На базе лесхоза провели областной семинар

13:00 / 12.07.2013
Напрыканцы чэрвеня на базе дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Астравецкі лясгас” адбыўся абласны семінар па ўкараненню новых тэхналогій і бяспечнай арганізацыі працы ў лесанарыхтоўчай вытворчасці, на якім прысутнічалі галоўныя ляснічыя і інжынеры, начальнікі бюро па ахове працы, начальнікі лесапунктаў і інжынеры па лесанарыхтоўках.

Адкрыў  семінар  дырэктар Астравецкай лясной гаспадаркі Р.М. Долгі. Рыгор Мечыслававіч пазнаёміў  прысутных  з асноўнымі паказчыкамі вытворчай дзейнасці Астравецкага лясгаса.
За 5 месяцаў бягучага года даход  ад  вытворчай  сферы склаў 16 мільярдаў 60 мільёнаў беларускіх рублёў. За ўзгаданы перыяд нарыхтавана 53 тысячы кубаметраў  драўніны.  Рэнтабельнасць прадукцыі, якую выпускае лясгас, дасягае 12%, экспартнай прадукцыі – 14%. На  прадпрыемстве  сярэдняя заработная  плата  перасягнула планку ў 4 мільёны рублёў. Не так даўно набытая тэхніка – фарвардар, МАЗ, цягач – дазваляюць павысіць арганізацыю і прадукцыйнасць працы на лесасечных работах.
Наведалі ўдзельнікі семінару рамонтна-механічныя майстэрні, дзе абслугоўваецца тэхніка.  Добрыя  ўражанні пакінулі ўчастак рамонту бензапіл,  такарнае  аддзяленне, чысціня  і  парадак  бытавых памяшканняў.
Наступным  пунктам,  які наведалі  прадстаўнікі  лясной гаспадаркі вобласці, стаў дрэваапрацоўчы  цэх,  які  з’яўляецца вядучым  на  Гродзеншчыне  па шэрагу паказчыкаў, у тым ліку і  па  самым  шырокім  асартыменце выпускаемай прадукцыі.
Ацыліндраваныя  і  паганажныя вырабы:  дошка  для  падлогі, блок-хаўс,  імітацыя  бруса  і іншыя  вырабы  экспартуюцца за мяжу і прадстаўлены на айчынным  рынку.  Перапрацоўка драўнінных  адходаў  дазваляе выпускаць 120-150 тон паліўных брыкетаў за месяц.
Лінія лесапілавання “Лармет” акупіла сябе за чатыры гады і дазваляе пілаваць па 400 кубоў  драўніны за месяц. Зараз будуецца лінія сарціроўкі драўніны і плануецца ўстаноўка другога катла.
З  дрэваапрацоўчага  цэха дэлегацыя  перамясцілася  на аб’ект высечкі галоўнага карыстання ў Астравецкае лясніцтва, дзе  на  ўласныя  вочы  можна было пабачыць работу шматаперацыйнай тэхнікі (фарвардара і харвэстара). Фарвардар АМКАДОР 2662-01 эфектыўны пры перавозцы драўніны на невялікую адлегласць. Адключэнне задняга  моста  дазваляе  эканоміць паліва  ў  транспартным  рэжыме. Магутная машына, дзякуючы сваёй цягавітасці, здольная за адзін рэйс перавозіць да 18 кубаметраў лесаматэрыялу.
Машыністам  шматаперацыйных  машын  створаны  добрыя ўмовы для працы і адпачынку: вагончык з патрэбнымі рэчамі і халадзільнікам, які сілкуецца ад генератара.
Удзельнікі  семінара  азнаёміліся  з  разбіўкай  участка згодна з тэхналагічнай картай, расстаноўкай  і  правядзеннем работ механізаваным спосабам на  пасеках,  якая  забяспечвае прытрымліванне  бяспечнасці работ.
З  работай  вальшчыкаў  лесу, якія працуюць па індывідуальным метадзе,  можна  было  пазнаёміцца  ў  Міхалішкаўскім лясніцтве,  спецыялісты  якога аднымі з першых перайшлі на гэты метад лесанарыхтоўкі.
У  кожным  лясніцтве  Астравецкага  лясгаса  вальшчыкі працуюць  па  індывідуальным скандынаўскім  метадзе:  адзін чалавек  выконвае  ўсе  этапы  лесанарыхтоўкі  –    валіць, абразае сукі, кражуе, і рыхтуе неабходную  драўніну  на  высечках  галоўнага  карыстання. Такі  метад  больш  бяспечны, эканамічна эфектыўны і дазваляе міхалішкаўскім вальшчыкам атрымліваць заработную плату каля 6 мільёнаў рублёў за месяц.
Прыемна здзівіла ўсіх прысутных  і  адміністацыйнае  памяшканне, дэндрапарк плошчай 0,5 гектара з 52 відамі дрэў і кустоў, а  таксама  месцазнаходжанне Міхалішкаўскага  лясніцтва. Па прызнанні аднаго з удзельнікаў семінара,  “уладанні”  ляснічага Я.С.  Волкава  адпавядаць  патрабаванням,  якія  могуць быць  прад’яўлены  да  ўзорна-паказальнага лясніцтва. Дарэчы, Яўген Сяргеевіч прызнаны Чалавека года Гродзеншчыны і яго партрэт  занесены  на  раённую Дошку гонару.
Апошнім  прыпынкам  стала вёска  Гервяты.  Прырода  быццам пакрыўдзілася за тое, што на такую прыгажосць прыехалі паглядзець  у  апошнюю  чаргу,  і  шчодра  адарыла  гасцей праліўным  дажджом.  Аднак  ні холад, ні дождж не маглі змыць уражанняў ад хараства гервяцкага  храма  і  тэрыторыі  вакол яго.
Пакуль  аўтобус  аддаляўся ад  касцёла  Святой  Тройцы,  намеснік  дырэктара  па ідэалагічнай  рабоце  Астравецкага  лясгаса  П.З.  Крупеньчык расказаў  пра  асобу  ксяндза Леаніда Несцюка і арганізаваныя ім дабрачынныя канцэрты. Яны дазваляюць  жыхарам  і  гасцям раёна пазнаёміцца з сусветнымі шэдэўрамі рэлігійнай і класічнай музыкі і лепшымі выканаўцамі ў Беларусі, сярод якіх – арганіст Гервяцкага  касцёла  Андрэй Міхневіч.
Абласны  семінар  па  ахове працы на лесасечных работах з выкарыстаннем шматаперацыйнай тэхнікі і пры індывідуальным спосабе  нарыхтоўкі  дазволіў інтэграваць  вопыт  работы дзяржаўных  лесагаспадарчых устаноў вобласці.
Адметнасцю семінара па ахове працы стала тое, што ён адбыўся праз два дні пасля выязной калегіі Мінлясгаса, якая праходзіла на Астравеччыне. Міністр лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Міхайлавіч Амельяновіч даў высокую ацэнку якасці падрыхтоўкі да калегіі і дзейнасці ў цэлым ДЛГУ “Астравецкі лясгас”.


___________________


Алена ГАНУЛІЧ.


Фота Аляксандра ЮШЧУКА.