"Паўночны вектар Гродзеншчыны": смаргонскі варыянт

15:33 / 14.09.2011
8456

Напрамак “Паўночнага вектара Гродзеншчыны”, які ў мінулым годзе паспяхова стартаваў у Ашмянах, сёлета змясціўся на Смаргонь: менавіта ў гэтым суседнім горадзе ў мінулую суботу прайшла рэгіянальная выстава-кірмаш трох паўночных раёнаў Гродзенскай вобласці – Смаргонскага, Астравецкага і Ашмянскага — і міжнародны эканамічны форум “Новыя магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва”. Старт чарговаму этапу гэтага праекта, закліканага актывізаваць дзелавую ініцыятыву паўночнага рэгіёна і прыцягнуць сюды інвестыцыі, даў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта С. Б. Шапіра.
– На поўначы нашай вобласці жывуць і гаспадараць таленавітыя, талковыя людзі, і гэтая выстаўка-кірмаш задумвалася для таго, каб прыцягнуць увагу да гэтага цікавага рэгіёна, — сказаў, адкрываючы выстаўку, Сямён Барысавіч.
Пасля таго, як прагучалі прывітальныя словы, права перарэзаць чырвоную стужку, якая сімвалізавала адкрыццё выстаўкі-кірмашу, было даверана старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёну Барысавічу Шапіра і старшыням Смаргонскага, Астравецкага і Ашмянскага райвыканкамаў Мечыславу Браніслававічу Гою, Адаму Дзмітрыевічу Кавальку і Юрыю Уладзіміравічу Адамчыку.



…І зашумела-завіравала на вуліцах Смаргоні свята. Дакладней, “тры ў адным” святы, бо да правядзення рэгіянальнай выстаўкі-кірмашу суседзі прымеркавалі яшчэ і свята горада, і раённыя “Дажынкі”.
Адной – хоць і не асноўнай – асаблівасцю яго сталі крыху нязвыклыя для жыхароў нашых правінцыяльных гарадоў асаблівыя меры бяспекі. За некалькі гадзін да пачатку пры пустых пакуль вуліцах ад вялікай колькасці ахоўнікаў правапарадку было крыху ніякавата. Зрэшты, пасля нядаўніх трагічных падзей клопаты міліцыі, здаецца, былі зразумелыя ўсім і не выклікалі – прынамсі, знешне – ніякіх пярэчанняў грамадзян.
Праход на плошчы і вуліцы, дзе разгарнулася свята, быў дазволены толькі ў вызначаных месцах. Людзі без ручной паклажы падвяргаліся толькі “фэйс-кантролю”. Ну а тых, хто жадаў прайсці з пакетам ці сумкай, правяралі яшчэ і з дапамогай металадэтэктара. Аднак вялікіх чэргаў на турнікетах гэта не стварыла.
У цэлым праваахоўнікі спрацавалі ў гэты дзень на цвёрдую “чацвёрку” пры колішняй пяцібальнай сістэме. Адзін бал можна зняць хіба толькі за людзей нападпітку, якіх для мерапрыемства такога ўзроўню было ўсё ж такі зашмат. А з іншага боку, у вочы яны асабліва не кідаліся, парадак не парушалі і назіраліся выключна ў месцах, адведзеных для ўжывання напояў з павышаным “градусам”.


Роўна ў 10.45 дэлегацыя ўдзельнікаў выставы-кірмашу на чале са старшынёй Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта С.Б. Шапірам наведала спартыўны комплекс “Юнацтва”, у якім гасцей форума чакалі выставы-прэзентацыі трох раёнаў “паўночнага вектара” Гродзеншчыны.
Не ў крыўду будзе сказана нашым суседзям, але Астравецкая выстава на агульным фоне некалькі статычных матэрыялаў, падрыхтаваных смаргонцамі і ашмянцамі, вызначалася крэатывам і завершанасцю кампазіцыі. Нават у тых, хто ніколі не бываў на Астравеччыне, была магчымасць атрымаць дакладнае ўяўленне аб нашым раёне.
Безумоўнай дамінантай астравецкай экспазіцыі з’яўлялася шырокафарматная, у рост чалавека, карта раёна.
На экране ўвесь час у рэжыме “нон-стоп” дэманстраваліся відэа-ролікі, якія расказвалі аб гісторыі і сучаснасці раёна, прыродзе, прадпрыемствах і адметных людзях Астравеччыны. Прычым гэта было не аматарскае відэа, а падборка матэрыялаў, знятых у розны час прафесіяналамі цэнтральных тэлеканалаў нашай краіны.
Вялікую цікавасць у наведвальнікаў, у тым ліку і ў патэнцыяльных інвестараў, выклікалі планы будучай забудовы горада энергетыкаў. Дарэчы, аддзел эканомікі райвыканкама ўжо зараз гатовы прадаставіць інвестарам шэраг канкрэтных прапаноў па ўдзелу ва ўзвядзенні аб’ектаў гандлю і прыдарожнага сэрвісу. На выставе гэтыя прапановы былі падмацаваны адпаведнымі фотаздымкамі з космасу, на якіх былі ўказаны месцы знаходжання мяркуемых аб’ектаў. Асабліва пільны інтарэс да магчымых інвестыцый выявіла дэлегацыя Швянчонскага раёна Літоўскай рэспублікі.
На другім паверсе спорткомплекса дэманстравалі ўзоры сваёй прадукцыі прадпрыемствы рэгіёна, у тым ліку і наш СВК “Варняны”. Варнянцы частавалі гасцей фірменнай тушонкай і адмысловым салёным салам, якое карысталася проста шалёным попытам!
Сумніўна меркаваць, што ў названым кааператыве нехта прафесійна займаецца брэйдзінгам, папулярнай і неабходнай сёння справай прасоўвання на рынку гандлёвай маркі – брэнда. І тым не менш – у гэтым можна было пераканацца падчас выстаўкі — гандлёвая марка “Варняны” існуе ў рэчаіснасці! Ёсць фірменны сцяг, стыль, карпаратыўны сонечны колер, арыгінальная сімволіка прадпрыемства, рэкламная і сувенірная прадукцыя, якая распаўсюджвалася сярод наведвальнікаў. Сёння гэта не марна выкінутыя на вецер грошы, а павеў часу, аб’ектыўны закон прысутнасці на рынку і, калі жадаеце, прыкмета сучаснага прадпрыемства, а не адышоўшага ў нябыт калгаса. Уцешна, што ў СВК “Варняны” гэта разумеюць і надаюць уласнай рэкламнай кампаніі належную ўвагу.
Дарэчы сказаць, і на выстаўцы-кірмашы, у якую ў той дзень ператварыліся ўся цэнтральная вуліца і плошча горада, прадукцыя СВК “Варняны” карысталася павышаным попытам: ля варнянскай палаткі стаяла самая вялікая чарга, якая “рассмакталася” толькі ў другой палове дня, калі ўсе ўжо, падобна, насыціліся “і хлебам, і відовішчамі”. І нават “нью-“Песняры”, якія прыцягвалі гледачоў і пакупнікоў цудоўным выкананнем беларускіх песень да месца гандлю Ашмянскага мясакамбіната і шырокі асартымент мясных і каўбасных вырабаў суседзяў не змаглі змяніць прыярытэты: народ масава “галасаваў рублём” за варнянскую цану і якасць!
Карысталася попытам і прадукцыя фермерскай гаспадаркі “Астравецкая”. Да таго ж тут была наладжана дэгустацыя – хто ж адмовіцца ад славутай “халявы”! СВК “Гервяты” выставіў ажно дзве палаткі: адна – для “хлеба”, дзе пакупнікі маглі набыць прадукцыю гаспадаркі, а другая – для “відовішчаў”: там людзі, якім хацелася больш даведацца пра гаспадарку, яе вытворчыя магчымасці і перспектывы, маглі задаволіць свае жаданні з дапамогай традыцыйных і сучасных тэхналогій.
І на радах вытворчых прадпрыемстваў астравецкія прадпрыемствы не згубіліся. Прыцягвала ўвагу наведвальнікаў шырока разгорнутая экспазіцыя астравецкага лясгаса, дзе можна было не толькі пабачыць, якую прадукцыю выпускае яго дрэваапрацоўчы цэх, палюбавацца і пры жаданні набыць саджанцы рэдкіх дрэў і кустоў, але і паласавацца мядком: 250 кілаграмаў “натурпрадукта для вашага здароўя” разышліся ў імгненне вока!
Радаваліся ў гэты дзень і работнікі нашага камбіната бытавога абслугоўвання: смаргонскі пакупнік ацаніў па вартасці іх прадукцыю: гандаль ішоў даволі бойка.
Усяго на выставе сваю прадукцыю прадстаўлялі каля 70 прадпрыемстваў Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў. Каб агледзець і ацаніць па вартасці ўсё, не хапіла б і цэлага дня. Уся цэнтральная вуліца была запоўнена прадукцыяй нашых паўночных раёнаў: ад каўбас, пірагоў і хлябоў — да плугоў, трактараў і браніраваных інкасацыйных аўтамабіляў.


