В Рымдюнах прошел благотворительный концерт ко дню рождения ксендза Леонида Нестюка

08:01 / 26.07.2017
11

Чарговы, 63-ці дзень нараджэння Леаніда Пятровіча Несцюка так заўчасна, так адчайна раптоўна асірацеўшыя яго родныя, блізкія, сябры, парафіяне сустракалі адны, без гэтага, без перабольшвання, вялікага чалавека… Без яго позірку, які пранікаў глыбей, чым часам хацелася б суразмоўцу, бачыў і разумеў нават тое, што той не хацеў бы, каб нехта бачыў і разумеў. Без яго мудрых слоў. Без яго дасціпных жартаў. Без яго ўсмешкі. Без яго блаславення.

На тэрыторыі Гевяцкага касцёла Святой Тройцы, які стаў візітнай карткай Астравеччыны і адным з прыгажэйшых мясцін нашай краіны дзякуючы больш як дваццацігадовай нястомнай працы ксяндза-пробашча Леаніда Несцюка, здаецца, спецыяльна да гэтага дня расцвіла, спаборнічаючы ў сваёй вытанчанай прыгажосці і водары, незлічоная колькасць кветак. У ізумруднай лістоце магутнага дуба шчабятала-залівалася нябачная птушачка. Пухнатыя аблачынкі карагодзілі вакол высокага шпіля знакамітага Гервяцкага касцёла Святой Тройцы – і, углядваючыся ў іх зменлівае аблічча, хацелася ўбачыць хоць цень усмешкі Леаніда Пятровіча.

Звычайны ліпеньскі дзень – мо толькі крыху цяплейшы за папярэднія, нібы і скупое на ласку сёлетняе сонца расшчод­рылася дзеля такога выпадку.

І здавалася: зараз выйдзе з плябаніі Леанід Пятровіч, хітравата ўсміхнецца, нешта спытае, пра нешта раскажа, пажартуе, прапануе выпіць кубачак кавы…

Але трапяталі агеньчыкі лампадак на магільным грудку ля крыжа, і маўчаў непрывычна сур’ёзны ксёндз Леанід, пазіраючы з партрэта на сваіх гасцей…

Нехта прыехаў у гэты дзень сюды спецыяльна, каб павіншаваць з днём нараджэння Леаніда Пятровіча, запаліць свечку і моўчкі, без слоў, адной толькі душой, пагаварыць з тым, хто заўсёды ўмеў бачыць і слухаць сэрцам.

Нехта спыніўся ля касцёла па дарозе ў Рымдзюны, дзе ў той дзень павінен быў адбыцца дабрачынны канцэрт памяці ксяндза Несцюка, арганізаваны стараннямі загадчыцы цэнтра культуры і вольнага часу Наталлі Бялячыц і вядомага тэлевядучага Дзмітрыя Карася.

Людзей на канцэрт прыехала шмат – і не толькі з Рымдзюнаў, Гервят і навакольных вёсак, але і з Астраўца, і з Літвы: на канцэрт завітаў брат Леаніда Пятровіча Віктар са сваёй сям’ёй.

 У фае Дома культуры ўсіх таксама сустракаў добры ці задуменны, мудры ці вясёлы позірк вачэй Леаніда Пятровіча: прысвечаную яму фотавыставу спансіравала сям’я прадпрымальнікаў Шырынскіх, якія з‘яўляліся добрымі сябрамі ксяндза і памочнікамі ў многіх яго добрых пачынаннях.

На сцэне таксама гарэла свечка. Гучалі шчырыя словы памяці, прызнання, удзячнасці ксяндзу Леаніду з вуснаў старшыні Гервяцкага сельскага Савета Люцыі Іванаўны Лях і загадчыцы Дома культуры Наталлі Аляксандраўны Бялячыц. А таксама – песні сталічных артыстаў.

І хоць вядучы канцэрта Дзмітрый Карась з самага пачатку нагадаў, што Леанід Пятровіч быў чалавекам жыццярадасным, таму у дзень яго нараджэння трэба не сумаваць, а весяліцца – усё ж я не ўпэўнена, што шансон быў годным падарункам да яго дня нараджэння. Прызнаюся: калі ехала ў Рымдзюны, спадзявалася, што ў гэты дзень і на гэтым канцэрце пачую нешта сугучнае сваім думкам і настрою, што-небудзь з тых традыцыйных лістападаўскіх канцэртаў, які збіралі пад дахам Гервяцкага касцёла сотні людзей – музыку, гукамі якой душа гаворыць з Богам, а значыць – і з душой Леаніда Пятровіча.

Яна прагучала – напачатку: песні і рамансы ў выкананні Алены Сіняўскай, салісткі Нацыянальнага тэатра оперы і балета. А далейшы канцэрт нічым не адрозніваўся ад любога іншага, і запаленая свечка на сцэне выглядала крыху недарэчна на фоне развясёлых песенек пра каханне, разлуку, чарачку, жонку, пра розныя прыгоды. Пра ўсё, што заўгодна, толькі не пра тое, пра што хацелася гаварыць і слухаць у гэты дзень.

Зрэшты, мяркуючы па ава­­цыях, якімі гледачы су­стра­калі і право­дзілі арты­стаў, такіх «пера­бор­лівых» і «ка­прыз­лівых», як я, у зале было няшмат і большасць пакідала залу ў прыўзнятым настроі…

Усе грошы, сабраныя на канцэрце – а гэта больш за 2 тысячы беларускіх рублёў, па словах Наталлі Аляксандраўны Бялячыц, будуць пералічаны на рахунак Гервяцкага касцёла на помнік Леаніду Пятровічу Несцюку. Магчыма, гэта галоўны станоўчы вынік гэтага канцэрта.

Ніна РЫБІК.

ostrov-red.rybik@tut.by

Текст: Нина Рыбик