Темпы работы сельхозкооператива "Гервяты" по уборке урожая обеспечиваются правильной организацией

13:00 / 08.08.2013
Агульны намалот збожжавых і зернебабовых культур у гаспадарках Астравеччыны падбіраецца пад 25 тысяч тон. Сваёй першачарговай задачай аграрнікі лічаць выкананне дзяржаўнага заказу на пастаўку збожжа.

На хлебапрыёмныя пункты па стану на 5 жніўня з нашага раёна паступіла 2379 тон зерня, што складае 18,4 працэнта ад агульнага задання. Найбольш плённа ў гэтым накірунку працуе СВК “Гервяты”, які даведзены яму план продажу зерня выканаў ужо на 33,7 працэнта.
– Гервяцкія тэмпы пастаўкі збожжа забяспечваюцца правільнай арганізацыяй яго вывазкі, – лічыць галоўны дзяржаўны інспектар па нарыхтоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі Аляксандр Шчука. – Маю на ўвазе рацыянальнае выкарыстанне транспартных сродкаў. Агульнавядома, што раніца жніва пачынаецца позна – да абмалоту збажыны камбайны прыступаюць толькі пасля таго, як на ёй падсохнуць росы. Вось гэты “тайм-аут” і выкарыстоўваюць гервятцы – кожны дзень перад пачаткам жніва іх грузавікі паспяваюць зрабіць па адным рэйсе на хлебапрыёмныя пункты і своечасова вярнуцца на поле, каб потым заняцца адвозкай збожжа ад камбайнаў. Думаецца, так павінны дзейнічаць усе гаспадаркі.
План пастаўкі азімага рапсу сёлета складаў 1400 тон. Гаспадаркі раёна рэалізавалі 1444 тоны (103,1 працэнта), зарабіўшы пры гэтым (цана тоны рапсу – 3500 тысяч рублёў) кругленькую суму ў 5 мільярдаў рублёў (без уліку падатку на дабаўленую вартасць). Актыўнымі тэмпамі ідзе рэалізацыя жыта – СВК і саўгас раёна ўжо выканалі дзяржзаказ на 36 працэнтаў. А такія гаспадаркі, як СВК “Міхалішкі” і саўгас “Падольскі”, яшчэ і перавыканалі яго на 142 і 103 працэнты адпаведна.
Асаблівыя хваляванні земляробам звычайна дастаўляе продаж азімай пшаніцы, да ўтрымання клейкавіны ў якой з боку закупшчыкаў нярэдка ўзнікаюць прэтэнзіі. Падобна, што сёлета на палях Астравеччыны вырасла якасная пшаніца – толькі 88 тон са здадзеных 1249-ці былі аднесены да 4-га кандыцыйнага класу.
А вось з піваварным ячменем пакуль давядзецца пачакаць – пробы, адабраныя прадстаўніком завода-перапрацоўшчыка, выявілі, што пакуль ячмень яшчэ не дасягнуў неабходных кандыцый. За выключэннем СВК “Гервяты” – гэтая гаспадарка, у адрозненне ад іншых, 339 тон ячменю рэалізавала піваварным, выканаўшы пры гэтым свой план рэалізацыі на 68, а агульнараённы – на 15 працэнтаў.
На чарзе – продаж аўса, трыцікале, гароху…


----------------------------------
Францішка КРАСКО.