У якім напрамку будзе рухацца сельская гаспадарка Астравеччыны?

16:01 / 03.03.2012

Кожны рух павінен мець накірунак, інакш можа стаць хаатычным. Кожнае прадпрыемства, а тым больш галіна народнай гаспадаркі, каб развівацца і расці, павінны арыентаваць сваю дзейнасць на запланаваныя паказчыкі.


Днямі ў малой актавай зале райвыканкама адбылося пасяджэнне, прысвечанае абмеркаванню і зацвярджэнню планавых паказчыкаў работы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна (так званая “абарона мерапрыемстваў”) на 2012 год. У ім прынялі ўдзел старшыння раённага выканаўчага камітэта А.Д. Кавалька, кіраўнік і галоўныя спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Узначаліў рабочую сустрэчу старшыня абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы У.Э. Рук. Разам з ім на Астравеччыну прыбылі намеснік начальніка аддзела раслінаводства Р.К Радзевіч і кіраўнік аддзела механізацыі Г.Р. Карповіч.
Сёлетняя абарона мерапрыемстваў праходзіла ў незвычайнай форме – на гэты раз справаздачу трымала каманда кожнай гаспадаркі раёна. Кіраўнік СВК або саўгаса знаёміў камісію з вынікамі работы за 2011 год і даваў абгрунтаванне вытворчым і эканамічным паказчыкам, якія гаспадарка вызначыла для сябе ў якасці планавых.
– Пасеяць-сабраць-надаіць-купіць-пабудаваць-атрымаць фінансавы прыбытак… Распрацаваныя планавыя паказчыкі тычацца ўсіх накірункаў жыццядзейнасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у 2012 годзе, – расказала намеснік начальніка райсельгасхарчу Наталля Уладзіміраўна Волк-Леановіч. – Пры вызначэнні асноўных лічбаў (ураджайнасці, надояў і г.д.) мы ідзём, так бы мовіць, ад дасягнутага, але з улікам патэнцыялу. Кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак павінны былі не толькі агучыць прынятыя імі ў якасці планавых вытворчыя і фінансавыя паказчыкі, але і расказаць аб шляхах іх дасягнення.
Камісія ўважліва ставілася да кожнай планавай лічбы і нярэдка яе зацверджанню папярэднічала скрупулёзнае абмеркаванне. Размова, самы актыўны ўдзел у якой прыняў Адам Дзмітрыевіч Кавалька, адбылася канструктыўная і дзелавая. Канструктыўнасці спрыяў і той факт, што старшыня камісіі Уладзіслаў Эдвардавіч Рук добра ведае і ўмовы, у якіх працуе сельская гаспадарка Астравеччыны, і яе спецыялістаў.
На абароне мерапрыемстваў былі зацверджаны і раённыя лічбы. Так, рост валавой прадукцыі ў 2012 годзе павінен скласці 107,5 працэнта да ўзроўню 2011-га, а рэнтабельнасць продажаў – 4,5 працэнта. Валавы надой малака павінен дасягнуць 43115 тон, сярэдні ўдой на карову – 5235 кілаграмаў (у 2011 годзе – 5166). Запланавана атрымаць 710 грамаў сярэднясутачнай прывагі буйной рагатай жывёлы (у мінулым годзе было 699), і 600 грамаў – свіней (факт. у 2011-ым – 593).
Планавы валавы ўраджай збожжавых і зернебабовых пасля дапрацоўкі акрэслены ў межах 76,9 тысячы тон (летась – 62,12), ураджайнасць пасля дапрацоўкі – 41,6 цэнтнера з гектара (у мінулым годзе – 34,2). Бульбы запланавана накапаць 6 тысяч тон (факт. у 2011-ым – 5056).
Акрэслены і эканамічныя паказчыкі дзейнасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Выручка ад рэалізацыі павінна скласці 340 мільярдаў рублёў, прыбытак ад рэалізацыі – 35 мільярдаў, чысты прыбытак – 38 мільярдаў рублёў. Узровень рэнтабельнасці – 20 працэнтаў.
Была абмеркавана і сярэднямесячная зарплата працаўнікоў вёскі – у адпаведнасці з планам у сярэднім па раёне ў 2012 годзе яна дасягне 2 мільёнаў рублёў (у 2011 годзе – 1171 тысяча рублёў).
Шмат увагі на пасяджэнні ўдзялялася распрацоўцы мерапрыемстваў па скарачэнні крэдыторскай запазычанасці (хаця на фоне іншых раёнаў вобласці Астравецкі закрэдытаваны значна менш).
Вынікі абароны мерапрыемстваў падвёў У.Э. Рук.
– Усцешна, што ў Астравецкім раёне няма “ляжачых” гаспадарак – усе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы працуюць са станоўчымі вынікамі,– у прыватнасці сказаў ён. – Планы на 2012 год намечаны хаця і сур’ёзныя, але цалкам рэальныя. Лічбы ўзяты не “са столі” – кожная з іх абгрунтавана і падмацавана разлікамі. Застаецца толькі пажадаць вам іх выканання і перавыканання.


Францішка КРАСКО.