"Мая мара, мой шлях і маё прызванне" - гісторыя Дануты Міхайлаўны Блашкевіч

15:14 / 12.10.2017

Яе прыгожы сакавіты голас і шчырая манера выканання зачароўваюць з першых нот – і не адпускаюць да заканчэння песні. Пранікаючы ў самыя нетры душы, саграваюць і ствараюць гармонію. Сапраўдны майстар сваёй справы дорыць сапраўдныя эмоцыі. І немагчыма па-іншаму адчуваць, калі выступае Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, залаты голас Астравеччыны – Данута Міхайлаўна Блашкевіч. 

IMG_8793.jpg

Данута Міхайлаўна ніколі не лічыла сябе асаблівай спявачкай. Так, ёсць голас, так, умее спяваць. Але ж інжынеры ствараюць праекты, урачы лечаць людзей, камбайнеры збіраюць ураджай – кожны робіць справу, якой вучыўся. Яна выбрала музыку – дык чаму павінна дрэнна спраўляцца са сваёй работай?

Дарэчы, рабіць усё на “выдатна” жанчына прывыкла яшчэ з дзяцінства. Яна старанна займалася ў школе, і настаўнікі ў адзін голас прарочылі ёй бліскучую кар’еру ў якой-небудзь прэстыжнай прафесіі – музыка ды спевы да іх не адносіліся. Ды дзяўчынка толькі ўсміхалася ў адказ – выбар даўно ўжо быў зроблены. Заставалася толькі ажыццявіць мару. 

– Хоць ніхто ў нашай сям’і не меў музычнай адукацыі – але спяваць любілі і ўмелі ўсе! – расказвае Данута Міхайлаўна. – Тата, мама, дзядуля, бабуля такія сямейныя канцэрты ладзілі ў нядзелю ці на свята! Ну і мы з сястрой, зразумела, далучаліся. Выходзім вечарам на веранду гарбаты папіць – і зацягваем песню. На тыя музычныя “агеньчыкі” часта і сябры з суседзямі завітвалі. Весела было, хораша! Дык што ж дзіўнага, што я з маленства “захварэла” песняй? А падрасла – і цвёрда вырашыла, кім хачу стаць. Памятаю, у трэцім класе яшчэ сачыненне на гэтую тэму пісалі. Вось тады і агучыла сваю запаветную мару: хачу стаць настаўніцай музыкі. Дарэчы, тое сачыненне да гэтага часу ў мяне захавалася. 

Дзяўчынка не толькі напісала пра запаветнае, але, не адкладваючы справу на доўгае “потым”, прыступіла да ажыццяўлення мары. Для пачатку з лёгкасцю скончыла музычную школу па класе акардэона. Днём дзяўчына наведвала заняткі, а вечарамі засвойвала веды: дружнай дваровай кампаніяй яны арганізоўвалі сапраўдныя  дыскатэкі пад акардэон. Рэпертуар быў разнастайны: ад полькі і вальса да хітоў папулярных гуртоў “Веселые ребята” і “Поющие гитары”.

– Напэўна, зараз гэта выглядала б смешна: моладзь спявае і “тусуецца” пад акардэон, – усміхаецца Данута Міхайлаўна. – А ў той час мы любілі збірацца кампаніяй: ігралі, спявалі, танцавалі – гудзела ўся вуліца, а можа, і не адна. І ніхто нікому не замінаў. Хутка я навучылася падбіраць любыя мелодыі. А калі вучылася на першым курсе вучылішча, нават іграла вяселле і провады. 

Нягледзячы на парады настаўнікаў падумаць аб іншай прафесіі, дзяўчына пасля 8-мі класаў паступіла ў Лідскае музычнае вучылішча на харавое аддзяленне. Музычны віхор падхапіў і закружыў яе ў імклівым “танцы” – пачаўся насычаны, цікавы і вясёлы час студэнцкага жыцця. Заняткі змяняліся рэпетыцыямі і выступленнямі на канцэртах, дзе Данута  набіралася сцэнічнага і музычнага вопыту. Яна і тут з усім спраўлялася на “выдатна”!

Але адна справа – спяваць самой, а вось вучыць музычнай грамаце іншых – гэта ўжо больш сур’ёзна і адказна. А калі вучні – дарослыя людзі, ды яшчэ амаль удвая старэйшыя за настаўніцу, – гэта не жартачкі. Менавіта такія выпрабаванні на стойкасць чакалі Дануту Міхайлаўну, калі малады спецыяліст прыехала працаваць у Варнянскую музычную школу, створаную ў калгасе імя Чапаева: ёй даручылі кіраваць калгасным хорам. Але вясёлая   і камунікабельная дзяўчына хутка знайшла падыход да сваіх падапечных – і яны сталі сапраўднай музычнай камандай, якая выступала на раённых канцэртах і ўдзельнічала ў конкурсах мастацкай самадзейнасці.  

– Першыя крокі не забываюцца, – упэўнена Данута Міхайлаўна. – Гэта вопыт, адказнасць, памылкі і работа над імі. Лічу, мне пашанцавала: я займалася любімай справай, а гэта была ўжо палова поспеху. Работу ў Варнянскай музычнай школе заўсёды ўспамінаю з цеплынёй і ўсмешкай – там прайшлі не толькі першыя гады працы, але і непаўторны час маладосці.

Праз некалькі гадоў харавое аддзяленне адкрылася ў Астравецкай музычнай школе – і Данута Міхайлаўна перавялася ў райцэнтр. З гэтага часу запіс у яе працоўнай кніжцы не змяняўся – на працягу амаль трох дзесяцігоддзяў жанчына вучыць дзяцей не толькі азам вакалу, але і любові да музыкі. 
З-пад музычнага крыла Дануты Міхаўлаўны вылецеў у свет творчасці не адзін дзясятак таленавітых выпускнікоў. Некаторыя з іх таксама звязалі сваё жыццё з музыкай: адны выкладаюць у Лідскім дзяржаўным      музычным каледжы, другія працуюць побач са сваёй настаўніцай і нярэдка прыходзяць да яе за парадай, а трэція прыводзяць на заняткі да жанчыны ўжо сваіх дзяцей.

Не забывае Данута Міхайлаўна і пра сцэну – ніводзін раённы канцэрт не абыходзіцца без яе ўдзелу. У гады існавання Савецкага Саюза разам з калегамі яна выступала ў суседніх рэспубліках. А са шматлікіх абласных і рэгіянальных конкурсаў жанчына заўсёды вярталася з узнагародамі. 

У 2001 годзе Дануце Міхайлаўне Блашкевіч было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь” – высокая і заслужаная ўзнагарода. А не менш каштоўнае народнае прызнанне яна атрымала даўно: яе прыгожы сакавіты голас і шчырая манера выканання прыцягваюць і зачароўваюць гледачоў з першых нот – і не адпускаюць да заканчэння песні.
 
Бліц-апытанне:

– Ці хацелі б стаць знакамітай спявачкай? 
– Адназначна – не! Я – на сваім месцы! Мне аднолькава падабаецца вучыць дзяцей музыцы і спяваць для душы. А ў свеце шоу-бізнесу няма душы.

– Ці пашкадавалі хоць раз аб сваім выбары? 
– Ніколі! Гэта мая мара, мой шлях і маё прызванне.

     – Вы – шчаслівы чалавек? 
– А хто ведае, якое яно – шчасце? Які мае колер, пах ці смак? (Задумваецца) Так, напэўна, шчаслівая: усё добра ў маіх родных, а значыць і ў мяне.

– Ваша дзіцячая мара здзейснілася. Аб чым марыце цяпер?
– Аб унуках. Хачу быць шчаслівай бабуляй! 



Текст: