Казімір Мараўскі: Збіраўся ў Афрыку, трапіў у Беларусь

00:05 / 25.12.2018
Дзе чалавеку добра, утульна, спакойна? Там, дзе ён нарадзіўся – ці там, дзе жывуць яго родныя? А можа, там, дзе ён атрымаў прызнанне – ці там, дзе яго разумеюць? Напэўна, там, дзе ён адчувае сябе сваім, калі навакольныя не зважаюць на колер скуры, адметныя рысы твару, асаблівасці мовы, звычкі… Тады і дыхаецца лёгка, і спіцца салодка, і працуецца добра, і жывецца мірна – ПАД АДНЫМ НЕБАМ.
А калі такіх месцаў, якія сталі роднымі, у чалавека некалькі? Тады кожнае з іх проста займае асобны куточак у душы.

Амаль трыццаць гадоў пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Гудагай айцец Казімір Мараўскі мае дзве Радзімы: Польшчу, у якой нарадзіўся, вырас і атрымаў адукацыю, і Беларусь, куды яго  прывяло святарскае пакліканне.  

rMmeMX-D75k.jpg

Дзяцінства вясковага паляка 
У Фелікса і Зоф’і Мараў­скіх Тадэвуш быў самым малодшым, сёмым, дзіцем.
– Я нарадзіўся ў сельскай гмі­не Жарнуў. А жылі мы ў вёсцы Далешэвіцэ непадалёк ад горада Парадыж. У Польшчы месцам нараджэння лічыцца тая мясцовасць, дзе знаходзіцца раддом, у якім з’явілася на свет дзіця, а не месца пражывання бацькоў, – тлумачыць айцец Казімір.

Бацькі Тадэвуша трымалі вялікую хатнюю гаспадарку, мелі 5 гектараў зямлі, працы хапала ўсім – і дарослым, і дзецям. 
– Як бы ні даводзілася рана ўставаць і як бы позна  мы ні клаліся спаць – кожны дзень у нас распачынаўся з малітвы і заканчваўся таксама супольнай малітвай, – расказвае айцец Казімір Мараўскі. – А ў нядзелю мы, па-свя­точнаму ўбраныя – лепшы касцюм, белая сарочка, да глянцу начышчаны гуталінам абутак – усёй сям’ёй ішлі ў касцёл у Парадыж. 

– Школы ў нашай вёсцы не бы­ло – мы вучыліся ў Парадыжы, – расказвае святар. – І ніякіх падвозаў ніхто не арганізоўваў: хадзілі пешшу або ездзілі на веласіпедзе. Я пайшоў у першы клас у 1969 годзе. 
Скончыўшы васьмігодку, Тадэвуш пайшоў вучыцца ў ліцэй.
– Ліцэй быў каталіцкім, хоць у той час яшчэ ў Польшчы і панаваў камунізм, – гаворыць айцец Казімір. – Для мяне было важна вучыцца менавіта там.

ggIGEgzyySA.jpg

Чалавек думае, а Бог робіць
Атрымаўшы матуру – так у Польшчы называецца атэстат, – Тадэвуш вырашыў, што звяжа сваё жыццё з медыцынай: у ліцэі хлопец неаднойчы чуў расказы місіянераў, якія працавалі ў Афрыцы.

– Я з заміраннем сэрца слухаў іх расповеды, – і марыў ака­зацца поруч з імі. Але для гэтага трэба было атрымаць медыцынскую адукацыю, – успамінае юнац­тва айцец Казімір. – Я нават дакументы падаў у медыцынскі ўніверсітэт… 

Аднак не той шлях быў пры­значаны Тадэвушу: да ўступных іспытаў справа не дай­шла, бо хлопец выправіўся ў пілігрымку да Маці Божай Ясна­гурскай. Там ён ужо дакладна вырашыў, што пойдзе ў кляштар кармялітаў – там Тадэвуша нараклі Казімірам.  Пражыўшы год у кляштары, айцец Казімір скончыў вышэйшую семінарыю ў Познані, а потым Кракаўскую вышэйшую духоўную семінарыю. 
І ўвесь гэты час яго не пакідала думка пра Афрыку.

