Восьмое чудо света искали воспитанники лагеря, который функционировал на базе Ольховской школы

13:32 / 23.08.2017

8cud.jpg

У летніку “Восьмы цуд свету”, які функцыянаваў на базе Альхоўскай сярэдняй школы, выхаванцам дапамаглі не толькі адкрыць таямніцы малой радзімы, але і знайсці той самы – восьмы цуд.

Ім аказаліся… Не, не помнікі прыроды ці архітэктуры, а самі дзеці. Тыя, у чыіх руках будучыня нашай Радзімы і ўвогуле свету, тыя якія будуць захоўваць спадчыну і рабіць новыя адкрыцці. 

8cud1.jpg

8cud2.jpg

Такі летнік у раёне працаваў упершыню, – расказвае яго дырэктар Алена Іванаўна Кусойць. – Ідэя змены была даволі простай: вывучаючы, ствараць – на карысць сабе і навакольнаму свету. Праз розныя формы дзейнасці мы прыдачынялі выхаванцаў да культуры роднага краю і традыцый, займаліся даследчыцкай дзейнасцю, і, канешне ж, устройвалі забаўляльныя праграмы.

У летнік прыехалі рознаўзроставыя дзеці – ад 6 да 16 год, таму іх раздзялілі на два атрады: меншыя прапісаліся ў “Сузор’і” – менавіта яны былі галоўнымі адкрывальнікамі цудаў, а старэйшыя пасяліліся ў “Галівудзе” – іх задачай была дапамога ў рэжысуры  і пастаноўцы мерапрыемстваў, а таксама стварэнне відэароліка пра альхоўскі адпачынак.

Тут спасцігалі навуку народнага календара і раскрывалі сакрэты беларускай кухні, наведвалі гістарычныя мясціны свайго і суседніх раёнаў, рабілі экаўпрыгожанні і прадстаўлялі дызайнерскае адзенне з прыродных матэрыялаў, спаборнічалі ў веданні песень беларускай эстрады і роднай мовы, праводзілі беларускія танцавальныя батлы і вячоркі, устройвалі парад мыльных пульхіроў і каляровыя шоу – і галоўнымі завадатарамі, як дзеючымі асобамі, былі самі выхаванцы.

Дарослыя больш былі так званымі мадэратарамі дзіцячага адпачынку, яны скіравалі іх дзейнасць у азначаным напрамку, таму, па словах Алены Іванаўны, у выйгрышы былі ўсе: выхавацелі атрымалі задавальненне ад работы, а навучэнцы  ад стасункаў і добрага правядзення вольнага часу.

Я лічу, што дзевяць дзён, якія працаваў наш летнік, мы з дзецьмі правялі не дарэмна, аб гэтым гавораць іх водгукі, і водгукі іх бацькоў, – гаворыць старшы выхавальнік Наталля Аляксандраўна Горбач. – Мы вырашылі, што наступны год наш “Восьмы цуд…” адчыніць дзверы для дапытлівых краязнаўцаў ізноў. Што прапануем? Ідэя ёсць, але не буду пакуль што пра яе – няхай пабудзе ў сакрэце. А ўжо калі да нас прыедуць такія актывісты, як Дарыўш Гедройць, Ксенія Лапуня, Аліна Мужыла і Нэлі Качан – яны былі асноўным звяном самакіравання, то адпачынак не прападзе дарма!

8cud3.jpg

8cud4.jpg

8cud5.jpg

8cud6.jpg

Дарэчы, у альхоўскім летніку бавілі час не толькі вучні іншых школ раёна, быў тут  хлопчык з гродзенскай школы – і сельскія канікулы яму вельмі спадабаліся.

Звычайна як збіраюцца дзеці ў лагер? Шукаюць кампанію, з кім бы паехаць. Маё дзіця не мясцовае і прыехала сюды без сяброў – яны знайшліся тут, – дзеліцца Вікторыя Іванаўна Якуць, маці хлопчыка. – Саша шмат дзе адпачываў – таму нам ёсць з чым параўноўваць. Яму вельмі спадабаўся летнік, і я таксама ў захапленні: колькі цікавага для іх праводзілі, колькі яны наведалі мясцін – было бачна, што педагогі гарэлі сваёй справай! Нават у дождж ні ў каго не было сумнага настрою. Мяне, як маці, цікавілі і бытавыя ўмовы. Было прыемна бачыць чысціню, утульнасць пакояў, парадак на школьнай тэрыторыі. А як смачна, па словах сына, які і ў хаце пераборлівы да ежы, ім гатавалі павары! На наступны год Саша папрасіў, каб мы ізноў набылі пуцёўку ў гэты летнік.

Што ж, пачатак “Восьмаму цуду свету” дадзены добры. Таму, хто хоча не проста адпачыць, а адкрыць у сабе даследчыка і стваральніка,  альхоўскі летнік запрашае. Збірайцеся – роўна праз год!

Рыта ДРЭМА.

Фота з архіва летніка.

Текст: