Новая прадукцыя завода «Радыёдэталь»

09:09 / 22.08.2011

Астравецкі завод “Радыёдэталь” на працягу некалькіх гадоў мае станоўчую дынаміку развіцця. Па выніках за першае паўгоддзе 2011 года завод выпусціў таварнай прадукцыі на суму 1632 мільёны рублёў. Тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці да адпаведнага перыяду 2010 года склаў 114,8 працэнта. Рэнтабельнасць вытворчасці – 15,9 працэнта.
І, нягледзячы на крызісныя часы, якія завод перажыў у 2009 годзе, сёння прадпрыемству ўдалося вярнуць былыя пазіцыі і выйсці на рэнтабельную работу, дзякуючы мадэрнізацыі вытворчасці і пашырэнню асартыменту. Аб гэтым сённяшняя гутарка з дырэктарам завода “Радыёдэталь” Валянцінам Баляслававічам Гульбіновічам.


– Валянцін Баляслававіч, адным з вектараў работы прадпрыемства ў 2010 годзе было ўдасканаленне прадукцыі па асноўных спецыялізацыях завода і асваенне новых яе відаў. Што ўдалося зрабіць у гэтым накірунку?
– Вытворчасць не стаіць на месцы. Пашыраецца асартымент падаўжальнікаў з провадам ПВС рознай даўжыні, асвоілі вытворчасць камп’ютарных шнуроў, а таксама трохжыльных шнуроў з заліўкай вілкі з зазямляючым кантактам для еўрападаўжальнікаў. Наладзілі выпуск вулічных ліхтароў і ўнутраных ліхтароў асвятлення на аснове светладыёдаў. Яны спажываюць у тры разы менш электраэнергіі, што вельмі важна пры яе сённяшняй дарагоўлі і для выканання задач па энергазберажэнню, якія актуальны для ўсіх.
Адным з перспектыўных накірункаў работы з’яўляецца выраб металаканструкцый: вароты, агароджы, кантэйнеры для смецця, паштовыя скрынкі. Прадпрыемства асвоіла выраб стойлавага абсталявання для жывёлагадоўчых ферм з ацынкаванай сталі.
Акрамя таго, працягваецца работа па мадэрнізацыі тэхналагічнага абсталявання завода. Інвестыцыі ў асноўны капітал за 1 паўгоддзе 2011 года склалі 37 мільёнаў рублёў. Сродкі былі накіраваны на набыццё зварачнага апарата, стужачнапільнага станка, штампа для вырубкі, для гібкі, формы для заліўкі.
– Хто з’яўляецца вашымі асноўнымі партнёрамі?
– Сёння кліентамі завода з’яўляюцца больш 100 прадпрыемстваў і гандлёвых арганізацый. Асноўнымі спажыўцамі нашай прадукцыі з’яўляюцца УП “Белкаммунмаш”, ААТ “Белгасгандль”, “МАПІД”, “Гарызонт”, прадпрыемствы, занятыя на будаўніцтве беларускай АЭС.
– Над чым прадпрыемства працуе сёння?
– Зараз вядзецца будаўніцтва новага цэха па вырабу металапрофілю і металачарапіцы. Мы спадзяёмся, што з перспектывай развіцця раёна гэта прадукцыя будзе карыстацца попытам. Ужо купілі неабходнае абсталяванне – пракатную лінію для вырабу металапрофілю і металачарапіцы. Таксама для гэтага праекта вырабілі камплект металаканструкцый для ангара. Першы ангар будуем у сябе, а потым наладзім іх серыйную вытворчасць “пад ключ”. Лічу, што гэта таксама перспектыўны накірунак дзейнасці для нашага раёна. Такія ангары можна выкарыстоўваць у сельскай гаспадарцы, у будаўніцтве і іншых галінах у якасці складоў ці вытворчых памяшканняў.
– Дзякуй вам за інтэрв”ю.


Гутарыла Вольга ШОЎКУН.
Фота аўтара.