Паліўныя брыкеты – у Еўропу

16:46 / 11.03.2011

Астравецкі лясгас асвоіў у студзені бягучага года выпуск паліўных брыкетаў і арганізаваў іх экспарт у Еўропу. Гэты накірунак дзейнасці кіраўніцтва прадпрыемства лічыць адным з найбольш перспектыўных.


Нагадаем, што ў маі 2010 года быў запушчаны прэс па выпуску паліўных брыкетаў, дзякуючы чаму ў лясгаса з’явілася магчымасць зарабляць дадатковыя грошы з адходаў перапрацоўкі лесу. Зыходзілі з таго, што кошт пілавіння прыкладна роўны нулю — у той час, як за тону прасаваных брыкетаў за мяжой плацяць 115 еўра. Прэс быў куплены ў Літве, а для сушкі пілавіння прыстасавалі АВМ, якая раней выкарыстоўвалася для вырабу травяной мукі, магутнасцю 0,65 тоны ў гадзіну.
Новая прадукцыя высокарэнтабельная і карыстаецца вялікім попытам у еўрапейскіх спажыўцоў, бо валодае пэўнымі перавагамі – яна экалагічна чыстая, мае пастаянную цеплаёмістасць, зручная ў карыстанні. Толькі ў лютым у Літву адправілі больш як 100 тон паліўных брыкетаў. І калі пачыналі з таго, што працавалі ў адну змену, то сёння вытворчасць арганізавана ў тры змены, і прадукцыйнасць лініі складае прыкладна 6 тон брыкетаў у дзень. А ў сакавіку ўвогуле плануецца перайсці на чатырохзменную работу. У планах – набыць яшчэ адзін прэс, каб павялічыць выпуск паліўных брыкетаў да 160 тон у месяц.
Паліўныя брыкеты ідуць толькі на экспарт, асноўны пакупнік – Літва, але кіраўніцтва прадпрыемства спадзяецца знайсці пакупнікоў і на беларускім рынку, дзе гэта прадукцыя яшчэ не карыстаецца вялікім попытам.
Варта адзначыць, што па выніках 2010 года Астравецкі лясгас увайшоў у першую дзясятку лепшых экспарцёраў галіны. За мінулы месяц толькі чыгуначным транспартам на экспарт адпраўлена 33 вагоны лесаматэрыялаў. Прычым дзелавая драўніна рэалізуецца беларускім мэблевым і будаўнічым арганізацыям, а дробнатаварная балансавая  ідзе на экспарт.
Актыўна экспартуецца і гатовая прадукцыя – дошкі, піламатэрыялы, ацыліндраваныя вырабы. Астравецкі лясгас за першы месяц года прадаў на знешні рынак прадукцыі на суму 176 тысяч долараў.


Вольга ШОЎКУН.