім не падобны на хатнія, мамай прыгатаваныя стравы, але калі існуюць нейкія нормы, якія зарэгістраваны ў афіцыйных дакументах, то яны павінны выконвацца. На жаль, калі мне давялося выконваць свой абавязак перад Айчынай, нормы на паперы і ў салдацкай талерцы вельмі адрозніваліся. І справа не ў тым, што хацелася нейкіх далікатэсаў – самае галоўнае, каб давалі!
Напрыклад, па нормах нам кожны дзень павінны былі даваць яблык – але я бачыў яго толькі аднойчы – у дзень прысягі. Затое ячная каша з “мясам белага мядзведзя” (для тых, хто не ведае: сала, зваранае да такога стану, што смаку ў яго няма ўвогуле) была амаль штодня. Шчыра кажучы, раней не разумеў, як  можна не любіць гэтую кашу, добра прыгатаваную, ды з падліўкай... Зараз разумею.
Пра медыцыну ў арміі гаварыць увогуле не хочацца. Ведаеце анекдот, калі да доктара прыходзіць пацыент і скардзіцца на боль у жываце і ў галаве, той разламлівае таблетку аспірыну, дае хвораму і кажа: “Адна палова – ад галавы, другая – ад жывата. І ні ў якім разе не пераблытай!” Прыкладна так і ёсць у арміі. Самыя распаўсюджаныя лекі: зялёнка і аспірын. Таму трапіць у медсанчасць не хацелася нікому! Як бы ў цябе ні балела галава, але класці яе на плаху – не лепшы спосаб пазбавіцца ад болю.
Выезд на палігон – гэта асобная тэма для размовы. Няўжо ў рады абаронцаў набіраюць толькі для таго, каб навучыць збіраць каменьчыкі на паласе перашкод і касіць траву і кустоўе сапёрнымі лапаткамі? За ўвесь час мы толькі тры разы стралялі па мішэнях – але як можна некуды патрапіць з непрыстралянага аўтамата, які ты носіш хутчэй для прыгажосці?
За ўвесь час службы адзінае, што крыху паказытала нервы, – “танкадром”. Як перадаць пачуццё, калі на цябе прэ 50 тон жалеза, а ты сядзіш у акопе, у цябе тры халастыя патроны і вучэбная граната? І ў той момант, калі над табой праязджае гэтая махіна і цябе амаль цалкам засыпае пяском, думка толькі адна: якога д’ябла я сюды залез? Нечым пачуцці падобны на першы скачок з парашутам.
Толькі ў арміі я па-сапраўднаму зразумеў сэнс прымавак: “Усе справы можна зрабіць трыма спосабамі: правільна, няправільна і па-ваеннаму” і “Салдат у цырку не смяецца”. У нашым узводзе служылі хлопцы з  вышэйшай адукацыяй, таму некаторыя загады нашых камандзіраў нагадвалі нешта сярэдняе паміж здзекам і жартам. Але: салдат пры справе – добры салдат. З цягам часу мы зразумелі, што чым больш ты працуеш і выкладваешся, тым больш табе працы падкідваюць: калі тры ўзводы пачыналі грузіць смецце на машыну і, напрыклад, мы з гэтым спраўляліся хутчэй, то нам замест падзякі “накідвалі” яшчэ адзін самазвал. Таму ў наступны раз, калі нас запрыгоньвалі цягаць розныя жалязякі, паміж кожным “рэйсам” мы рабілі перакуры па паўгадзіны...
Падыход да справы, калі “адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”, можа, і мае рацыю – але не тады, калі з-за гэтага аднаго ўся рота атрымлівае наганяй, а з самім “віноўнікам урачыстасці” нельга нічога зрабіць, ён загрыміць “на губу“ і будзе размаўляць там з добрымі цётачкамі-псіхолагамі, якія заўсёды шукаюць «пакрыўджаных».  А што з-за гэтых “пакрыўджаных” уся рота паўночы адпрацоўвала “баявую трывогу” – гэта справа іншая. Можа нашы генералы, капітаны і маёры і думалі, што такім чынам яны выпрацоўваюць у нас “пачуццё братэрства”, але на самой справе выпрацоўваўся толькі эгаізм: сёння я “пахаў” за некага, а заўтра – ён за мяне.
Таму прабачце мяне ўсе, хто лічыць, што “толькі служба ў арміі зробіць з падлетка сапраўднага мужчыну”, я да вашай кагорты не адношуся. І лічу, што калі ў чалавека няма ні розуму, ні жадання працаваць ці вучыцца, то ніякая армія не зробіць з яго грамадзяніна краіны.
І пакуль наша армія будзе бясплатнай рабочай сілай на будоўлях, разгрузцы вагонаў, на ўборцы ўраджаю і фарбаванні платоў і бардзюраў, а не сапраўднай сілай, якая абароніць жыхароў нашай краіны, я буду супраць таго, каб мае дзеці ў ёй служылі.


СКЕПТЫК.