Какие нововведения появятся в школе

10:09 / 10.08.2017
14

Хутка  пачнецца  новы навучальны год. Чаго ад яго чакаць школьнікам і іх бацькам?  Якія новаўвядзенні з’явяцца ў школе? Паспрабуем разабрацца.

Новы навучальны год для беларускіх школьнікаў пачнецца 1 верасня. У гэты дзень па папярэдніх звестках (залічэнне ў школу праводзіцца да 28 жніўня)   за школьныя парты ў нашым раёне  сядуць  2 892 вучняў. На іх і будуць апрабіраваны некаторыя з новаўвядзенняў бягучага года.

Новыя праграмы

Сёлета   вучэбныя праграмы па ўсіх прадметах былі прааналізаваны яшчэ раз. У першую чаргу ўлічылі міжпрадметныя сувязі: некаторыя тэмы перанеселі з аднаго класа ў другі з улікам узроставых асаблівасцей дзіцяці.

Каментарый спецыяліста:

–            У мінулым навучальным годзе па новых вучэбных планах і праграмах вучыліся вучні 1, 2, 5, 6, 10 і 11 класаў. Сёлета перагледжаны планы і праграмы па ўсіх прадметах для вучняў 3 і 7 класаў. Вучэбныя праграмы па ўсіх прадметах зацверджаны і размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале, – адзначыла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Алеся Казіміраўна Кашко.

Акрамя таго,  у праграмах адбыліся і іншыя змяненні. Ужо ў мінулым годзе была ўстаноўлена аднолькавая колькасць гадзін на вывучэнне беларускай і рускай моў і літаратур у 2 класе. Такое ж змяненне сёлета чакае вучняў 3 класа.

З  1 верасня ў 5, 6 і 7 класах будзе прадоўжана вывучэнне прадмета “Мастацтва”, аднак адзнака па ім  выстаўляцца не будзе, а таксама не трэба будзе рыхтаваць і дамашняе заданне.

У 7 класе павялічыцца колькасць гадзін на матэматыку – на гэты прадмет адведзена  пяць гадзін. Фізіку пачнуць вывучаць з 7 класа (дзве гадзіны) – раней яна вывучалась з шостага. На  вывучэнне хіміі ў 7 класе будзе выдзелена толькі адна гадзіна (раней было дзве).

Новыя падручнікі

Школьныя падручнікі ўвесь час падвяргаліся крытыцы. Пра тое, што яны нецікавыя, не раз гаварылі  школьнікі і іх бацькі. А вясной незадаволенасць імі выказваў і  прэзідэнт нашай краіны.

Работа над абнаўленнем падручнікаў пачалася яшчэ пры мінулым міністры, але за адзін год стварыць і перавыдаць камплекты падручнікаў для ўсіх класаў – задача складаная. Над ёй працуюць аўтарскія калектывы, метадысты і спецыялісты Інстытута адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Каментарый спецыяліста:

–           Вучні  трэціх і сёмых класаў з першага верасня пачнуць вучыцца па новых падручніках. Яны хутка паступяць у школьныя бібліятэкі. Змяненні чакаюць і адзінаццацікласнікаў – у іх будуць новыя падручнікі  па рускай мове і беларускай літаратуры. У першакласнікаў з’явіцца новы “Буквар” і падручнік па прадмеце “Чалавек і свет”. Гэты ж прадмет па новым падручніку будуць вывучаць і вучні 2 класа.

Усяго да пачатку навучальнага года будзе перавыдадзена каля 30 школьных дапаможнікаў. Іх асаблівасцю з’яўляецца нацыянальна арыентаваны змест.

 Увага ў бягучым годзе будзе ўдзелена стварэнню ўмоў для зніжэння вучэбнай нагрузкі праз нарміраванне дамашніх заданняў. Асноўны вучэбны матэрыял будзе засвойвацца на ўроках, функцыя дамашняга задання – замацаванне ведаў і ўменняў.

Каментарый спецыяліста:

–           У лютым 2018 года згодна з загадам міністра адукацыі будуць праведзены кантрольныя работы па геаграфіі ў 10 класе і матэматыцы ў 7 класе. У кожным раёне нашай краіны будуць выбраны ўстановы адукацыі, у якіх уся паралель будзе выконваць кантрольную работу. Дарэчы, па некаторых прадметах зменшана колькасць абавязковых кантрольных работ. Варта нагадаць, што яны не могуць праводзіцца ў панядзелак і пятніцу, а таксама на апошнім уроку, не рэкамендуецца праводзіць іх і на першым уроку. Да таго ж у класе не павінна быць больш адной кантрольнай работы ў дзень.

