Ураджай-2011: напярэдадні новага года

12:01 / 25.08.2011

Ах, ты восень – работ восем! Увесь год працуе селянін для таго, каб было што збіраць. Нездарма калісьці новы год пачынаўся 1-га верасня – ссыпаў зерне новага ўраджаю ў засекі – і чухай патыліцу, думай, як яго расцягнуць на дванаццаць месяцаў. Хаця якое чуханне ў канцы жніўня – пачатку верасня, калі рукі гудуць ад работы: пераараць-пабаранаваць-пасеяць азімыя-лён падняць-бульбу выкапаць…


Кіпіць работа на палетках саўгаса “Падольскі”…
Жніво

Камбайны штурмуюць яравы рапс.
–Праблемнай культурай аказаўся сёлетні рапс, – гаворыць галоўны аграном саўгаса Раман Эдмундавіч Лапата. – Азімы загінуў поўнасцю. Перасеялі яравым. Гэты рос і радаваў – кусцісты, з буйнымі стручкамі. Па нашых прыкідках, на асобных участках павінен быў даць па 31 цэнтнеру з гектара, што для яравога рапсу на нашых землях – рэкорд. Але літаральна за дзень да ўборкі здарыўся град – велічынёй з гарошыну, які дзе абабіў стручкі, дзе расшчапіў іх і зерне высыпалася на зямлю. Таму вырашылі не рызыкаваць – усе сілы кінулі на абмалот крыжакветнага, хаця некаторыя яго ўчасткі яшчэ можна было б крыху падспяліць. У выніку сабралі толькі па 13 цэнтнераў з гектара.
Пясчаным глебам, якіх у “Падольскім” – большасць, сёлетняе вільготнае лета прыйшлося даспадобы: валавы намалот перавысіў запаветныя 10 тысяч тон збожжа – будзе і сабе, і на продаж. І на ўраджайнасць грэх наракаць – кожны гектар збожжавых і зернебабовых даў у сярэднім па 40,2 цэнтнера.
Кукурузу шмат гадоў называюць каралевай палёў, а падальчане лічаць, што кукуруза – каралева, а авёс – кароль. Іх лёгкія землі падабаюцца аўсу. Вось і сёлета ён даў на круг па 42 цэнтнеры. “Абагнала” авёс толькі яравая пшаніца (43,2 цэнтнера з гектара), дык з ёй жа колькі няньчыліся: самыя лепшыя ўчасткі пасля аптымальных папярэднікаў, тры мінеральныя падкормкі, хімпраполка самымі сучаснымі гербіцыдамі, фунгіцыдная апрацоўка ад ліставых хваробаў… А авёс урадзіў і на пясочку.
Земляробы саўгаса “Падольскі” з поўным правам могуць пахваліцца і піваварным ячменем – першымі ў раёне тут выканалі дзяржаўны план яго продажу. І хоць да якасці ячменнага зерня півавары прад’яўляюць асаблівыя патрабаванні, падольскае збожжа прыйшлося ім даспадобы.
Свайго зоркавага часу чакаюць 70 гектараў грачыхі. Частку “каралевы палёў” таксама вырашана абмалаціць – яна, дарэчы, сёлета вымахала пад тры метры, пачаткі буйныя, сакавітыя, цяжкія. І на зерне хопіць, і на багаты бялком сілас – таксама.



Каб было што жаць

– Жніво фактычна завершана, – радуецца Раман Эдмундавіч. – Але працы ніколькі не менш. Пасеялі азімы рапс. Рыхтуем глебу да сяўбы: пераворваем, уносім мінеральныя ўгнаенні, культывіруем. Вось-вось распачнецца сяўба азімых збожжавых культур. Мінулагодняя зімоўка і для збожжавых, і тым больш для рапсу выдалася няўдалай. Вельмі. За трыццаць гадоў маёй працы ў раслінаводчай галіне другой такой не было. Але гэта не павінна ўсяляць песімізм. Вядома, пасяўныя плошчы і асартымент культур мы падкарэкціравалі, але галоўнае – пастарацца пазбегнуць памылак, дапушчаных у мінулым годзе. Хаця ад выбрыкаў надвор’я ў нашых шыротах не застрахуешся…
Тэхнічны парк у саўгасе выдатны – пераворванне глебы праводзіцца самымі сучаснымі трактарамі “Беларус-1221! А сяўба – навейшымі магутнымі пасяўнымі агрэгатамі. “Мінералку” ўносяць у адпаведнасці з картаграмамі, зробленымі на падставе аналізу складу глебавых рэчываў: калійныя і азотныя ўгнаенні – пад патрэбнасць, а даражэнныя фосфарныя – па магчымасці.
Працоўны дзень доўжыцца ад цямна да цямна. Сейбітам, гэтак жа, як і жнеярам, саўгасныя кухаркі гатуюць абеды, для якіх мяса і гародніна выкарыстоўваюцца свае – саўгасныя.



Абмыты жнівеньскімі росамі

Пажылыя жанчыны, якія некалі быліі звеннявымі па вырошчванні лёну, толькі паціскаюць плячыма: столькі ручной працы ім даводзілася затраціць, каб вырасціць і ўбраць “беларускі шоўк”, а сёння ўсё робяць машыны: полюць, рвуць-рассцілаюць і нават падымаюць і вяжуць. Не ў снапкі, як калісьці, а ў вялізныя рулоны-кругляшы.
У саўгасе распрацавана свая тэхналогія пад’ёму трасты: наперадзе ідзе ўспушвальнік, які ўзбівае прыбітыя дажджамі радкі, і падрыхтаваны такім чынам лён прэс-падборшчык падбірае без страт – стопрацэнтна.
– На гэтым участку лён слабаваты, – разводзіць рукамі галоўны аграном. – Гэта наступствы вясенніх прымаразкаў, які частку раслін знішчылі, а тыя, што засталіся, выраслі нізкарослымі, а значыць, няякаснымі. Нумарнасць лёну з гэтага ўчастка невысокая. Але ёсць чым душу заспакоіць – закончым гэтае поле, пяройдзем на другое – там даўгунец вырас добры.


Ганна ЧАКУР.