Благадатны агонь і жыццядайнае слова

10:20 / 31.08.2017

бл4.jpg

Гэтай традыцыі ўжо шмат гадоў: напярэдадні Дня беларускага пісьменства і друку па гарадах і вёсках Беларусі выпраўляецца духоўна-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», каб завяршыць свой шлях у вызначаны дзень у сталіцы гэтага свята. На адзін дзень горад-герой Мінск дэлегіруе гэтае пачэснае права нейкаму з гарадкоў Беларусі, адметнага сваімі слыннымі сынамі і справамі. Сёлета, у год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, такой сталіцай у чарговы раз заканамерна стане слаўны горад Полацк.

Дзякуючы таму, што экспедыцыя прыходзіць у розныя гарады і вёскі, яны таксама на дзень, на паўдня, на некалькі гадзін становяцца такімі ж міні-сталіцамі галоўнага нацыянальнага свята. І не варта абвінавачваць мяне ў бяспамяцтве ці імкненні раздуць з мухі слана з-за таго, што лічу Дзень беларускага пісьменства галоўным святам краіны. Так, я памятаю і пра Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, і пра Дзень Перамогі, і пра іншыя дзяржаўныя святы, якія адзначаюцца з куды большым размахам, – і ніколькі не аспрэчваю сваім папярэднім сцвярджэннем іх важнасці і значэння.
Але асмелюся сцвярджаць, што незалежнасць нашай дзяржавы, а найперш – самаўсведамленне беларусаў як асобнага народа са сваёй мовай, культурай, гісторыяй, а не нейкага там «недаразвітога ўскраіннага прыдатка» палякаў ці русінаў, прыйшло ад слова і ад кнігі – таго самага Скарынаўскага «Псалтыра», які слаўны палачанін, што здолеў апярэдзіць свой час, 500 гадоў таму надрукаваў у Празе. І тое, што асветніцтва ў наш народ ішло менавіта праз царкву, сведчыць і самая першая беларускамоўная кніжка, і іншыя факты з гісторыі.
Магчыма, я памыляюся, але, мне здаецца, Беларусь – адзіная дзяржава, дзе гэта не проста разумеюць і памятаюць, а ўсяляк прапагандуюць агульны духоўна-асветніцкі пачатак. І правядзенне штогадовай сумеснай духоўна-асветніцкай экспедыцыі, дзе поруч ідуць Благадатны Агонь і жыццядайнае Слова, малітва і верш, – яскравае таму пацвярджэнне.
Прыдачыніцца да гэтай экспедыцыі мне выпала тройчы.
Першы раз – калі яна ўпершыню завітала ў Астравец, і сустракаў яе, без перабольшання, увесь горад, без падзелу на праваслаўных і каталікоў. Удзельнікі экспедыцыі тады мне ўяўляліся нейкімі небажыхарамі, якім за неймаверныя заслугі выпала гэтая адказнасць і шчасце: на працягу тыдня несці тысячам людзей у розных куточках краіны ачышчальны цуд Благадатнага агню і жыццядайную сілу беларускага слова.
Пасля мне двойчы пашчасціла самой стаць удзельніцай гэтай экспедыцыі, і адчуванне яе глыбокай, глыбіннай сутнасці не тое, што змянілася – трансфармавалася. Мудрае слова айца Сергія Гардуна, які ў тыя гады акармляў экспедыцыю; адкрытая ўсмешка яго памочніка, захавальніка лампады з Благадатным агнём Дзмітрыя Ворсы; пранікнёныя вершы Вадзіма Спрынчана; цікавыя расповеды пра мінуўшчыну нашай Беларусі доктара гістарычных навук Пятра Лысенкі, які знайшоў і раскапаў старажытнае Бярэсце; энцыклапедычныя веды Анатоля Бутэвіча; таленавітыя здымкі і вершы Яўгена Пясецкага – усё гэта, а найперш – пастаянная прысутнасць тут, побач, непагаснай лампады з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга, напаўняла душу тым адчуваннем непраходнай эйфарыі, якая, напэўна, і завецца благадаццю.
Да гэтага часу ў патаемных, не для штодзённага шмальцавання, куточках памяці захоўваюцца тыя дні, запоўненыя ад рання да змяркання кіламетрамі дарог, размовамі, малітвай, такімі рознымі, ад старажытных муроў да палацаў-«новадзелаў», храмамі, успамінамі пра асаблівыя, знакавыя сустрэчы і падзеі, якія прымусілі на многае паглядзець па-іншаму, многае пера­асэнсаваць. Цяпер многія гарады і вёскі ў розных абласцях Беларусі ўзгадваюцца мне менавіта па гэтых экспедыцыях, храмах, сустрэчах…
Сёлета экспедыцыя «Дарога да святыняў» зноў завітае ў Астравец. І я ўжо знаходжуся ў радасным прадчуванні сустрэчы – са Словам і Малітвай, з Благадатным агнём і людзьмі, што нясуць нам гэтую благадаць. Хочацца пажадаць, каб усіх тых, хто прыйдзе на гэтае спатканне, яна таксама не абмінула…


http://www.ostrovets.by/news/novosti/news13720.html

Текст: Нина Рыбик
Фото: Яўген Пясецкі