Граница дозволенного Островецких дачников

10:22 / 27.05.2017

leshozy_pora.jpgЛес – галоўнае багацце нашай краіны, пра яго трэба клапаціцца і захоўваць. Гэтую простую ісціну ведаюць усе, а вось ці ўсведамляюць? Пытанне, на жаль, застаецца адкрытым – у гэтым прыйшлося яшчэ раз упэўніцца і падчас рэйду з супрацоўнікамі ДЛГУ

«Астравецкі лясгас »

Акрамя інжынера па ахове і абароне лесу Андрэя Шыкаўца і ляснічага Аляксандра Гайсы, з намі едуць спецыяліст землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы Дзяніс Богдан і ўчастковы інспектар Арцём Глазко.  

Спачатку мы накіроўваемся на дачны пасёлак Субялі. Калі збіралася ў рэйд, думала, што справа пойдзе аб звыклым і набалелым – засмечванні лесу. Аднак гэта аказалася толькі адным бокам медаля.

– Праблема заключаецца ў вызначэнні мяжы прыватных уладанняў і лесу, – уводзіць у курс справы Андрэй Шыкавец. Вось бачыце: праз метр-два ад крайніх пабудоў растуць дрэвы і кусты –  тут пачынаецца тэрыторыя ляснога масіву. Аднак дачнікі лічаць па-іншаму – і па-свойску гаспадараць на чужой тэрыторыі: складваюць будаўнічыя матэрыялы, устанаўліваюць свае прылады, майструюць нейкія пабудовы. Так быць не павінна, гэта захламленне лесу і парушэнне закону.

Сапраўды, многія з дачнікаў вырашылі пашырыць межы сваіх уладанняў і размясцілі непадалёк нешта накшталт складскіх памяшканняў ці проста сховішча пад адкрытым небам. Мы зафіксавалі і акуратна складзеныя дровы ці будматэрыялы, а побач –  яму для смецця ці проста неахайна накіданае галлё.

IMG_9546.JPGIMG_9553.JPG

На чужыя галасы і ўспышкі фотакамеры выйшаў на «разведку» адзін з дачнікаў. Даведаўшыся, у чым справа, адрапартаваў: «У мяне ўсё ў парадку. Вось плот – мяжа маіх уладанняў, а ў лес я нічога не выношу».

– У тым і бяда, што многія робяць выгляд, што не ведаюць і «памылкова» павялічваюць тэрыторыю сваіх уладанняў, – тлумачыць Андрэй Шыкавец. – Маўляў, усё, што за домам – маё. Аднак ёсць спецыяльныя карты, якія сведчаць, што гэта ўжо лес. Адны пагаджаюцца з нашымі патрабаваннямі – і прыбіраюць лішні хлам, а іншым ніяк не даходзіць. Папярэджваем і выпісваем прадпісанне, даём час, каб прыбралі ўсё непатрэбнае, бо хочацца вырашыць праблему па-чалавечы. Аднак некаторыя лічаць, што гэта пустыя пагрозы. І вельмі памыляюцца: бясконца «цацкацца» мы не будзем – наступным крокам будзе штраф.

Выязджаем з Субялёў – і адразу ж за дачным пасёлкам натыкаемся на вялікі несанкцыянаваны сметнік. Работнікі лясгасу толькі ўздыхаюць – з гэтай праблемай яны сутыкаюцца не першы раз. Але няўжо самім дачнікам прыемна знаходзіцца побач з кучай адходаў, якую яны рэгулярна папаўняюць?  

– А зараз паедзем на тэрыторыю Гудагайскага сельсавета  – там каля Лазоўкі таксама ёсць на што паглядзець, – прапануе Аляксандр Гайса.

Прыехаўшы на месца, упэўніваюся ў праўдзівасці слоў ляснічага. Аднак складзеныя ў прылеску дровы ці пабудаваная паветка – не самае горшае, тым больш, што гаспадар паабяцаў усё прыбраць. Куды больш абурыла і засмуціла, што адразу ж праз дарогу ад крайніх хат, ускраек лесу ператварыўся ў сапраўдны сметнік. Бутэлькі, бляшанкі, папяровыя скрынкі, абгорткі – усё гэта раскідана направа і налева. А скрозь гэты хлам прабівалася зялёная трава і маладое кустоўе.

IMG_9576.JPGIMG_9589.JPG

– Вось як з гэтым змагацца? – абураецца Аляксандр Гайса. – І гэта не адзіныя месцы такога беспарадку. Колькі мы са школьнікамі гэтага «дабра» з лясоў павыцягвалі – не расказаць. А людзі, здаецца, не разумеюць, што самі сябе засыпаюць у смеццевай яме. Злавіў бы за руку на месцы – і адразу выпісаў бы штраф. А так кожны нічога не ведае, мая хата з краю...

Сапраўды, лягчэй за ўсё быць «з краю», нічога не ведаць – і далей захламляць лес: ён жа дзяржаўны, а значыць агульны. Падумаеш, выкінуў бутэльку, вывез рэшткі будаўнічых матэрыялаў, расчысціў лес для сваёй патрэбы… Толькі сусветныя катастрофы таксама пачынаюцца з дробязі.

Адказваць усё роўна прыйдзецца – не нам, так нашым нашчадкам. Наўрад ці будуць яны шчаслівыя, узіраючыся ў бясконцыя абшары не лясных, а смеццевых масіваў. 

Текст: Главный администратор