Неугомонные “Черемушки” из Островецкого территориального центра
10:16 / 24.07.2018
Напэўна, так аднойчы падумалі наведвальніцы Астравецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання – і вырашылі: нядрэнна было б і самім успомніць танцы бабуль і дзядуль, і моладзі паказаць прыгажосць танцаў мінулых стагоддзяў. Так з’явіўся харэаграфічны калектыў «Чаромушкі».
Пачыналася ўсё з дзвюх пар. Жанчыны, якім імпэт не дазваляе сядзець без справы, сталі ўспамінаць прызабытыя рухі бытавых і святочных танцаў. Цяпер калектыў складаецца з 10 жанчын узростам ад 50 да 72 гадоў. Яны актыўна займаюцца адраджэннем і прапагандай колішніх танцаў.
– У той момант, калі мы вырашалі, як назваць калектыў, пачулі музыку пад аднайменнай назвай з савецкай кінастужкі, – расказвае кіраўнік калектыва Тамара Іванаўна Батура. – Яна ўсім настолькі спадабалася, што аднагалосна прагаласавалі за «Чаромушак».
У лістападзе калектыву спаўняецца два гады. «Чаромушкі», як бачым, яшчэ маладыя, – аднак за гэты час ужо паспелі «засвяціцца» на многіх святах і мерапрыемствах нашага раёна і нават у канцэртах за межамі Астравеччыны.
У рэпертуары харэаграфічнага калектыву з дзясятак народных танцаў – і столькі ж яны яшчэ хочуць развучыць. А скарбонка ўзнагарод ужо напоўнілася дыпломамі, самым галоўным з якіх жанчыны лічаць Дыплом пераможцы адкрытага творчага фестываля-конкурса «За родную Беларусь», які праходзіў падчас святкавання Дня Незалежнасці.
Цяпер жанчыны актыўна рыхтуюцца да юбілею горада, каб паказаць жыхарам і гасцям Астравеччыны ўсю прыгажосць беларускіх танцаў мінулых часоў. Таксама яны супрацоўнічаюць з вакальна-харэаграфічный групай «Вязынка» з тэрытарыяльнага цэнтра – развучваюць разам некалькі нумароў.
– Мы з радасцю ўдзельнічаем у розных імпрэзах і канцэртах, – гаворыць Тамара Іванаўна, – і заўсёды гатовы паказаць нашым гледачам, што ўзрост – не перашкода для актыўнага жыцця, гэта толькі лічба ў пашпарце, галоўнае – маладосць душы.