Аэродром в Островце сохранился в названии улицы

11:36 / 26.08.2018

Адносна нядаўна, усяго сем гадоў таму, у Астраўцы з’явілася новая вуліца – Аэрадромная. І пралягла яна на месцы з цікавай гісторыяй: тут раней быў аэрадром, які і цяпер часта ўзгадваюць старэйшыя астраўчане, – гэтая гістарычная дадзенасць і дала назву вуліцы.
Пра мясцовую авіяцыю пры падрыхтоўцы да чарговага выпуску відэапраекта «Гарадскі шпацыр», які выходзіць на сайце нашай газеты, нам расказала дачка тагачаснага начальніка аэрапорта Рышарда Іванавіча Асінскага Вольга Турубарава. Яе мы папрасілі падзяліцца ўспамінамі і з чытачамі нашай газеты.

2.jpg

Аэрадромны «сямейны падрад»

Сям’я Асінскіх прыехала ў Астравец з Ашмян у 1973 годзе: Рышарда Іванавіча прызначылі начальнікам Астравецкага аэрапорта, яго жонка Эмілія Анто­наўна працавала тут касі­рам і прыбіральшчыцай.

Будынак аэрапорта – цяпер гэта прыватны дом – стаяў на за­вулку Кастрычніцкім. У адной яго частцы была зала чакання, бі­летная каса, апаратная,  а ў другой – жыў начальнік з сям’ёй.

9.jpg

– У апаратнай была ўсталявана «крутая» па тых часах радыёапаратура. З дапамогай яе трымалі сувязь з самалётамі і іншымі аэрапортамі, – расказвае Вольга Турубарава. ––  Былі ў пілотаў і пазыўныя.  Астравец называлі «Падвозчык 2», былі яшчэ «Батанік», «Прысос», «Лента»… Пазыўныя давала Гродна.

Каб быць увесь час на сувязі, Рышард Асінскі правёў у хатні пакой радыёкропку.

– Мы з дзяцінства ведалі ўсе сігналы, таму заўсёды маглі далажыць бацьку абстаноўку, – узгадвае дачка начальніка аэрапорта. – Я, старэйшая, разумела, што рып і шыпенне з перадатчыкаў – нармальна, а вось трое меншых спачатку палохаліся гэтых незразумелых гукаў.

7.jpg

Радыёапаратуру абслугоўвалі тэхнікі з вобласці.

– Мы вельмі любілі, калі яны прыязджалі – гэта было раз у год, зімой, – узгадвае Вольга Рышардаўна. – Гэтыя мужчыны нам здаваліся сапраўднымі дзедамі марозамі, бо заўсёды прывозілі навагоднія падарункі.

А якія атракцыёны ўстройвалі сабе дзеці начальніка аэрапорта! Пастаяць пад ветрам перад разгонам самалёта – гэта вам не арэлях гушкацца. Праўда, за гэтыя забавы потым атрымлівалі ад бацькоў наганяй – але ж каго гэта спыняла?!

– Перад узлётам самалёт вырульваў на паласу і стаяў з працуючым маторам  хвілін пяць – у гэты час мы скакалі, куляліся пад ветрам, – расказвае Вольга Турубарава. – Калі выпрабоўвалі рухавік, яго трэба было пракручваць пэўны час. Як пачуем, што самалёт завёўся, бяжым з усіх ног – і тады вецер быў толькі наш! Мы сябе адчувалі каралямі! Бывала, прыходзілі «пад вецер» і іншыя дзеці – па нашым запрашэнні, «па блату», – смяецца, успамінаючы дзяцінства, жанчына.

«Лавіць вецер» ад самалёта была не адзінай «лётнай» забавай у малых Асінскіх. Ім часам «перападалі» паветраныя міні-экскурсіі на самалётах хімавіяцыі.

– У гэтых самалётах былі два крэслы для пілотаў – дзвярэй у кабіну пілотаў не было. І стаяла адно крэсліца, прымацаванае да сцяны, – для пасажыра, – узгадвае Вольга Рышардаўна. – Адзін з нас сядзеў на гэтым крэсліцы, а астатнія стоячы глядзелі ў ілюмінатар. У самалёце ўсё гудзела, ён трапляў у паветраныя ямы – раскачвала, нібы на арэлях. Ад палёту ў нас ажно дух захоплівала! Некалькі разоў мы з сяброўкай ляталі да Ашмян і, вяртаючыся назад аўтобусам, гучна абмяркоўвалі сваю вандроўку – каб усе ведалі, што мы ляталі на самалёце!

8.jpg


 «Кукурузная» гісторыя

Тэрыторыя паміж вуліцамі Аэрадромнай, Кастрычніцкай, Набярэжнай і Кветкавай калісьці была пасадачнай пляцоўкай для самалётаў. Праўда, выглядала яна не так, як многія ўяўляюць сабе аэрадром, – з узлётна-пасадачнымі палосамі, асфальтам, разметкай…

Гэта было звычайнае поле з добра ўтрамбаваным грунтам, парослым травой, на ім пасвілі кароў мясцовыя жыхары!

– Раней на нашай вуліцы ўсе трымалі кароў, – успамінае колішняя жыхарка вуліцы Кастрычніцкай Аксана Макей, у дзявоцтве Праўлуцкая. – І вадзілі іх пасвіць на аэрадром. Там жа нарыхтоўвалі сена – мы дзецьмі любілі гуляць у гэтых стагах. І на самалёты бегалі паглядзець. А ў тым баку, дзе цяпер пабудаваны магазін «Санта» і фізкультурна-аздараўленчы комплекс, былі людскія агароды.

Пасажыры ляталі на «ку­ку­рузніках» – так называлі ў наро­дзе самалёты АН-2. У іх было ўсяго 10-12 пасадачных месцаў, таму білеты стараліся заказаць загадзя: іх не заўсёды можна было купіць перад самым палётам. У «кукурузнікаў» было два пілоты, якія і прымалі пасажыраў. Для іх выкідваліся дзве прыступкі, па якіх па­дымаліся на борт – гэткая імітацыя трапа. Сцюардэс на «кукурузніках» не было. Пры­зям­ляліся часам і верталёты – гэта была санітарная авіяцыя.

– Самалёты пасажырскай авіяцыі былі пафарбаваны ў бела-блакітны колер, хімавіяцыя – у жоўта-зялёны, санітарную пазначалі знакам крыжа, – успамінае Вольга Рышардаўна. – Ноччу самалёты не ляталі. Рэйсы маглі адмяніць  з-за непагадзі.

– Пасажырскі самалёт лятаў кожны дзень. Нашы рэйсы Гродна – Астравец, Гродна – Нарач праз Астравец, Ашмяны, – працягвае жанчына. – Гадзіна шляху – і ты ўжо ў Гродне: хутка і зручна. 

Рэйсы на Нарач існавалі толькі на сезон адпачынку.

Каб задаць пілотам курс пасадкі, начальнік аэрапорта па­ві­нен быў вызначыць напрамак і сілу ветру. Гэта ён рабіў з дапамогай флюгера і  прапеллера.

Даныя пра воблачнасць, сілу і напрамак ветру перадаваліся ў галаўны аэрапорт у Гродна. Перад пасадкай пілоты яшчэ раз запытвалі надвор’е і гатоўнасць паласы. 

Каб пілот ведаў, дзе прызям­ліцца, начальнік аэрапорта наносіў указальную разметку. Для гэтага з вялікіх палотнішчаў – летам белага, а зімой чырвонага колеру – выкладвалася літара «Т». Да зямлі знак, які «паказваў» курс прызямлення,  прымацоўваўся штырамі на расцяжках, і ставілася пяць сцяжкоў.

– Калі бацька рыхтаваў паласу да пасадкі, ён, акрамя раскладкі знакаў, аглядаў поле, каб там не было адпачываючых, кароў на выпасе, – расказвае дачка начальніка аэрапорта. – Калі заўважаў некага, садзіўся на веласіпед і ехаў папярэдзіць, каб «ачысцілі» поле.

Ангараў для самалётаў у Аст­раўцы  не было – «кукурузнікі» толькі забіралі і прывозілі сюды пасажыраў. Калі патрабаваўся тэрміновы рамонт, то выклікалі спецыялістаў з Гродна.

 4.jpg

Засталася толькі назва

З цягам часу пасажырскія рэйсы сталі скарачаць: калі спачатку ў Гродна самалёт лятаў кожны дзень, то потым – два разы на тыдзень. У канцы 80-х гадоў паўстала пытанне пра закрыццё аэрапорта.

Калі пасажырскія рэйсы ад­мянілі, на аэрадроме стала базі­равацца хімавіяцыя – гэтая пляцоўка доўгі час заставался экстранай для прызямлення лесапатрульнага самалёта і санітарнай авіяцыі.

5.jpg

– У хімічнай авіяцыі былі дзве пляцоўкі: міхалішкаўская і астравецкая, – узгадвае Вольга Турубарава. – Пілоты жылі ў гасцініцы, а самалёты стаялі на аэрадроме. Бывала, што хімавіяцыя працавала цэлы месяц. Закрыццё астравецкай аэрадромнай пляцоўкі адтэрміноўвала бальніца: санітарнай авіяцыі трэба было недзе прызямляцца.

Пасля закрыцця аэрапорта яшчэ доўгі час у Астраўцы працавала білетная каса, у якой можна было заказаць білеты на вылет з аэрапортаў Гродна і Мінска.

– Маці браніравала па тэлефоне білеты і выпісвала бронь пасажырам, – узгадвае Вольга Рышардаўна. – Білеты выпісваліся ўручную праз капірку, каб пакінуць дублікат – па іх штомесяц складалася справаздача, якую адпраўлялі ў Гродна заказнымі пісьмамі.

6.jpg

Пасля закрыцця касы будынак аэрапорта сям’я Асін­скіх выкупіла ў прыватную ўласнасць. На былым аэрадроме астраўчанам выдзелілі зямлю пад агароды. Потым ён стаў калгасным полем. А адносна нядаўна на гэтым месцы вырас цэлы жылы мікрараён.

Цяпер пра колішні аэрадром астраўчанам нагадвае толькі назва новай вуліцы ў другім мікрараёне – Аэрадромная.

Гэта цікава

У самалётах АН-2 было ўсяго 10-12 пасадачных месцаў, таму білеты стараліся заказаць загадзя. За штурвалам ся­дзела два пілоты, якія і прымалі пасажыраў. Сцюардэс на «кукурузніках»
не было. 

Текст: