Новыя тэхналогіі ў Астраўцы прапануе фірма "ЭТА-КОМ"

08:09 / 12.09.2011

Пакуль парк новых тэхналогій – айчынная “сіліконавая даліна” – толькі пускае свае карані ў беларускай сталіцы, у Астраўцы, на невялікай плошчы ў два дзясяткі квадратных метраў арандаванага памяшкання, вось ужо шэсць гадоў дзейнічае, вынаходзіць, зарабляе прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “ЭТА-КОМ”. Адзінае ў нашым раёне, якое займаецца распрацоўкай камп’ютарных праграм і арыентавана выключна на заходні рынак.
Парк – не парк, а сквер новых тэхналогій – дык дакладна!








Аб дзейнасці прадпрыемства, асаблівасцях прафесіі праграміста, успрыманні беларусаў у Еўропе і значэнні загадкавай назвы гутарым з заснавальнікамі і нязменным кіраўніком “ЭТА-КОМ” Святланай Дзічкоўскай.

— Шчыра кажучы, прафесія праграміста ў нашым грамадстве з асобай жанчыны неяк не атаясамліваецца…
— Падобнае меркаванне недалёкае да ісціны. Праграмісты – людзі асаблівага складу, апантаныя сваёй працай. З боку можа падацца, што наша работа манатонная, нецікавая, можа, нават, нудная. Але насамрэч гэта не так. Іншым разам рэалізацыя чарговага праекта так захоплівае, што думкі аб ім не пакідаюць ні днём, ні ноччу. Я ўжо не кажу пра рэжым працоўнага дня.
У жанчын жа як заўсёды безліч хатніх клопатаў! Таму быць праграмістам можа толькі той – альбо тая, у каго ёсць надзейны тыл. Трываць жонку-праграміста не ў кожнага мужчыны хопіць моцы.
Што да мяне, то я заўсёды любіла матэматыку, марыла быць настаўніцай. Але ўрокі інфарматыкі, якія пачаліся ў 8-класе, так захапілі, што, па сутнасці, не пакінулі мне выбару.
— Ваша прадпрыемства – адзінае падобнага профілю ў Астраўцы. А хто з’яўляецца спажыўцом вашай прадукцыі? І ўвогуле – што яна сабой уяўляе?
— Мы займаемся распрацоўкай праграмнага забеспячэння пад канкрэтнага заказчыка. Прызначаецца яно для ажыццяўлення фінансава-бухгалтарскіх аперацый, стварэння справаздач, баз дадзеных, узаемаадносін прадпрыемстваў з кліентамі і персаналам…
А працуем з нямецкімі кампаніямі і фірмамі.
— Як увогуле ўдалося выйсці на заходні рынак?
— Знайсці патрэбныя сувязі, наладзіць кантакты дапамаглі былыя аднакурснікі па БДУІР. Трэба сказаць, што спецыялісты, якіх выпускае гэты ўніверсітэт, вельмі запатрабаваны. У тым ліку і ў Заходняй Еўропе. Многія паехалі туды на працу. З часам адкрылі ўласныя фірмы. Канешне, дзяліцца сваімі кліентамі не хацеў ніхто. Таму паступова, пакрысе прыйшлося даказваць сваю кампетэнтнасць і прафесіяналізм. Адразу скажу, што было няпроста. Як бы крыўдна гэта ні прагучала, але ў Еўропе нас, беларусаў, не ўспрымаюць як асобную нацыю. Для іх мы – рускія з усімі выцякаючымі з гэтай акалічнасці наступствамі. На жаль, славутая расійская безадказнасць, абыякавасць, неабавязковасць, асабліва ў 90-х гадах, вельмі моцна зашкодзіла рэпутацыі спецыялістаў нашага профілю. Што б мы ні гаварылі, як бы ні тлумачылі, што Беларусь зусім не Расія – з намі проста не хацелі мець справу. А калі і даручалі нешта, то нейкія нязначныя, дробязныя праекты. Нічога, мы і гэтым не грэбавалі. Бралі ўсё, што давалі. Выконвалі. Пераходзілі на новы ўзровень. Зараз з намі супрацоўнічаюць салідныя фірмы з колькасцю работнікаў у 10 тысяч і нават болей.
А сакрэт нашага поспеху на Захадзе даволі просты. Адзін і той жа аб’ём работы мы выконваем з той жа якасцю, але на парадак танней за сваіх еўрапейскіх калег. Нам хапае. І працуем з прыбыткам, і падаткі плацім.
— Не страшна было пачынаць займацца дзейнасцю ў сферы высокіх тэхналогій? Напэўна ж, гандляваць на рынку памперсамі было б больш проста і надзейна?
— Канешне, страшна! І ідэя стварэння падобнага прадпрыемства прыйшла не адразу. Спачатку працавала ў адной з устаноў на дзяржаўнай мяжы. Да пары зменны графік работы, праца ў начныя гадзіны не напружвала. А затым усё ж дала аб сабе ведаць. Вось тады і прыйшла думка аб арганізацыі ўласнай справы.
— Як можна зразумець, набыццё некалькіх камп’ютараў ды мэблі было не самым складаным?
— Самым складаным было знайсці патрэбных спецыялістаў. Мне пашчасціла…
Ведаеце, некалі мой бацька вырошчваў раннюю бульбу, а затым вёз яе на рынак у Мінск. Я таксама некалькі разоў яму дапамагала. Памятаю, саромелася неймаверна. Не ведаю, чаму. Дык вось, была ў яго нейкая патрэбная жылка, шчасце, удача… Нават не ведаю, як гэта назваць… Дзесятак прадаўцоў на рынку, а чарга толькі да яго!
Маёй удачай сталі людзі, з якімі я сёння працую! Апантаныя, захопленыя сваёй справай! Тут нават спецыяльная адукацыя мае не самае галоўнае значэнне.
Наш супрацоўнік Раман Кіткевіч па спецыяльнасці – выкладчык матэматыкі і інфарматыкі. А праграміст – ад Бога! Залатая галава!
(Пасля гэтых слоў Раман адарваўся ад манітора камп’ютара, сказаў: “Лепш я пайду пакуру” і выйшаў з памяшкання – Э.С.)
Аднойчы рыхтавалі праграму для нямецкай фірмы. Да нас над ёй працавала адна замежная кампанія і з задачай не справілася. Так і заявілі заказчыкам: выканаць тое, што вы патрабуеце, немагчыма. А наш Раман з гэтым справіўся!
— Ну вось прачытае нехта гэта інтэрв’ю і пажадае ўладкавацца да вас на работу. Якім трэба быць, каб працаваць у вашай камандзе?
— Прафесіяналам. Здараецца такое, што чалавек ведае некалькі офісных праграм і ўжо лічыць сябе праграмістам. Але ён пакуль не праграміст, а ўсяго толькі вопытны карыстальнік. Тыя, хто працуе ў нас, ведаюць па 4-5 моў праграміравання! А яшчэ трэба быць апантаным сваёй справай. Толькі тады можа нешта атрымацца. Мы ж не “кантора”, дзе трэба толькі да канца працоўнага дня “дажыць”. Колькі заробім – столькі і атрымаем.
Канешне, розныя людзі мне трапляліся. І тыя, хто на рабоце “касынку” раскладваў, і хто за пяць хвілін да канца працоўнага дня камп’ютар выключаў… З такімі прыйшлося развітвацца.
Некалі ў нас працавала 7 чалавек. На жаль, крызіс адбіўся і на нашым прадпрыемстве – засталося толькі чацвёра. Затое гэта – сапраўдныя прафесіяналы.
— Не магу не задаць пытанне аб назве вашага прадпрыемства. Здагадваюся, што “КОМ” азначае камп’ютар. А што значыць “ЭТА”?
— З гэтай ЭТАй у нас пэўны час узнікалі некаторыя непаразуменні з нашымі партнёрамі. ЭТА – вядомая экстрэмісцкая арганізацыя ў Іспаніі. Прыйшлося даказваць, што мы да яе не маем ніякіх адносінаў. Эта – на старажытнай мове палі азначае тысячагоддзе, альбо эра. Атрымліваецца, што “ЭТА-КОМ” – эра камп’ютараў, новых тэхналогій…


Перад развітаннем папрасіў Святлану растлумачыць мне “на пальцах” альбо паказаць, як ствараюцца камп’ютарныя праграмы і з надзеяй утаропіўся ў манітор. “Лікбез” працягваўся хвілін пяць, хоць ужо на першай я зразумеў, што спасцігнуць сакрэты праграмінавання мне не дадзена ні ў тэорыі, ні на практыцы.
“Нічога, — усміхнуўся Раман, — вось годзік да нас паходзіце – і атрымаецца!”
Не, годзікам тут, падобна, не абыдзецца. І ўвогуле – кожны павінен займацца сваёй справай.

Эдуард ІВАНАЎ.