Посевная-2017 началась!

11:16 / 23.03.2017

selskoe_choz.jpgСёлетняя вясна – ранняя і нецярплівая. Здаецца, толькі нядаўна сышоў снег, а яна ўжо пазірае цікаўнымі белымі вочкамі першацветаў і імкліва бяжыць халаднаватым і гаючым сокам па жылах дрэў. Дзень-два – і аграрыі раёна масава выведуць у поле тэхніку.

Пра пасяўную кампанію-2017, стратэгію і тактыку гаспадарак раёна на вясенне-палявых работах расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Руслан Мікалаевіч Сачко.

– Мінулы год выдаўся складаным для аграпрамысловага комплексу раёна. Мы значна недабралі збожжа, што, безумоўна, паўплывала на мяса-малочную вытворчасць. Як кажуць, год на год не прыходзіцца… Сёлета плануем выправіць гэты недахоп. Спадзяюся, што і надвор’е паспрыяе хлебаробам.

Раённым выканаўчым камітэтам будзе прынята рашэнне аб дадатковым выдзяленні тэхнікі і механізатараў для ўдзелу ў пасяўной кампаніі. Так, на дапамогу аграрыям сёлета прыйдуць працаўнікі ДЛГУ “Астравецкі лясгас”, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, сельгастэхнікі, раённых электрасетак, дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення і іншых прадпрыемстваў. Такім чынам наладжваецца работа не толькі ў нашым раёне, але і ў вобласці.

– Які аб’ём работ неабходна выканаць вясной, і на якія культуры робяць стаўку аграрыі?

– План сяўбы яравых збожжавых і зернебабовых складае 9 914 гектараў, а агульны план яравой сяўбы – 18 043 гектара. Сюды варта дадаць і падкормку 8 270 гектараў азімых збожжавых, 2 600 – азімага рапсу, 5 285 – шматгадовых траў, 12 691 гектар сенакосаў і пашы. Па кожным гектары павінна прайсці тэхніка – і не адзін раз, таму фронт работ па-ранейшаму  застаецца вялікім, галоўнае – у вызначаныя тэрміны паспець усё зрабіць.

Што тычыцца культур, то група збожжавых сёлета асабліва не зменіцца. А вось плошча пад бульбу паменшае. У першую чаргу гэта звязана з нізкімі закупачнымі цэнамі на гэтую культуру і невялікім попытам на яе. Вырошчваць “другі хлеб” сёлета будуць тры гаспадаркі раёна: КСУП “Гудагай”, “Варняны” і “Гервяты”. Затое арэал пад цукровымі буракамі пабольшае на 30 гектараў і складзе 2 620 гектараў. Вырошчваннем цукровікаў будуць займацца ўсе без выключэння гаспадаркі раёна.

– Ахарактарызуйце сітуацыю па гатоўнасці тэхнікі.

– Напачатку ўзнікалі значныя праблемы з набыццём запчастак, адпаведна – і з тэрмінамі падрыхтоўкі тэхнікі да вясенне-палявых работ. Зараз гэтае пытанне не настолькі вострае. На пачатак сакавіка гатоўнасць плугоў склала 84 працэнты, а энерганасычаных трактароў – 90 працэнтаў. Гэта добры паказчык.

– Здаўна казалі: што пасееш – тое і пажнеш. Што будзем сёлета сеяць і ці ўсе гаспадаркі раёна забяспечаны насеннем?

– Што тычыцца насення збожжавых, то гаспадаркі раёна забяспечаны “кандыцыяй” на 110 працэнтаў ад патрэбы. Адзіная гаспадарка ў раёне, якая спецыялізуецца на вытворчасці элітнага насення, – КСУП “Гудагай”. Плануецца, што гэтае сельскагаспадарчае прадпрыемства дапаможа іншым гаспадаркам раёна і вобласці з насенневым матэрыялам.

Забяспечанасць гаспадарак насеннем шматгадовых траў складае 80 працэнтаў. У аўтсайдарах “прапісаліся” толькі КСУП “Варняны” і саўгас “Падольскі”. Шляхам абмену, дамоўленасцей з іншымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі гэтае пытанне на днях вырашыцца.

– Якую адзнаку паставіце азімым?

– Азімыя культуры вышлі з зімоўкі ў добрым стане, у адрозненні ад мінулага года, калі загінула каля 400 гектараў рапсу. Калі ўсталюецца спрыяльнае надвор’е, распачнём падкормку “крыжакветкавага” і збожжавых культур.

Для выхаду ў поле сучасных самаходных агрэгатаў “РАСА” па ўнясенні мінеральных угнаенняў не трэба чакаць, пакуль падсохне глеба.

– Гаспадаркі раёна забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі пад патрэбу?

– Не цалкам. Па раёне гэты паказчык складае 42 працэнты, з ўлікам таго, што ў “Сельгастэхніцы” маюцца яшчэ не размеркаваныя 672 тоны мінеральных угнаенняў. Забяспечанасць азотнымі тукамі па раёне складае 57 працэнтаў, каліем – 37. Менш за ўсё з-за вялікіх коштаў назапасілі фосфару – толькі 15 працэнтаў ад патрэбы.

Зразумела, што ў разрэзе гаспадарак гэты паказчык розніцца: больш моцныя ў эканамічным плане прадпрыемствы лепш забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі. У гэтым накірунку самая складаная сітуацыя назіраецца ў саўгасе “Падольскі” – прадпрыемства праходзіць аздараўленне.

Распрацоўваецца пытанне аб набыцці ўгнаенняў праз аблсельгастэхніку.

– Як вырашаецца сітуацыя з самым, напэўна, складаным і балючым для аграрыяў пытаннем – палівам?

– На дзяржаўным узроўні будуць аказаны пэўныя прэферэнцыі сельскагаспадарчым прадпрыемствам для набыцця паліва да вясенне-палявых работ. Таксама будуць выкарыстаны і ўласныя сродкі гаспадарак.

– Руслан Мікалаевіч, нездарма ў нашым рэгіёне земляробства лічыцца рызыкоўным – ніхто не ў стане прадказаць будучы ўраджай. Тым не менш не магу не пацікавіцца, якую стратэгію правядзення пасяўной кампаніі і сельскагаспадарчага года ў цэлым абралі нашы аграрыі?

– Першая і галоўная задача –своечасова падкарміць азімыя культуры і правесці пасяўную кампанію. Лічу, калі ў час адсеемся – будзем з ураджаем!

– Дзякуй за гутарку. Спадзяюся, што аграрыі раёна паспяхова з гэтым справяцца.


Текст: