Апытанне: а дзе апранаецеся вы?

16:15 / 07.02.2012
Карэспандэнт "Астравецкай праўды" высвятляў дзе апранаюцца астраўчане.

Святлана, 26 гадоў: У Астраўцы я апранаюся рэдка, падабаецца толькі магазін “Прэстыж”. А так езджу ў Мінск у “Імпульс” ці гандлёвы цэнтр “Сталіца” – там вялікі выбар, і я ведаю, што абавязкова што-небудзь знайду. Хаця аднойчы доўга шукала сабе сукенку і нарэшце купіла яе ў “Імпульсе”. А праз некалькі дзён зайшла ў наш “Джынс” – і там прадавалася такая ж, толькі на 50 тысяч танней. І навошта было ехаць у Мінск? Тым не менш, у Астраўцы няма такога выбару, як у сталіцы, калі можна перамераць некалькі варыянтаў і выбраць лепшы.


Кацярына, 30 гадоў: Раней я ездзіла апранацца ў Маладзечна, зараз часцей у Мінск. Абутак купляю ў “Мегатопе” – там прадстаўлены вялікі выбар цікавых маладзёжных мадэляў і часта бываюць скідкі. За адзеннем езджу ў “Імпульс” ці “Бігс”. Але і астравецкія магазіны наведваю час ад часу. Не так даўно купіла сукенку ў “X-style”, камізэльку ў “Архідэі”, гольф у “Шарме”.


Таццяна, 35 гадоў: Сукенкі, спадніцы, блузкі, сарафаны купляю часцей за ўсё ў Астраўцы – у “Шарме”, “Прэстыжы”, “Версалі”. А ўжо верхняе адзенне і абутак еду выбіраць у Мінск, Ліду ці Маладзечна. Аднойчы ездзіла за пакупкамі ў Хмяльніцкі – удалося нядрэнна сэканоміць.


Аліна, 28 гадоў: Калі я выбіраю сабе адзенне, то гляджу не на цану, а на тое, падабаецца яно мне ці не. І гэта можа быць дарагая рэч са сталічнага буціка, і танная – з рынку. Галоўнае, каб яна мне была па душы, і я яе доўга і з задавальненнем насіла.
Што тычыцца кофтачак, маек, то адразу я пашукаю што-небудзь у Астраўцы – часцей за ўсё хаджу да Рогачаў (“Прэстыж”) і ў “Архідэю”. А калі ўжо нічога не знайду, то еду ў сталіцу ў “Свет моды”, “Бігс”, “Імпульс”, “Сталіцу”. У Мінску раблю і больш буйныя пакупкі – абутак, верхняе адзенне, штаны.


Ірына, 22 гады: У мяне ёсць магчымасць ездзіць у Вільнюс, дзе я і купляю адзенне падчас распродажу. Там шмат магазінаў, дзе прадаецца маладзёжнае адзенне папулярных еўрапейскіх марак. За такія ж грошы, як і ў нас, і нават танней, можна знайсці недарагія і якасныя рэчы. На жаль, у нас у Беларусі зусім не развітая практыка распродажаў, і знайсці што-небудзь якаснае па даступных цэнах вельмі складана.


Вольга ШОЎКУН.