Началась уборка зерновых

18:00 / 25.07.2013
Ну  вось  і здзейснілася:  зярнятка,  рукой  земляроба  пакладзенае  ў пухкую  глебу,  прарасло, выкаласілася, налілося.  І  зноў  –  у мільярдны раз – стала Хлебам, краевугольным  каменем  існавання.
Спелыя  каласы  з  гатоўнасцю пацягнуліся  насустрач  руплівым жаткам. І першыя ручаінкі залатога збожжавага мора ўжо паліліся з  камбайнавых  шнэкаў  у  кузавы самазвалаў.
Рапс… Насеннікі траў… Іх уборка  –  толькі  прадвесніца.  Уласна жніво пачынаецца на хлебных палетках,  і  духмянасць  свежаабмалочанага збожжа не пераблытаеш з іншымі пахамі – у яго пылку водар вечнасці, саладкавая блізкасць сэнсу сэнсаў…

З самай раніцы ў мінулую пятніцу на мехдвары СВК “Варняны” запанаваў асаблівы настрой.
–  Аграном  сказаў,  сёння  на  збожжа выходзім!
– Ого! Значыць, даспела!
– Дажылі, браткі, да новага хлеба!
У кароткіх, здавалася б, нязначных фразах, якімі перакідваліся паміж сабой камбайнеры і вадзіцелі, адчувалася радаснае хваляванне, якое, як ні старайся, не схаваеш ад знешняга свету. Пакаленне за пакаленнем яно жыве ў нашай крыві генетычнай памяццю бязмернай павагі да маці-зямлі і да ўсяго, што яна нараджае. А калі гэтае “што” яшчэ і паліта потам – уласным або калегі па працы…
…На  ячменнае  поле  рушылі  цэлым механізаваным атрадам: першымі выйшлі шэсць камбайнаў, за імі пацягнуліся тры прэс-падборшчыкі  саломы,  пагрузчыкі “Амкадор”і  “Маніту”, трактары з падоўжанымі прычэпамі. Апошнімі рушылі хуткакалёсныя самазвалы. А на ўскрайку поля гэтую кавалькаду ўжо чакала пажарная машына, без падстрахоўкі якой за сучаснае жніво не бяруцца.
Галоўны  аграном Аляксандр Грымбоўскі, які напярэдадні з вільгацемерам у руках абышоў  участак  уздоўж  і  ўпоперак,  замяраючы вільготнасць зерня ячменю, даў “адмашку” – і камбайны з разгону ўрэзаліся ў  колкую  сцяну  ячменю.  Тонкія  пальцы матавілаў прыгладзілі  напаследак  непакорнасць ячменных асцюкоў, і вось ужо першыя  зярняты  забарабанілі  па  чэраве бункераў – жнівеньскі цуд нараджэння новага ўраджаю пачаўся.
Відаць,  для  таго,  каб  не збіцца  з  дарогі,  камбайны, нібы  казачны  хлопчык-з-мізінчык,  пазначаюць  свой шлях  саломай,  на  якую тут  жа  налятае  “Тарнада” –  ў  імгненне  вока  прэс-падборшчыкі з такой заморскай  назвай  скручваюць  ячменныя
сцябліны ў прыгожыя “катышкі”.  Далей “Амкадор” загружае іх у трактарныя прычэпы,  а  тыя  транспартуюць саламяныя рулоны на край поля, дзе  “Маніту”  ужо распачаў  закладку сцірты...
Гадзіна-другая  і ад нядаўняй вусатай раскошы  ячменю на полі засталося толькі шчацінне.
Зерне МАЗы вывезлі на збожжаток, з  абмалочанай  саломы  “Маніту” склаў  амаль  Тадж-Махал –  усё, поле  свабоднае,  можна  пускаць плугі…
22 гектары ячменю жнеяры СВК “Варняны”  абмалацілі  за  пару гадзін. Намалот склаў 94 тоны, сярэдняя ўраджайнасць 41,7 цэнтнера з гектара – не рэкорд, канешне, але для сёлетняга, па папярэдніх ацэнках, скупаватага на ўраджай года, вельмі і вельмі нядрэнна.
Разгарачаныя першай працоўнай перамогай камбайнеры ўжо заштурвалілі агрэгаты ў бок наступнага поля…
І  тут  маналог  “прамоклага  госця” распачаў дождж. І яго довады былі настолькі пераканаўчымі,  што  жнеярам  давялося зачахліць свае жаткі…
Надвор’е, будзь чалавекам – дай правесці ўборку без страт!


________________________


Ганна ЧАКУР.
НА ЗДЫМКАХ:
Стварэннем саламяных “катышкаў” займаецца Леанід Часлававіч МУНДУЦЬ – вопытныя рукі механізатара ўмеюць утаймаваць любое “тарнада”.
На  заморскім  “Джон  Дзіры”  працуюць Леанід Ігнатавіч КЯЖУН і Здзіслаў Міхайлавіч
МАЛАХОЎСКІ.