18 верасня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі лясной гаспадаркі

14:32 / 16.09.2011








Упэўнена, што многія замежныя госці, якія хоць аднойчы наведвалі Беларусь, былі прыемна здзіўлены нашымі ляснымі багаццямі. Што можа быць лепш, чым прагуляцца па сасновым бары ці дубовым гаі ў спякотны летні дзень? Хоць лес сёння – гэта не толькі крыніца кіслароду, любімае месца адпачынку людзей, прытулак для птушак і звяроў, а яшчэ і эканамічнае багацце краіны. І менавіта на работнікаў лясной гаспадаркі ўскладзена важная місія ўтрымліваць баланс паміж эканамічнымі і экалагічнымі складальнымі ў выкарыстанні лясных багаццяў.
Напярэдадні Дня работнікаў лясной гаспадаркі аб справах, клопатах, дасягненнях Астравецкага лясгаса расказвае дырэктар прадпрыемства Рыгор Мечыслававіч Долгі:

Лесагаспадарчая дзейнасць

– Нягледзячы на крызісныя часы ў эканоміцы краіны, гэты год для Астравецкага лясгаса быў нядрэнным. Асноўным відам дзейнасці нашага прадпрыемства застаецца лесагаспадарчая дзейнасць, накіраваная не толькі на лесакарыстанне, але і на лесааднаўленне, догляд і ахову ляснога фонду. У гэтым накірунку зроблена нямала. Маладыя дрэўцы сваімі сіламі і з удзелам неабыякавых людзей мы пасадзілі на плошчы 300 гектараў. Хачу адзначыць: высокага паказчыка дасягнулі, нягледзячы на значнае скарачэнне плошчы нашага гадавальніка ў сувязі з будаўніцтвам першага мікрараёна: усе пасяўныя аддзяленні трапілі пад забудову, значна скараціліся “школьныя” аддзяленні, засталася толькі цяпліца, дзе мы вырошчваем пасадачны матэрыял. У сувязі з гэтым давялося заказаць праектную дакументацыю на новы гадавальнік. Яе мы атрымалі ў мінулым годзе. Затым была праведзена разрубка, а зараз вядзецца раскарчоўка тэрыторыі. Гадавальнік размесціцца непадалёку ад Астраўца ў раёне вёскі Бялькішкі і будзе адпавядаць усім сучасным патрабаванням: вялікая тэрыторыя з пасяўнымі, “школьнымі” аддзяленнямі, цяпліцамі, свідравінамі для паліву, адміністрацыйным будынкам для работнікаў гадавальніка.
Вялікая ўвага надаецца навядзенню парадку ў лясах, месцах адпачынку, а таксама добраўпарадкаванню адміністрацыйных будынкаў у лясніцтвах і на прылягаючых тэрыторыях. У гэтым годзе вяліся работы па закладцы дэндрапаркаў у Задворніках і Міхалішках, там можна ўбачыць унікальныя калекцыі раслін, сабраныя з усіх куткоў свету, якія могуць расці і на нашай тэрыторыі. Такія дэндрапаркі цікавыя як з навуковага пункту гледжання – вывучэнне магчымасцяў прыстасавання раслін да нашых умоў, так і з экалагічнага – людзі могуць пазнаёміцца з дрэвамі, якіх яны ніколі ў жыцці не бачылі. Туі, ядловец, кедр сібірскі, лістоўніца, піхта – у дэндрапарку вы знойдзеце больш за 50 відаў самых розных раслін. А яшчэ каля дома паляўнічага мы пабудавалі альтанку, зрабілі альпійскую горку. І збіраемся працягваць пачатую работу, каб дэндрапарк пераўтварыўся ў вялікі парк – цікавы і маляўнічы куточак, адкрыты для наведвання ўсіх жадаючых.
На рэспубліканскім семінары, які не так даўно прайшоў на базе нашага лясгаса, вельмі добрую адзнаку за добраўпарадкаванне атрымалі Палушскае і Міхалішкаўскае лясніцтвы. Зараз вядзецца рамонт кантор Спондаўскага ў Страчы і Катлоўскага лясніцтва ў вёсцы Трокенікі. Рыхтуем дакументы для будаўніцтва адміністрацыйнага будынка Падольскага лясніцтва. У дрэваапрацоўчым цэху паставілі новую агароджу, заасфальтавалі тэрыторыю. Шмат зроблена па добраўпарадкаванню будынка лясгаса, адрамантаваны гаражы, гаспадарчыя пабудовы.
За парадкам у лясах сочаць ляснічыя, а месцы адпачынку ў гэтым годзе нам дапамагалі прыбіраць дзеці. Быў арганізаваны экалагічны атрад школьнікаў, які 1-2 разы ў тыдзень выязджаў на Янаўскае вадасховішча і Мальскі стаў для ўборкі тэрыторыі пасля адпачынку дарослых.
Вядуцца работы на рубках догляду за лесам. Пры правядзенні рубак прамежкавага карыстання за 8 месяцаў нарыхтавана 50 тысяч кубаметраў драўніны – гэта 138 працэнтаў за адпаведны перыяд да ўзроўню мінулага года. Усяго нарыхтавана 67 тысяч кубаметраў драўніны, у тым ліку 30 тысяч кубаметраў – дрывяной драўніны. Насельніцтву рэалізавана 13 тысяч кубаметраў дроў, арганізацыям раёна – 12 тысяч. Нарыхтоўка будзе працягвацца, таму ў гэтым годзе праблем з палівам не будзе. Для ўсіх, у каго ёсць жаданне самім нарыхтаваць паліва на зіму за сімвалічную плату, мы арганізоўваем водпуск дроў за кошт сухастойнай і паваленай ветрам драўніны. Зразумела, нарыхтоўваць яе можна будзе не там, дзе пажадаецца, а ў спецыяльна адведзеных месцах.
Вельмі добра спрацавала ў гэтым годзе лясная ахова: былі арганізаваны дзяжурствы на пажарных вышках і патруляванне – у выніку сёлета не здарылася ніводнага пажару. Спадзяюся, што гэта заслуга і нашых жыхароў, якія сталі больш беражліва адносіцца да лесу.
Адным з перспектыўных напрамкаў работы лясгаса з’яўляецца паляўнічая гаспадарка. І ў гэтым годзе яна папрацавала на славу. Ужо сёння даходы ад гэтай дзейнасці складаюць 130 мільёнаў рублёў – у мінулым годзе за гэты ж перыяд мы зарабілі 70 мільёнаў. 100 мільёнаў атрымалі ад замежнага паляўнічага турызму – па традыцыі да нас прыязджаюць паляўнічыя з Расіі і Украіны. У кастрычніку плануем арганізаваць 2 туры для нямецкіх паляўнічых.
З мэтай узбагачэння складу фауны выпусцілі ва ўгоддзі больш за 30 асобін аленяў высакародных – і ўжо сёння ў лясах можна сустрэць цэлы статак гэтых прыгожых жывёл. Такім чынам, павышаецца прыцягальнасць нашых угоддзяў і паляўнічай гаспадаркі. Працягваем рэалізацыю лані еўрапейскай.
Дарэчы, наш дом паляўнічага прызначаецца не толькі для паляўнічых – сюды можа прыехаць на адпачынак кожны жадаючы. Каб прыцягнуць насельніцтва, у гэтым годзе заключылі дагавор з Інстытутам лесу Нацыянальнай акадэміі навук аб пракладцы экалагічнай сцежкі. Ужо ў наступным годзе людзі, далёкія ад паляўніцтва, але неабыякавыя да прыроды змогуць прыехаць да нас, убачыць цікавыя мясціны, дзікіх жывёл.
Хаця пакуль што дом паляўнічага не можа змясціць усіх жадачых. Пагэтаму сёння мы актыўна працуем над заканчэннем рамонту другога дома паляўнічага на беразе ракі Вілія каля вёскі Быстрыца.



Прамысловасць






– Інтэнсіўна развіваецца ў гэтым годзе прамысловая дзейнасць. Традыцыйным накірункам застаецца дрэваапрацоўка. За 8 месяцаў у дрэваапрацоўчым цэху перапрацавана 21 тысяча кубаметраў драўніны, выраблена 10 тысяч кубаметраў піламатэрыялаў, каля 2 тысяч ацыліндраваных вырабаў з нізкатаварнай драўніны. У канцы мінулага года быў запушчаны прэс па выпуску паліўных брыкетаў, дзякуючы чаму ў лясгаса з’явілася магчымасць зарабляць дадатковыя грошы з адходаў перапрацоўкі лесу. Ужо сёння прэс выйшаў на сваю праектную магутнасць: штомесяц мы выпускаем 180-200 тон паліўных брыкетаў, якія ідуць на экспарт – а гэта 20 тысяч еўра.
Але ж асноўнай прадукцыяй дрэваапрацоўчага цэха застаюцца піламатэрыялы. У гэтым годзе мы набылі дзве дадатковыя сушыльныя камеры – не хапала магутнасці, каб прасушыць усю прадукцыю, якую мы тут вырабляем.
Усяго па прамысловай дзейнасці выраблена прадукцыі ў супастаўных цэнах прыкладна на 8 мільярдаў рублёў, рэалізацыя за 8 месяцаў склала 10,6 мільярда рублёў.
Астравецкі лясгас з’яўляецца адным з лепшых экспарцёраў галіны. Каля 60 працэнтаў выпускаемай прадукцыі ідзе на экспарт – піламатэрыялы, ацыліндраваныя вырабы, паліўныя брыкеты.
Адным з накірункаў прамысловай дзейнасці з’яўляецца пабочнае карыстанне лесам – на грыбах, ягадах, травах, мёдзе, веніках мы зарабілі сёлета ні многа ні мала 84 мільёны рублёў.
Накірунак на развіццё






– У гэтым годзе інвестыцыі склалі 2,5 мільярда рублёў. Акрамя дзвюх сушыльных камер, набылі грузапад’ёмныя механізмы, тэхніку для лясной гаспадаркі, комплекс механізмаў дацкай фірмы “Эгідал” для пасеву і догляду за пасадачным матэрыялам нашага будучага гадавальніка. Пастаянна ўкладваем сродкі ў лесанарыхтоўчую тэхніку. Многааперацыйная машына “Харвэстар” вельмі добра сябе зарэкамендавала: за 8 месяцаў яна нарыхтавала 12 тысяч кубаметраў драўніны – гэта гадавая нарыхтоўка драўніны сярэдняга лясніцтва. Зараз “Харвэстар” задзейнічаны ў Лідскім лясгасе на ліквідацыі буралому.
Апошнім часам часта сталі гучаць папрокі аматараў збору ягад і грыбоў, што ў лясах вельмі разбітыя дарогі. Вялікі аб’ём работ, магутная тэхніка – лясныя дарогі сапраўды не вытрымліваць такой нагрузкі. У сувязі з гэтым нам быў выдзелены з бюджэту 1 мільярд рублёў на будаўніцтва дарог. У гэтым годзе неабходна здаць 6 кіламетраў дарог, у першую чаргу ў Кямелішкаўскім лясніцтве. Падрадчыкам выступае ДРБУ-159.
Стараемся забяспечваць нашых работнікаў жыллём. У бягучым годзе запланавана пабудаваць 5 дамоў. Адзін ужо здалі ў першым паўгоддзі. Туды засялілася маладая сям’я нашых работнікаў, другі будуем у Міхалішкаўскім лясніцтве сіламі лясгаса. Будаўніцтва астатніх, на жаль, прыпынена з-за праблем з крэдытаваннем.
Вялікую ўвагу надаем падрыхтоўцы кадраў: 25 нашых работнікаў зараз атрымліваюць сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю, расходы за навучанне некаторых узяў на сябе лясгас.
Адным са складальнікаў поспеху прадпрыемства з’яўляецца добрая рэклама прадукцыі. Астравецкі лясгас традыцыйна ўдзельнічае ва ўсіх выставах у раёне і за яго межамі. Нядаўна вярнуліся з выставы “Паўночны вектар Гродзеншчыны” – другі год запар прывозім адтуль дыплом за актыўны ўдзел і шырокі асартымент прадукцыі. Атрымліваем заўсёды добрыя водгукі на выставах “Паляўніцтва”, “Дрэваапрацоўка”, якія праходзяць штогод у Мінску.
Багацце лясгаса – людзі

– Як бачыце, работа ў нас вельмі напружаная, і дасягнуць добрых вынікаў было б немагчыма без зладжанай работы супрацоўнікаў прадпрыемства. З задавальненнем магу зазначыць, што ў нас сабралася каманда, якая не ўмее працаваць “спусціўшы рукавы”. Вопытныя, адказныя, самаадданыя работнікі Астравецкага лясгаса сумеснымі намаганнямі сфарміравалі станоўчы імідж нашага прадпрыемства.
Асаблівыя словы падзякі хацелася б выказаць нашым перадавікам: майстру лесу Катлоўскага лясніцтва С.М. Місевічу – чалавеку, які 22 гады адпрацаваў на карысць лясгаса і зарэкамендаваў сябе як граматны і высакакласны спецыяліст, сёлета ён узнагароджаны ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі; галоўнаму бухгалтару Н.К. Долгай і вядучаму інжынеру па паляўнічай гаспадарцы В.М. Урбановічу, якія ўзнагароджаны ганаровымі граматамі Гродзенскага ДВЛГА; ляснічаму Міхалішкаўскага лясніцтва Я.С. Волкаву, начальніку дрэваапрацоўчага цэха Д.А. Волк-Леановічу, лясніку Спондаўскага лясніцтва С.У. Бабічу – іх фотаздымкі заслужана змешчаны на Дошку гонару абласнога аб’яднання. Ганаровыя граматы Астравецкага райвыканкама напярэдадні прафесійнага свята атрымалі галоўны інжынер лясгаса І.І. Чапукойць і майстар гадавальніка Т.М. Асон. Традыцыйна, перад Днём работнікаў лесу мы падводзім вынікі сярод калектываў – у гэтым годзе лепшым прызнана Варнянскае лясніцтва, на другім месцы – Катлоўскае, Спондаўскае лясніцтва – на трэцім. А лепшымі па прафесіі прызнаны В.Э. Ключнік, Т.У. Стаціна, У.І. Шчамялёў, В.Я. Бумбуль, А.І. Садкевіч, Г.А. Сташкевіч, А.С. Ваховіч, І.І. Стэфановіч, Г.І. Валуевіч. Пяць месяцаў ужо працуюць нашы машыністы “Харвэстара” І.І. Папка, А.І. Узарэвіч і П.І. Вараб’ёў на ліквідацыі бураломаў у іншых раёнах. А вопыту, адданасці справе, працаздольнасці мы вучымся ў нашых ветэранаў П.І. Дзісько, Г.А. Назаравай, Н.У. Герман, Т.А. Валэйка.
З нагоды прафесійнага свята ўсім работнікам прадпрыемства хацелася б пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту і ладу ў сем’ях.


Вольга ШОЎКУН.