Пакуль людзі справы знаёміліся з матэрыяламі ярмаркі, да ўвагі шматлікіх наведвальнікаў была прадстаўлена культурная праграма, падрыхтаваная ўстановамі культуры трох раёнаў.
Зразумела, мы чакалі найперш нашых. Аднак трэба аддаць належнае і суседзям. У які ўжо раз выдатнае выканаўчае майстэрства, вартае самых высокіх слоў захаплення, дэманстравалі артысты з Ашмян. Без сумненняў, Ашмяншчына багатая на музычныя таленты!
Калі ж на сцэну выйшла наша “Кемяліна”, з неба лінуў сапраўдны паток вады. Імправізаваная глядзельная зала на галоўнай плошчы Смаргоні ў імгненне апусцела! На сваім месцы засталася толькі адна жанчына, якая прадбачліва запаслася парасонам. Падобны паварот мог збіць з панталыку любога артыста. Але толькі не “Кемяліну”! Не міргнуўшы вокам, артысты даспявалі першую песню, насуперак прыроднаму катаклізму пачалі другую — і сонца, а за ім і гледачы, вярнуліся на свае месцы! Каб доўгай авацыяй вітаць выступленне нашых спевакоў!

А хто стаміўся ад культурна-шопінгавай праграмы, мог падсілкавацца ў шматлікіх кропках грамадскага харчавання.
Сярод якіх па традыцыі афармленнем, разнастайнасцю і смакатой выдзялялася астравецкае райспажыўтаварыства – за што і карысталася павышанай увагай згаладалых наведвальнікаў выстаўкі.

У парку ў гэты час свае вырабы прапаноўвалі рэзчыкі па дрэве, ганчары, мастакі і іншыя народныя майстры.
Найбольш уразіла сціплае гандлёвае месца, дзе, “не адыходзячы ад касы”, бабуля і дзве дзяўчыны плялі паясы. Як высветлілася, гэта лаўрэат шматлікіх фестываляў і конкурсаў выстаў, кіраўнік гуртка “Чароўныя паясы” Марыя Стасяловіч са сваімі навучэнкамі. Дарэчы, на выраб аднаго танюсенькага паяска ідзе каля тыдня, а купіць яго можна за 60-80 тысяч.
Былі ў той дзень у Смаргонскім горадзе майстроў прадстаўлены і вырабы астравецкіх “залатаручак”: саломка Валянціны Віннічак і майстрых з раённага Дома рамёстваў. А найбольш парадаваў Гервяцкі Дом рамёстваў, які прапанаваў на выстаўку і продаж сувеніры з мясцовай сімволікай: гадзіннікі, сувенірныя талерачкі, альбомы і рамкі для фатаграфій з выявай жамчужыны Гервяцкага краю – касцёла Святой Тройцы, які ўжо стаў сімвалам Астравеччыны. Так і хочацца ўсклікнуць: нарэшце! Нарэшце і ў нас з’явілася сувенірная прадукцыя з мясцовым каларытам! І хоць гэта толькі першая ластаўка і астравецкія майстры пакуль не спяшаюцца пераймаць пачын гервяцкіх калег, але ж, трэба думаць, усё гэта справа недалёкага часу. І неўзабаве і ў нас можна будзе купіць і астравецкія магніцікі, і значкі, і сцяжкі, і кубкі, і ўсё астатняе, чаго было ўдосталь у Смаргоні – але з выявай ІХНЯГА герба, цікавых мясцін і іншых адметнасцей краю.

Тут жа, непадалёку ад гандлёвых радоў, шчасліўчыкі маглі бясплатна пакаштаваць армейскіх страў: юшкі і тушанай бульбы з мясам. Усё было настолькі смачным, што некаторыя станавіліся ў чаргу яшчэ раз – і салдацкі кацёл, разлічаны на 130 порцый, пусцеў за лічаныя хвіліны – і тут жа замяняўся поўным. Зрэшты, і яго хапала ненадоўга…
Увогуле, армейская прысутнасць у той дзень у Смаргоні адчувалася асабліва. Зачараваў сваім музычна-артыстычным “майстар-класам” узорна-паказальны аркестр пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь і парад клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі. На працягу дня імператарскія і кайзераўскія войскі некалькі разоў праходзілі маршам па Смаргоні, дзе ў часы Першай сусветнай вайны разгортваліся драматычныя ваенныя па-дзеі, калі расійскія і нямецкія войскі вялі тут баі на працягу 812 дзён. Побач з паходнай кухняй можна было сфатаграфавацца з салдатамі часоў Першай сусветнай вайны: як з “рускімі”, так і з “немцамі”.
А рэканструкцыя падзей тых дзён стала адной з самых відовішчных на свяце. Спачатку на полі каля аб’язной дарогі вакол Смаргоні адбыліся паказальныя выступленні пагранічнікаў-кінолагаў з ваеннай часці 2044. А потым дзве групы салдат у адзенні часоў Першай сусветнай змагаліся на тым самым месцы, дзе калісьці праходзіла мяжа, да якой здолелі дайсці нямецкія войскі кайзера. Закладзеныя сапёрнымі атрадамі піратэхнічныя зарады па-сапраўднаму ўздымалі ў паветра кілаграмы зямлі і камянёў. Каментатар расказваў прызабыўшым гісторыю гледачам, як немцы пераходзілі ў атаку, змагаліся з нашымі, як баі часта пераходзілі ў рукапашную, як немцы адступалі, выпускалі ядавітыя газы, ад якіх жаўцела трава – і прысутныя маглі бачыць гэта ўвачавідкі. Калі ж “нашы” пераходзілі ў атаку, то іх гучнае “Ура!” шматгалоса падтрымлівалі ўсе!
Закончылася “вайна” гэтак жа, як было і на самой справе: падпісаннем мірнага дагавору і братаннем змучаных рускіх і нямецкіх салдат.

Але свята святам, відовішчы – відовішчамі, а галоўнай падзеяй рэгіянальнай выстаўкі-кірмашу “Паўночны вектар Гродзеншчыны” стаў праведзены ў яго рамках міжнародны эканамічны форум “Новыя магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва”.
Удзел у ім прынялі дзелавыя кругі з многіх краін, у тым ліку па запрашэнню Астравецкага райвыканкама — і дэлегацыі гарадоў, з якімі ў нас падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве: польскага Лідзбарка Вармінскага і літоўскага Швянчоніса. Увогуле ж у мерапрыемствах прынялі ўдзел госці больш як з дзесяці краін свету – Малдовы, Расіі, Літвы, Польшчы, Сірыі, Славакіі, Італіі і іншых.
На форуме выступіў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Літве і Фінляндыі (па сумяшчальніцтву) Уладзімір Несцеравіч Дражын, які расказаў пра развіццё супрацоўніцтва паміж дзвюма суседнімі краінамі – апошнім часам яно актыўна развіваецца. І, на думку дакладчыка, не ў апошнюю чаргу – дзякуючы такім вось рэгіянальным форумам.
У рамках форуму выступілі намеснікі старшынь райвыканкамаў па эканоміцы 3 раёнаў – Астравецкі раён прадстаўляў Уладзіслаў Станіслававіч Ластоўскі. Кожны з іх расказаў пра магчымасці і інвестыцыйную прывабнасць свайго раёна. Патэнцыяльных інвестараў на Астравеччыне, як паведаміў Уладзіслаў Станіслававіч, чакаюць тры сур’ёзныя аб’екты: будаўніцтва буйнога гандлёвага цэнтра на 3600 квадратных метраў ва ўзводзімым мікрараёне №1, аб’ект грамадскага харчавання на Полацкім тракце ў вёсцы Варона і аб’ект прыдарожнага сервісу каля новай аб’язной дарогі. Для ўсіх іх ужо выдзелены пляцоўкі, ствараецца пярвічная інфраструктура.
Прывабным павінен стаць наш рэгіён і для развіцця турызму – аб гэтым гаварыў у сваім выступленні начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Віктаравіч Шэін. Прычым у яго выступленні была адметнасць, якая, хочацца спадзявацца, стане ў далейшым візітнай карткай “Паўночнага вектара”: Сяргей Віктаравіч расказваў пра магчымасці не толькі турыстычнай Астравеччыны, а распавёў, як патэнцыяльны інвестар можа аб’яднаць турызм усіх трох раёнаў – Смаргонскага, Ашмянскага і Астравецкага — для ўласнай і агульнай карысці. І зусім неабавязкова гэта павінен быць прыватнік: дзяржаўным структурам таксама ёсць дзе прымяніць свае сілы і творчасць.
У рамках эканамічнага форуму былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Смаргонскім раённым выканаўчым камітэтам і сірыйскай фірмай “Near East Oliy Product”, Ашмянскім райвыканкамам і самакіраваннем Укмергскага раёна Літоўскай Рэспублікі, Астравецкім раённым выканаўчым камітэтам і Лідзбарк Вармінскім паветам Рэспублікі Польшча.
Канешне, пра эканамічную эфектыўнасць Смаргонскага форуму гаварыць пакуль рана, але многія з гасцей выказалі зацікаўленасць прапанаванымі ўсімі трыма раёнамі ідэямі і праектамі. Хочацца спадзявацца, што многія з іх знойдуць сваіх інвестараў і практычнае ўвасабленне. І на наступным падобным форуме і выстаўцы-кірмашы – а эстафету ад Смаргоні пераймае Астравец, менавіта мы ў наступным годзе будзем прымаць гэты маштабны форум – можна будзе агучыць і канкрэтныя вынікі.


Ніна РЫБІК.
Эдуард СВІРЫД.
Антон МАЛЬШЭЎСКІ.
Фота аўтараў і Юрыя Горыда.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений