Уборка урожая продолжается

11:00 / 02.08.2013
Рвануць “з месца ў кар’ер” не атрымалася – на працягу амаль што тыдня камбайнерам, якіх зацяжная непагадзь прымусіла прыпыніць жніво, заставалася толькі з журбой паглядаць на неба, зацягнутае бранёй дажджавых хмараў. Нарэшце ў суботу кавалачкі нябеснага блакіту змаглі прабіцца скрозь свінцовую абложнасць, а ў нядзелю выкацілася доўгачаканае сонца і за некалькі гадзін ліквідавала наступствы бясконцых дажджоў – высушыла на збажыне слёзкі незапатрабаванасці. І камбай ны змаглі нарэшце аднавіць сваю пілігрымку да святыні, імя якой – Хлеб-2013.

Па стану на 29 ліпеня жнеяры Астравеччыны абмалацілі 1147 гектараў збожжавых і зернебабовых культур, што складае 6 працэнтаў да іх агульнай плошчы. І хаця па тэмпах уборкі астравецкія жнеяры займаюць 11 месца ў вобласці, усё ж сярод паўночных раёнаў яны – лідары: у Смаргонскім раёне абмалочана 5 працэнтаў, у Навагрудскім – 4, у Ашмянскім – 2 працэнты.
Агульны намалот склаў 4841 цэнтнер, сярэдняя ўраджайнасць – 42,2 цэнтнера з гектара (летась на адпаведную дату было 45 цэнтнераў з гектара). Ураджай – не з рэкордных, але гэта сёмы (!) паказчык у вобласці. Нашы суседзі, да прыкладу, намалочваюць значна менш: смаргонскія жнеяры на круг атрымліваюць па 37,3, ашмянскія – 33,6, іўеўскія – 35, лідскія – 31 цэнтнер з гектара.
У цэлым па вобласці ўбрана па стану на 29 ліпеня 36350 гектараў збожжавых і зернебабовых, намалот склаў 152094 тоны, ураджайнасць – 41,8 цэнтнера з гектара. Тэмпы раённаму жніву задае СВК “Міхалішкі”, у якім ужо абмалочана 7 працэнтаў збажыны. У СВК “Гудагай” і “Варняны” – па 6 працэнтаў, у СВК “Гервяты” – 5, у саўгасе “Падольскі” – 4 працэнты.
Самым важкім пакуль варнянскі колас – на круг у СВК “Варняны” атрымліваецца па 44,2 цэнтнера з гектара. Ноздра ў ноздру па ўраджайнасці ідуць СВК “Гервяты” і “Міхалішкі” – абодва намалочваюць па 42,2 цэнтнера з гектара. У саўгасе “Падольскі” кожны гектар збажыны дае ў сярэднім па 40,1 цэнтнера, у СВК “Гудагай” – 40 цэнтнераў.
Азімы рапс абмалочаны на плошчы 1681 гектар (88 працэнтаў), намалот складае 5036 тон, сярэдняя ўраджайнасць – 30 цэнтнераў (чацвёрты паказчык у вобласці). Самы высокі ўраджай крыжакветкавага ў раёне збірае СВК “Варняны” – 36,4 цэнтнера з гектара. Другую пазіцыю ў гэтай уборачнай намінацыі ўтрымлівае СВК “Гудагай” – 31,6, трэцюю – СВК “Гервяты” – 30, чацвёртую – СВК “Міхалішкі” – 26, з вынікам 24,1 цэнтнера з гектара яе замыкае саўгас “Падольскі”.
НА ЗДЫМКАХ:
Добрыя тэмпы жніва дэманструе экіпаж у складзе Антона Антонавіча Раткоўскага і Юрыя Станіслававіча Шлыковіча (СВК “Гудагай”).
Эдуарда Безляповіча, вадзіцеля МАЗа, які працуе на перавозцы збожжа, яго калегі па жніву, гудагайскія камбайнеры, называюць надзейным чалавека. Дадаюць нават, што Эдуард літаральна прадчувае запоўненасць бункера – пад’язджае да камбайна за імгненне да загарання ўмоўнага ліхтара.
Віктар Рынковіч з тых камбайнераў, на намалот якіх арыентуецца большасць удзельнікаў раённага спаборніцтва.


Твае героi, жнiво!

Паводле звестак райкама прафсаюза работнікаў АПК, па стане на 29 ліпеня лепшых вынікаў на ўборцы збожжавых дасягнулі наступныя экіпажы камбайнераў, вадзіцелі і аператары сушылак.


Камбайнеры
З прапускной здольнасцю звыш 12 кілаграмаў збожжа ў секунду (“Ліда-1600”, “Лексіён-480, -580”, “Джон Дзір”): ЮРКОЙЦЬ Тадэвуш Іванавіч, БАБОЙЦЬ Арцём Віктаравіч з СВК “Варняны”, якія на камбайне “Лексіён-580” намалацілі 745,7 тоны збожжа.
З прапускной здольнасцю ад 10 да 12 (уключна) кілаграмаў збожжа ў секунду (“КЗС – 1218”) МІХАЙЛОЎСКІ Віктар Аляксандравіч, ГРОДАЛЬ Сяргей Уладзіміравіч з СВК “Варняны”, якія на камбайне “КЗС – 1218” намалацілі 432,1 тоны збожжа.
З прапускной здольнасцю да 10 кілаграмаў збожжа ў секунду ( “Ліда-1300”, “Мега, КЗС-10”): ФІЛІМОНЕНКА Сяргей Леанідавіч, ГІНОВІЧ Артур Міхайлавіч з СВК “Гервяты” , якія на камбайне “Мега-208” намалацілі 221,5 тоны збожжа.
Вадзіцелі:
ГРЫНЦЭВІЧ Уладзімір Карлавіч з СВК “Варняны”
, які аўтамабілем МАЗ-555-142 перавёз 721 тону збожжа.
КІНДАР Аляксандр Станіслававіч СВК “Варняны”, які аўтамабілем МАЗ-555-142 перавёз 606,7 тоны збожжа.
Аператары сушыльных установак:
ЮРКОЙЦЬ Валерый Эдвардавіч, ПЛАЎСКІ Андрэй Мечыслававіч, ФІЛІПЧЫК Васілій Вацлававіч, ПАШУК Аляксандр Часлававіч з СВК “Варняны”, якія на сушылцы "ЛідАрай” правялі дасушку 1106 тон збожжа.

_______________________


Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.