Узнагароды за прадпрымальнасць атрымалі Павел Юрмашаў і Андрэй Дзятко

14:52 / 12.04.2012

6 красавіка ў Гродне адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў абласнога конкурсу “Лепшы прадпрымальнік 2011 года” – тых, хто ўносіць значны ўклад у дабрабыт Гродзеншчыны. Наш раён не застаўся без узнагарод.


Бізнес, прадстаўлены на конкурсе, ацэньваўся па розных крытэрыях – рост аб’ёмаў вытворчасці і выручкі, стварэнне новых працоўных месцаў, узровень зарплаты, укараненне інавацыйных тэхналогій.
У выніку два нашы прадпрыемствы ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Гродзенскага аблвыканкама: фермерская гаспадарка “Астравецкая” (кіраўнік Павел Мікалаевіч Юрмашаў) – за вялікі ўклад у развіццё сельскагаспадарчай дзейнасці, а прыватнае прадпрыемства “ДзяткоБуд” (дырэктар Андрэй Міхайлавіч Дзятко) – за вялікі ўклад у развіццё вытворчасці тавараў прамысловага значэння.
Гэтая высокая адзнака нашых прадпрымальнікаў – цалкам заслужаная. Фермерская гаспадарка “Астравецкая” і прадпрыемства “ДзяткоБуд” дасягнулі высокіх фінансавых і эканамічных паказчыкаў. Яны з’яўляюцца добрым прыкладам паспяховага вядзення бізнесу ў нашым раёне. Так, у 2011 годзе на прадпрыемстве “ДзяткоБуд” была адкрыта новая вытворчая база, прадпрыемства пачало ажыццяўляць дзейнасць у сферы будаўніцтва і рамонту будынкаў. А фермерская гаспадарка “Астравецкая” ў 2011 пачала актыўна экспартаваць сваю прадукцыю, што дазволіла зарабіць дадатковыя сродкі і пачаць будаўніцтва сучаснага цэха прыгатавання камбікармоў прадукцыйнасцю 5 тон у гадзіну.
Адным словам, у Андрэя Дзятко і Паўла Юрмашава варта павучыцца ініцыятыве і прадпрымальнасці. Віншуем іх з узнагародамі!


Вольга ШОЎКУН.