– Мы нават гурток па пад­рыхтоўцы да місіянерства ў семінарыі стварылі. Я французскую мову спецыяльна для гэтага вывучаў – рыхтаваўся, – узгадвае айцец Казімір. – Каб сабраць грошы на набыццё неабходных рэчаў для місіянераў у Афрыцы, мы збіралі  і здавалі макулатуру і металалом. Купіўшы ўсё патрэбнае, пакавалі пасылкі  кілаграмаў на дзвесце – для гэтага спецыяльна збівалі вялікую дашчатую скрыню – і адпраўлялі місіянерам. 
Адслужыўшы пасля вучобы два гады сакратаром правінцыяла ў Варшаве, айцец Казімір папра­сіў­ся, каб яго ўключылі ў склад місіі ў Афрыку. У адказ пачуў:
– Да цябе ўжо пяць чалавек туды адправілі. Так што выбірай, куды паедзеш: Беларусь, Украіна ці Сібір. 
Святар выбраў...

 На другой Радзіме
З Беларуссю айцец Казімір упершыню пазнаёміўся ў 1990-м годзе, калі ксяндзы з Польшчы прыехалі на Навагрудчыну, каб дапамагчы мясцоваму святару ў час Вербнай нядзелі. Да гэтага часу Казімір Мараўскі нічога пра нашу краіну не ведаў. 

– Мне спадабаліся месцы, дзе я цэлебраваў, – расказвае святар. – І прыхаджане таксама. Прыехаўшы ў Беларусь, я не адчуваў сябе чужым: людзі добрыя, адкрытыя, шчырыя, мясціны цудоўныя… Мне вельмі лёгка тут, можна сказаць, у мяне з’явілася яшчэ адна Радзіма, якую я люблю ўсім сэрцам.
Айцец Казімір вярнуўся са святарскай дэлегацыяй у Польшчу, а праз некаторы час прыехаў у Беларусь несці прыхаджанам Слова Божае. 
У мястэчку Гудагай Ка­зі­мір Мараўскі жыве і служыць  Богу і людзям ужо 14 гадоў. Ён упадабаў наш край, пазнаёміўся з беларускай культурай і мясцовымі традыцыямі – але не забывае і свае, родныя.

У Польшчы айцец Казімір бывае некалькі разоў на год: там магілы яго бацькоў, там жывуць браты і іншыя родзічы. 
Не забыў беларускі паляк і смак сваёй Радзімы, каларыт яе жыцця – калі ён узгадваў нацыянальныя традыцыі і кухню, здавалася, што і я смакавала тыя стравы і была на тых святах!

iuC0sSN-7VY.jpg

Каб пачулі, трэба гаварыць на зразумелай мове
У дзяцінстве мне была незразумелай пропаведзь ксяндза, значэнне многіх слоў у малітвах на польскай мове – так некалі і Тадзіку Мараўскаму  было цяжка ўспрымаць касцёльную навуку на лацінскай. 

– Я пачаў прыслугаваць у касцёле з пяці гадоў – брат прывёў. Цяжка было малому адказваць ксяндзу на лацінскай, але я вучыў, стараўся – успамінае айцец Казімір. – Да 70-х гадоў мінулага стагоддзя імшы ў польскіх каталіцкіх храмах вяліся толькі на латыні, пасля ўжо польская стала ўжывацца. 
Калі айцец Казімір прыехаў служыць у Беларусь, набажэнствы вёў па-польску. Але потым зразумеў, што дзеці і моладзь зразумеюць Божае Слова тады, калі з імі загавораць на роднай мове. 

– Памятаю, як у адной парафіі я вырашыў навуку для дзяцей і моладзі казаць па-беларуску – бачыў, што не разумеюць, аб чым гавару па-польску. Праўда, спачатку атрымліва­лася польска-беларуская трасянка,  – смяецца, узгадваючы, Казімір Мараўскі. – Але я такі рады быў, што мяне пачалі разумець.  Ды неўзабаве да мяне прыйшла дэлегацыя старэйшых прыха­джан з просьбай весці імшу па-польску – так было заўсёды, і яны не разумелі, для чаго гэтыя змены. Я патлумачыў – і яны пагадзіліся.

Айцу Казіміру нялёгка было  прамаўляць навуку па-беларуску – да гэтага ён не вывучаў ні рускай, ні беларускай мовы.
– Як ехаў у Беларусь, толькі і ведаў што «здравствуйте», «до свидания», «спасибо», «пожалуйста», – з усмешкай успамінае святар.
Айцец Казімір і цяпер стараецца гаварыць пропаведзі па-беларуску  – за амаль 30 гадоў служэння ён добра вывучыў нашу мову – кажа, што так толку болей. 

L-gYNrMhRZQ.jpg


Пра Польшчу і палякаў
* На Каляды і Новы год пада­рункі дзецям прыносіць Святы Мікалай. 

* На вігілійным стале абавязкова павінна быць аплатка, запечаны карп, куцця і кампот з сухафруктаў. Куццю робяць з распаранай пшаніцы, у якую дадаюць мёд, разынкі, мак і грэцкія арэхі. 

* У Вербную нядзелю ў некаторых рэгіёнах Польшчы праводзяць конкурсы на самую прыгожую і самую вялікую вербачку – некаторыя з іх  дасягаюць 15-ці метраў у вышыню. 

* У першы панядзелак пасля Вялікадня ёсць традыцыя аблівання вадой – «Смігус-дынгус».
Гэту традыцыю некалі прывёз з сабою айцец Казімір і ў Гудагай. 
«У дзяцей і моладзі яна хутка прыжылася: сухім у гэты дзень ніхто не заста­ваўся», – кажа святар.

* Пасля Адвэнтовага посту ў палякаў любімая забава – куліг, або «карагод саняў». Запрагаюць коней у сані,  туды садзяцца дарослыя, да саняў прычапляюць малыя санкі для дзяцей – і катаюцца. Потым распальваюць  вогнішча смажаць шашлыкі і каўбаскі, дзяцей частуюць цукеркамі.

* Польскае паходжанне маюць танцы паланэз, кракавяк, мазурка, а вось полька – не.

* Традыцыйныя польскія стравы: бігас – тушаная з мясам і каўбаскамі капуста, бульбяныя аладкі, боршч, а таксама шарлотка і пончыкі. Пончыкі робяць вялікімі, іх глазуруюць або паліваюць шакаладам, у іх кладуць розную начынку – асабліва любяць яе з варэння з дзікіх руж.

 * Любімая польская прыправа – кроп.

* Мажанна – народнае свята, кшталту  Масленіцы. Праўда, калі ў нас пудзіла Зімы спальваюць, у Польшчы яго яшчэ і топяць у рэчцы, возеры ці сажалцы. 

* Ветлівая форма звароту  ў палякаў – пан, пані, паненка.

* Каля 90% насельніцтва Польшчы – католікі, таму традыцыі гэтай краіны цесна звязаныя з рэлігіяй.

* Імяніны ў палякаў – большае свята, чым дзень нараджэння.

Традыцыйныя імёны
Жаночыя: Марыя, Марыёла, Ядвіга, Зоф’я.
Мужчынскія: Станіслаў, Міраслаў, Анджэй, Ян.

У Польшчы ёсць населены пункт, які называецца Астравец Свентакшыскі – цяпер гэта гарадская гміна. Першыя згадкі пра яго адносяцца да 14 стагоддзя – на стагоддзе раней, чым пра наш горад, – у той час гэта была вёска Астравец. А вось горадам польскі Астравец стаў у 17 стагоддзі. Сучасную назву ён  атрымаў у 1937 годзе, але больш ужывальнай застаецца назва Астравец.





Текст:
Фото: Рита Дремо