Тыдзень postfactum: ці вернецца новы курс у старое рэчышча?

12:11 / 21.09.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Бадай што самай актуальнай тэмай мінулага тыдня быў новы курс замежнай валюты, які сфарміраваўся пасля першых адоўленых таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы.


Інтарэс да падзеі быў такім вялікім, што адзін з папулярных у краіне інтэрнэт-парталаў нават арганізаваў з фінансавай установы, аб існаванні якой большасць з нас яшчэ нядаўна мела толькі аддаленае ўяўленне, прамую відэа-трансляцыю.
Па праўдзе кажучы, маючыя адбыцца таргі чакаліся з надзеяй і апасеннем адначасова.
Апасенні выклікалі шматлікія прагнозы, недахопу ў якіх, у адрозненне ад валюты ў абменніках, не адчувалася. Прычым амаль усе прадказвалі выключна песімістычны сцэнарый развіцця падзей. Штодзень нас “частавалі” навінамі аб новых валютных рэкордах на “чорным” рынку. Весткі аб тым, што за мяжой за адзін долар патрабуюць 15-20 тысяч беларускіх рублёў, яшчэ больш падагравалі агульны ажыятаж. Міжволі закрадвалася змрочная думка: а раптам? Сёння, калі становішча больш-менш праяснілася, задайце сабе пытанне: каму гэта было выгадна?
А з надзеяй таргі на БВФБ чакаліся таму, што ўсе ўжо стаміліся ад непаразуменняў з валютай. Прычым не столькі ад яе адсутнасці ў банках, колькі ад адвольнай трактоўкі кошту долара і еўра на рынках і ў магазінах.
Тым часам першая дадатковая валютная сесія, якая адбылася ў мінулую сераду, спынілася на цане адзінкі амерыканскай валюты ў 8 600 рублёў. У той жа дзень валюта з’явілася ў продажы. Хоць дзеля гэтага банкам нават не прыйшлося выкарыстоўваць унутраныя рэзервы. Проста людзі пайшлі здаваць долары і еўра. Дайшло да таго, што ля многіх абменных пунктаў з’явіліся чэргі. Толькі цяпер не за доларамі, а за беларускімі рублямі. Некаторым банкам прыйшлося тэрмінова папаўняць абменнікі беларускай наяўнасцю.
Дарэчы, яшчэ некалькі месяцаў назад, разважаючы аб прычынах валютнага крызісу, “Тыдзень postfactum” звяртаў увагу на прысутнасць у праблеме “чалавечага фактару” — натуральным жаданні людзей купіць валюту па выгадным курсе і прачнуцца аднойчы “ў шакаладзе”. Гэтая думка спадабалася тады далёка не ўсім. Куды прасцей было спіхнуць усе агрэхі са сваёй галавы на чужую.
І хто меў рацыю?
У апошнія дні тыдня цана долара працягвала змяншацца як на біржы, так і на “чорным” рынку. Хоць і не так імкліва, як расла. Дайшло да таго, што ля абменных пунктаў былі заўважаны ўсё тыя ж “мянялы”, якія яшчэ нядаўна скуплялі валюту, а цяпер прапаноўваюць яе для продажу па цане нават меншай, чым у банку.
У цэлым Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выказаў задавальненне вынікамі першых дадатковых валютных сесій на валютна-фондавай біржы. Галоўнаму банку краіны не прыйшлося ажыццяўляць так званыя інтэрвенцыі – гэта значыць прадаваць валюту з уласных рэзерваў для падтрымання жаданага курса рубля. Прадаўцы і пакупнікі задаволілі свае патрэбы самастойна. Праўда, не па афіцыйным курсе Нацыянальнага банка, які застаўся ранейшым. Аднак і сумны прагноз таксама не спраўдзіўся.
Разам з тым шэраг уплывовых фінансавых дзеячаў сцвярджае, што сённяшнія валютныя курсы, сфарміраваныя ў выніку свабодных таргоў, з’яўляюцца значна завышанымі і не адпавядаюць рэальнаму становішчу спраў у беларускай эканоміцы. Аб гэтым, у прыватнасці, заявіў старшыня Мінскага саюза прадпрымальнікаў Уладзімір Карагін. На яго думку, “красная” цана долару – 4 тысячы беларускіх рублёў, а то і менш”. Згодна з прагнозам прадпрымальніка, менавіта на такой адзнацы курс долара спыніцца праз некалькі месяцаў.
Між іншым, старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова ў сваім інтэрв’ю тэлеканалу, якое выйшла ў эфір вечарам у пятніцу, выказала меркаванне, што ўжо на гэтым тыдні чакаецца істотнае зніжэнне курса замежнай валюты. “Мы думаем, што курс будзе зніжацца. Магчыма, нават на наступным тыдні рэзка пойдзе ўніз. Наступны тыдзень – “падаткавы”, і прадпрыемствам спатрэбяцца беларускія рублі”, – заявіла галоўны банкір краіны. Таксама Надзея Ермакова адзначыла, што на курсе валюты адлюструецца і продаж яе насельніцтву, які апошнімі днямі значна павялічыўся.
Што ж, пажывём – пабачым…