К весеннему севу в Островецком районе готовы

13:00 / 03.03.2013
Завяршаецца падрыхтоўка насення да веснавой сяўбы. Па інфармацыі раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, сёлетні яравы насенны фонд складае 3066 тон зерня (105,8 працэнта да патрэбнасці), 3045 тон з якога, як паказаў лабараторны аналіз, па ўсіх параметрах адпавядаюць патрабаванням Дзяржстандарта і з’яўляюцца кандыцыйнымі.

Патрэбнасць у насенні яравой пшаніцы забяспечана на 106,3 працэнта, у ячменю – на 104,7, аўса – на 100, грэчкі – на 148,8 працэнта. Праблематычнай у гэтым сэнсе культурай на даным этапе з’яўляецца лубін, 21 тона (11,7 працэнта засыпкі) якога не адпавядае стандарту па ўсходжасці.


– 2012 год быў неспрыяльным для лубіну, – лічыць начальнік райінспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Віктар Леанардавіч Бразевіч. – Невысокія тэмпературы паветра і павышаная вільготнасць на працягу амаль усяго перыяду вегетацыі справакавалі эпіфітацыйнае развіццё антракнозу, што і стала прычынай выбракоўкі большасці ўчасткаў, першапачаткова вызначаных на насенныя мэты. Гэта, дарэчы, праблема не толькі Астравеччыны – засыпка лубіну стала праблематычнай ва ўсіх раёнах вобласці. І тым не менш выйсце з сітуацыі стандартнае – неабходную колькасць насення лубіну трэба набыць шляхам міжгаспадарчага абмену.


Рэпрадукцыйны склад засыпкі яравых зерневых культур не апускаецца ніжэй першай рэпрадукцыі, невялікі “дамешак” насення другой рэпрадукцыі ёсць толькі ў зернебабовых засеках. А вось што тычыцца бульбы, то ў 2013 годзе на пасадачныя мэты будуць выкарыстаны клубні не ніжэй трэцяй рэпрадукцыі.
Дарэчы, у тыпавых і прыстасаваных сховішчах па стане на 23 лютага захоўваецца 1766 тон бульбы, 880 тон з якой – пасадачны матэрыял. Стан захоўвання бульбы задавальняючы. У шэрагу гаспадарак нават ідзе адгрузка клубняў.


– У адрозненне ад панічнага настрою, які восенню назіраўся ў большасці бульбаводаў раёна і тычыўся праблем рэалізацыі “другога хлеба”, сёння попыт на бульбу ёсць, – кажа Віктар Леанардавіч. – І ўзровень закупачных цэн на яе даволі высокі. А праблема рэалізацыі ўсё роўна ёсць, толькі яна перайшла на новы ўзровень, стала, так бы мовіць, унутранай. Маю на ўвазе нізкую якасць клубняў, на большасці з якіх “квітнее” парша звычайная або чорная, назіраецца растрэскванне або дуплістасць. Усё гэта – наступствы парушэння тэхналагічнага ланцужка вырошчвання бульбы, пасадка якой адбывалася часам без папярэдняга пратручвання клубняў, макраэлементы мінеральнага харчавання ўносіліся не збалансавана, а мікрауносіліся не ў дастатковай колькасці або не ўносіліся наогул. Калі сёлета будзем працаваць, выпраўляючы мінулагоднія памылкі, думаю, удасца атрымаць высокі ўраджай якасных клубняў.


Праблемай нумар адзін у насенняводстве раёна многія гады з’яўляецца падрыхтоўка насення шматгадовых траў. Сёлетні год не стаў выключэннем – пакуль патрабаванням Дзяржстандарта адпавядаюць толькі 52,4 тоны насення траў. Трывогу выклікае нізкая зябяспечаннасць насенным матэрыялам бабовых траў – план засыпкі выкананы толькі на 28,9 працэнта. Асабліва непакоіць канюшына, кандыцыйнага насення якой у раёне практычна няма. Трэба неадкладна ўзяцца за выпраўленне сітуацыі. Інакш, калі не ўдзяліць належную ўвагу вырошчванню канюшыны, гэта не толькі негатыўна адаб’ецца на кармавым рацыёне грамадскага статка, але і знісіць запас пажыўных рэчываў у глебе.


----------------------------
Францішка КРАСКО.


Фота з сайта tatar-inform.ru.