Началась уборка рапса

14:00 / 22.07.2013
Ну вось і здзейснілася!
Волаты-камбайны, пакінуўшы цесныя стойлы, вырваліся нарэшце на волю – загрукаталі, заматавіліліся, угрызліся прагнымі жаткамі ў духмяную спеласць шматгадовых траў. І першыя тоны насення купоўкі, райграсу ды цімафееўкі напоўнілі бункеры.

А потым азімы рапс у вітальным жэсце  падняў  угору  свае  стручкі-пальцы, і эпіцэнтр уборкі-2013 змяніў дыслакацыю – надышоў зоркавы час крыжакветнага.  І  цяпер  усе  шляхі вядуць да яго – не горш за кравецкі чаўнок сноўдаюць па кучаравай раскошы  рапсавага  поля  старанныя камбайны,  пакідаючы  пасля  сябе толькі вастраносыя “пянькі”. А за імі ўважліва назіраюць магутныя МАЗы, каб  у  час  падставіць  паслужлівы кузаў пад цёмную лавіну саспелых гарошынак. І загула, разагрэлася сушыльная гаспадарка – першыя партыі азімага рапсу ўжо даведзены да кандыцыйнай вільгаці…






Па стану на 18 ліпеня ў гаспадарках раёна абмалочана 179 гектараў насеннікаў шматгадовых  траў (37 працэнтаў ад іх наяўнасці). Ураджайнасць  складае  5,6 цэнтнера з гектара.



Уборачная плошча азімага рапсу – 1903 гектары. Ураджай сабраны з 288 гектараў. Намалочана 804 тоны насення. Сярэдняя ўраджайнасць складае 27,9 цэнтнера з гектара.



Самыя  высокія  тэмпы  на ўборцы крыжакветнага  пакуль дэманструюць жнеяры СВК “Варняны” – у гаспадарцы абмалочана 95 гектараў рапсу, кожны з якіх даў на круг па 31,8 цэнтнера насення. Па стану на 18 ліпеня гэта рэкордны  па  ўраджайнасці паказчык.  Другую  пазіцыю ў гэтым сэнсе трымае СВК “Гервяты”  –  26,7,  трэцюю –  СВК  “Міхалішкі”  –  26,3, чацвёртую  –  СВК  “Гудагай” – 25,3, пятую – саўгас “Падольскі” – 25,0 цэнтнера з гектара.



План ўборкі збожжавых і зернебабовых сёлета складае 19605 гектараў (без кукурузы на зерне і рапсу). На жніве  будуць  задзейнічаны 93 камбайны – 88 агрэгатаў адрамантаваны,  яшчэ пяць паступяць  у  гаспадаркі бліжэйшыя дні.



Сярэдняя  нагрузка  на камбайн складае 224 гектары. Гэта значыць, што пры спрыяльных  кліматычных умовах ёсць шанс правесці абмалот збожжавых і зернебабовых палеткаў за 15–18 дзён.
На старце жніва пажадайма земляробам важкага коласу, надзейнай  тэхнікі,  добрага надвор’я і нястомнасці!

____________________


Ганна ЧАКУР.


Фота аўтара.