Настаўнік – гэта пакліканне!

12:29 / 01.10.2017

Усе мы  ў юнацтве выбіраем сваю дарогу ў жыцці і, напэўна, кожнаму – ці амаль кожнаму! – час ад часу хацелася змяніць яе.
Напярэдадні Дня настаўніка наш карэспандэнт вырашыў запытацца ў педагогаў, ці з’яўляліся ў іх думкі аб змене прафесіі?

Барысевіч.jpgУладзімір Барысевіч, настаўнік фізікі:
– Работа настаўніка – гэта пакліканне: трэба да вар’яцтва любіць сваю справу і дзяцей, каб быць сапраўдным педагогам. Трэба быць мяккім да дзяцей – але кантраляваць, каб яны не селі на шыю.
У маім жыцці быў момант, калі я развітаўся са школай. Аднак нават тады я прыходзіў сюды і вёў заняткі. А потым вярнуўся да педагагічнай дзейнасці. І зараз, пасля больш чым дваццаці гадоў настаўніцтва, скажу шчыра: не ўяўляю жыцця без школы.

Свістун2.jpgМарыя Свістун, педагог-арганізатар:
– Калі я толькі пачынала сваю працоўную дзейнасць, то, хоць і хвалявалася, аднак была гатова да ўсяго. Крыху боязна было, што буду працаваць не па спецыяльнасці, аднак цяпер, здаецца, усё нармальна – унікла ў справу. А ўвогуле я па спецыяльнасці настаўнік гісторыі 
і грамадазнаўства.
Пра іншую работу нават не задумвалася: не ўяўляю свайго жыцця без школы і дзяцей.



Чарняўская2.jpg

Алена Чарняўская, педагог дадатковай адукацыі:
–  Прызнацца шчыра, ніколі не думала, што стану настаўніцай і буду працаваць з дзецьмі. Пасля школы паступіла на закройшчыка верхняга адзення ў Полацк, потым закончыла Віцебскі педагагічна-індустрыяльны каледж. Працавала ў Доме Быта. Потым прапанавалі месца ў Варнянскім НВК – там атрымлівалі прафесію вучні старэйшых класаў. Пасля закрыцця НВК стала працаваць ў Дайлідскай школе настаўнікам  працоўнага навучання. А пасля таго, як і гэту ўстанову закрылі, уладкавалася ў ЦТДіМ.
За той час, што працую ў Цэнтры, прывыкла да дзяцей, можна сказаць, прыкіпела да іх. Ды і дзеці вельмі старанныя і творчыя – самі шыюць, крояць, перашываюць. Самі сабе шыкоўныя сукенкі выдумляюць і ствараюць. Нават некалькі хлопчыкаў да нас у гурток прыходзіць.



Крывец2.jpgУладзімір Крывец, настаўнік фізікі:
– Вядома, жаданне ўсё кінуць і пайсці на іншую работу з’яўлялася. Нават не аднойчы. Асабліва калі прыходзяць «вельмі разумныя і адукаваныя» бацькі і пачынаюць мяне вучыць, як правільна выкладаць і выстаўляць адзнакі…
Куды я хацеў бы пайсці? Пасля школы  марыў пра
медыцыну: узмоцнена вучыў біялогію – нават у абласных алімпіядах прымаў удзел. Але потым перамагла схільнасць да фізікі.
Адукаваны чалавек, лічу, павінен ведаць шмат, каб быць запатрабаваным у наш час, а фізіка – менавіта тая навука, якая вывучае шырокае кола з’яў і падзей. Таму наўрад ці я пакіну настаўніцкіую дарогу.



Ляшнеўская.jpgНаталля Ляшнеўская, настаўніца пачатковых класаў:
– Я люблю дзяцей і сваю працу. Аднак апошнім часам жаданне змяніць работу з’яўляецца ўсё часцей. Чаму? Адкажу так: ёсць такі малюнак, дзе настаўнік сядзіць за сталом, а перад ім журнал, на якім напісана «Журнал уліку журналаў, якія ляжаць у кучы іншых журналаў»…
Кім хацела б быць, калі б не стала настаўніцай? Напэўна, бухгалтарам:  заўсёды любіла матэматыку. Аднак не ўяўляю свайго жыцця без дзяцей, таму змена работы, хутчэй за ўсё, толькі мара.


Гутарыў Антон МАЛЬШЭЎСКІ, фота аўтара.


Текст: