Медалі "За заслугі" 2 ступені ўручаны нашым землякам

11:18 / 18.02.2011

15 лютага ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у кінаканцэртнай зале “Астравец” прайшоў традыцыйны ўрачысты сход і святочны канцэрт, дзе сабраліся воіны чужой вайны – нашы землякі, якія служылі ў Афганістане, Егіпце, Анголе.


На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі розных сфер і структур раёна. У ходзе мерапрыемства выступілі намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла, ваенны камісар І.М. Чычварын і старшыня раённага аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў С.С. Ціток.
Віктар Збігневіч Свіла расказаў аб рабоце, якая праводзіцца службамі раёна па вырашэнню праблем воінаў-інтэрнацыянастаў, а таксама аб’явіў дзве добрыя навіны. Першая – аб бязвыплатнай перадачы жылога дома ў вёсцы Швяйляны Гервяцкага сельсавета воіну-інтэрнацыяналісту Мехціеву Мехману-Мехці Аглы. А другое пытанне, якое доўгі час не вырашалася, – стварэнне помніка, які ўвекавечыць памяць аб усіх нашых загінуўшых земляках. Гэта пытанне было агучана на сустрэчы з губернатарам Гродзенскай вобласці, і адміністрацыя вобласці згадзілася падтрымаць гэты праект.
Ваенны камісар уручыў граматы А.А. Андралойцю, В.А. Казлоўскаму, У.М. Алізару, А.П. Давыдаву, Л.Я Наваграну. А старшыня раённага аб’яднання С.С. Ціток – медалі “За заслугі" 2 ступені У.С. Драгану, Г.А. Собалеву, У.М. Алізару, У.А. Снегуру і ваеннаму камісару І.М. Чычварыну.
А затым Святлана Куцько, Руслан Юргелянец, Аксана Сяўко, вакальны калектыў “Авацыя” і іншыя работнікі культуры падарылі ўсім гасцям шмат музыкальных нумароў, ад якіх часам на вочы набягалі слёзы, а ў думках бясконца круцілася адно пажаданне: каб больш ніколі не давялося мамам аддаваць сыноў вайне…


Вольга ШОЎКУН.