Нелёгкая эта работа - быть продавцом сельского магазина

09:00 / 13.08.2013
З таго часу, як чалавецтва адышло ад натуральнай гаспадаркі, калі ўсё неабходнае для жыцця здабывалася ўласнай працай, усе мы – радзей ці часцей, у большай ці меншай ступені – з’яўляемся пакупнікамі. Мы перыядычна прыходзім у магазін, каб пэўную суму грошай абмяняць на патрэбны нам тавар. І, канешне ж, нам хочацца, каб тавар гэты быў як мага лепшай якасці, а яго кошт – як мага меншы. Каб чалавек, які прадае нам гэты тавар, быў з намі ветлівы і ўважлівы. Мы добра ведаем свае правы спажыўца (часта забываючыся пра абавязкі) і тое, што праўда заўсёды на нашым баку – на баку пакупніка. А прадавец у магазіне – гэта "абслугоўваючы персанал", пасрэднік паміж намі, пакупнікамі, і неабходным нам таварам. Часам забываючыся на тое, што ён – не аўтамат з прыклеенай усмешкай без права на памылку, а жывы чалавек, што ў яго па-за межамі прылаўка таксама ёсць сваё жыццё, а ў ім – радасці і праблемы, што ён можа захварэць, стаміцца, памыліцца…

…Вандруючы ў спякотны дзень па раёне, захацела марожанага. Заехалі ў першы спадарожны магазін – краму райспажыўтаварыства, што ў пасёлку Альхоўка.
Каля магазіна стаяла машына з мядзведзем – таварным знакам “Смаргонскіх малочных прадуктаў”. Адна прадаўшчыца прымала тавар: звяралася з накладной, удакладняла колькасць і асартымент – і тут жа выкладвала свежыя малако, смятану, кефір, тварог, якія ўжо чакалі пакупнікі, у халадзільную вітрыну. Другая абслугоўвала пакупнікоў на касе. Чарга была хоць і невялікая, але практычна не змяншалася: адны адыходзілі з пакупкамі, тут жа падыходзілі іншыя…
Мы асабліва не спяшаліся, і таму я дазволіла сабе паназіраць за работай прадаўшчыц. Тым больш, што чула пра гэты магазін апошнім часам неаднойчы. І водгукі былі прама супрацьлеглыя: адны нахвальвалі альхоўскую краму, казалі, што прадаўцы тут працуюць старанныя, ветлівыя, акуратныя. Іншыя ўзгадвалі, што скаргі на іх пішуць – а дыму ж, кажуць, без агню не бывае. Захацелася, як звычайна ў такіх выпадках, займець уласнае ўражанне…
Прадаўцы працавалі хутка, увішна, акуратна. Але вочы ў іх былі вельмі ж сумныя і стомленыя… Калі на нейкі кароткі прамежак часу наплыў пакупнікоў зменшыўся, вырашыла пазнаёміцца з жанчынамі “з-за таго боку прылаўка” і пацікавіцца іх справамі.
Маладзейшая прадаўшчыца на той час выконвала абавязкі загадчыцы магазіна.
– Ганна Уладзіміраўна Матусевіч, – прадставілася яна.
Высветлілася, што тут, у Альхоўскім магазіне, Ганна Уладзіміраўна працуе чатыры гады. Ездзіць штодня з Сідарышак: муж – на працу на фабрыку, а яна – у магазін.
А на пытанне пра сумныя вочы ўздыхнула:
– Цяжка тут працаваць…
Чаму цяжка, патлумачыла другая прадаўшчыца, Часлава Іванаўна Стакун:
– У гэтым магазіне патрэбна, каб працавалі чатыры прадаўцы. Тады больш-менш можна арганізаваць работу, трымаць усё на кантролі: адзін – на прыёме тавараў, двое – на зале, адзін за касай. І падмяніць можна, калі ў каго нешта здарылася, і ў водпуск адпусціць. А мы з сярэдзіны чэрвеня з Аняй – удваіх. З дзевяці ранку да сямі вечара, адзін выхадны ў тыдзень. Нагрузка проста неверагодная. Вы толькі ўявіце: у зоне нашага абслугоўвання – 650 чалавек, а ўлетку, калі прыязджаюць дачнікі, – і таго больш. І штодня калі не кожны з гэтых 650-ці, то большая палова – дакладна – прыходзіць у магазін. І кожнага трэба абслужыць – тактоўна, ветліва, правільна. Месячны тавараабарот – больш як 300 мільёнаў. Вы можаце ўявіць, колькі за гэтай лічбай тавару? Ды адных пастаўшчыкоў больш за дзясятак – як з аптовай базай нашага спажыўтаварыства, так і на прамую з прадпрыемствамі працуем. І ўсё трэба прыняць, вылажыць, прасачыць за тэрмінамі прыгоднасці… Адзін прадавец увесь час на касе, другі – на зале. Да вечара ног не чуеш. Дома ўжо і сем’і, і гаспадарка забыліся, што ў селішчы ёсць гаспадыня… Планавала ў ліпені ў адпачынак пайсці, а зараз, як удваіх засталіся, дык увогуле невядома, калі такое шчасце здарыцца…
– Дык чаму ж вам не дадуць каго-небудзь у падмогу? – задаю, як мне здаецца, заканамернае пытанне.
Часлава Іванаўна глядзіць на мяне, як на дзівачку:
– Дык ніхто з прадаўцоў не хоча ў Альхоўку ісці працаваць! Звольніцца гатовы – абы не сюды. Насельніцтва тут спецыфічнае… Ледзь што – адразу скарга. А то і без нічога. Вось, скажам, працоўны дзень у нас пачынаецца ў 9 гадзін раніцы. Па сутнасці ж я працую з паловы дзевятай, а то і раней, бо раніцай трэба па факсу адправіць заяўку на тавар у Астравец на аптовую базу. Зрабіць гэта можна толькі з Міхалішак – балазе, я там жыву, на працу штодня езджу на сваёй машыне. Потым дабрацца ў Альхоўку. А варта адчыніць краму хоць на пару хвілін пазней – ого, што будзе! І нікому няма справы да таго, што затрымалася ты, каб неабходны людзям тавар прывезлі ў час і каб быў ён на прылаўках у належным асартыменце.
Часлава Іванаўна, відаць, узгадала, што бывае ў такіх выпадках, і, закусіўшы вусны, адвярнулася, каб стрымаць слёзы ад нядаўняй незаслужанай крыўды...
– У самой ужо неаднойчы з’яўляліся думкі аб тым, каб змяніць месца працы, – прызнаецца жанчына, справіўшыся з эмоцыямі. – Але сумленне і адказнасць не дазваляюць кінуць усё і пайсці. Усё ж тут тавараў – на сотні мільёнаў. І людзі… Як такі пасёлак без крамы пакінуць?


Цікава, няўжо ўсё насельніцтва пасёлка Альхоўка адносіцца да таго спецыфічнага “кантынгенту”, з-за якога хоць ты зачыняй вясковую краму? Вырашыла пацікавіцца ў пакупнікоў, ці задавальняе іх работа вясковага магазіна і яго прадаўцоў?


Вольга Уладзіміраўна Янушэўская, пенсіянерка:
– Наш магазін працуе нармальна. І да прадаўцоў у мяне прэтэнзій няма. Тавару хапае. У мяне вось цукровы дыябет урачы выявілі, то нават для такіх як я, хворых, прывозяць і замяняльнік цукру, і прадукты харчавання спецыфічныя. Адно, што цяжка ім удваіх – ні выхадных, ні прахадных. Тут жалезны не вытрымае. Каб далі яшчэ каго, то і прадаўцам было б лягчэй, і людзям лепш.


Ядвіга Іванаўна Мізула, пенсіянерка:
– Усяго ў магазіне хапае – былі б грошы. Пенсія вось у мяне малая, дык яе ж у магазіне не купіш (смяецца). І прадаўцы нашы – малайцы. Заўсёды ідуць насустрач пакупніку: параяць, што ёсць таннейшае, а папросіш, то і памяняюць. Добрыя дзяўчаты, што там казаць. Мо каму і не падабаюцца – а мне дык вельмі! Я ўвогуле лічу, што трэба адзін аднаму берагчы здароўе, бо яго потым ні ў магазіне, ні ў аптэцы не купіш. Ні за якія грошы!


Ірына Тадэвушаўна Карпей, супрацоўніца фабрыкі “Альхоўка”:
– Для вясковай крамы наш магазін, лічу, вельмі нават прыстойны, усё неабходнае ў ім ёсць. А каму хочацца нечага большага, то можна куды далей праехаць. І дзяўчаты працуюць харошыя – ветлівыя, уважлівыя. Я нядаўна ім падзяку напісала за добрую працу. Толькі людзі ў нас ёсць такія, каму ўсё і заўсёды дрэнна, у якіх хобі такое – нервы людзям псаваць. З-за такіх наш магазін можа ўвогуле без прадаўцоў застацца – каму ад гэтага лепш будзе?


Ёсць старая, як свет, ісціна: абыходзься з іншымі так, як хочаш, каб абыходзіліся з табой. І калі хочаш зразумець чалавека – паспрабуй паставіць сябе на яго месца. Магчыма, тады не захочацца лішні раз “качаць правы” і “растапырваць пальцы”. Бо ўсе мы людзі. І ніхто не ведае, па які бок умоўнага жыццёвага “прылаўка” мы апынёмся заўтра…


-----------------------------------
Ніна РЫБІК, фота аўтара.