Пачатак школьнага дня

Гэта бадай што самае абмяркоўваемае пытанне не толькі на дзяржаўным узроўні, але і  ў сем’ях.

Пачынаць урокі з 9 гадзін раніцы прапанаваў прэзідэнт нашай краіны  – ён упэўнены, што нашы дзеці перагружаны  і ім трэба  даць магчымасць адпачыць і элементарна выспацца.

Міністэрствы адукацыі і аховы здароўя  адзначаюць, што згодна з Санітарнымі нормамі і правіламі найбольш падыходзячы час для пачатку школьных заняткаў – 9 гадзін раніцы.  Час пачатку другой змены – не пазней 14.00, яе заканчэння – не пазней 19.30. Адпаведна, з 1 верасня вучэбныя заняткі будуць пачынацца  ў прапанаваны час.

Каментарый спецыяліста:

–           Пытанне пачатку вучэбных заняткаў з 9 гадзін раніцы шырока абмяркоўвалася грамадскасцю. Мы пастараемся задаволіць усе запыты бацькоў. Напрыклад, у школу дзяцей можна будзе прывесці раней. Для такіх школьнікаў да пачатку заняткаў будуць арганізаваны інфармацыйныя гадзіны, заняткі па інтарэсах ці факультатывы, стымулюючыя ці падтрымліваючыя заняткі.

У чэрвені бягучага года таксама былі ўнесены змяненні ў Санітарныя нормы і правілы, у адпаведнасці з якімі будзе скарочана працягласць перапынкаў паміж першай і другой зменамі, а таксама перапынкаў паміж урокамі.

Каментарый спецыяліста:

–           Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ў 2-11 класах павінны быць прадугледжаны перапынкі працягласцю не менш за 15 хвілін паміж першай і другой зменамі, не менш 10 хвілін – паміж вучэбнымі заняткамі  і працягласцю  не менш 15 хвілін –  для арганізацыі гарачага харчавання  і арганізацыі дынамічнага перапынку.

У выніку для школьнікаў, якія вучацца ў першую змену,  перапынкі  стануць карацейшымі на 10 хвілін, у тых школах, дзе навучанне вядзецца ў дзве змены, перапынкі зменшацца на 25 хвілін.

Прафарыентацыя

Прафарыентацыі ў школе ўвага ўдзялялася пастаянна. Як вынік  – адкрыццё ваенна-патрыятычных, прававых і кадэцкіх класаў, а таксама педагагічных, вучні якіх сёлета маглі без уступных іспытаў паступаць на педагагічныя спецыяльнасці вышэйшых навучальных устаноў.

 Для даведкі: У Астравецкім раёне на працягу двух гадоў працавалі два педагагічныя класы – у Варнянскай і Гудагайскай школах. І калі гудагайскія школьнікі яшчэ толькі перайшлі ў 10 клас, то ў Варнянах сёлета профільную групу педагагічнага  класа скончылі 9 вучняў, з  іх двое  вырашылі звязаць сваё жыццё з педагогікай і  паступілі ў педагагічныя ВНУ.

З першага верасня ў школах рэспублікі плануецца шырэй укараняць прафарыентацыйную работу –  яна стане абавязковым накірункам дзейнасці ў шосты школьны дзень.

Каментарый спецыяліста:

–           На гэта педагогаў арыентуе інструктыўна-метадычнае пісьмо Міністэрства адукацыі. Каб павысіць зацікаўленасць дзяцей прафесійнай адукацыяй, традыцыйнымі ў школах  стануць так званыя прафесійныя суботы, падчас якіх будуць праходзіць майстар-класы, прафесійныя пробы, сустрэчы з прадстаўнікамі сямейных дынастый, семінары-практыкумы, прафарыентацыйныя конкурсы і шэраг іншых мерапрыемстваў.

Прычым прафесійныя мерапрыемствы рэкамендавана праводзіць не толькі з выпускнікамі, але і з навучэнцамі сярэдніх класаў.

Як бачым, новых правілаў не так і шмат. Якія з прапанаваных новаўвядзенняў прыжывуцца, пакажа час. У школьнікаў і педагогаў засталося літаральна палова месяца, каб  падрыхтавацца да новага навучальнага года, а з 1 верасня з новымі сіламі ўзяцца за новыя падручнікі і атрымаць трывалыя веды.

Падрыхтавала Алена СВЕТЛАЯ. 

ostrov-red.yaroshevich@tut.by.

Текст: