Работники Островецкого лесхоза совместно с литовскими коллегами посадили дубраву в Литовской Республике

13:03 / 22.05.2017

les_litva1.jpg“Лес без межаў” – пад такім слоганам прайшла літоўска-беларуская акцыя па пасадцы дубровы, удзел у якой прынялі працаўнікі Астравецкага лясгаса, Вільнюскай урэдзіі (лясгаса), прадстаўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літве і члены беларускай дыяспары.

Супрацоўніцтва Астравецкага лясгаса і Вільнюскай урэдзіі працягваецца не адзін год: літоўскія лесаводы знаёміліся  на Астравеччыне з перадавымі тэхналогіямі вядзення лясной гаспадаркі, а нашы спецыялісты пераймалі вопыт калег у галіне экатурызму, вядзенні паляўнічай гаспадаркі.

les_litva4.jpgles_litva3.jpg

З нагоды 25-годдзя ўтварэння Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы  на тэрыторыі Вільнюскай урэдзіі было вырашана закласці дуброву. Мы адразу адгукнуліся на запрашэнне літоўскіх калег. У склад Астравецкай дэлегацыі ўвайшло 14 работнікаў лясгаса і лясніцтваў, – расказвае дырэктар ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Рыгор Мечыслававіч Долгі. – Такія акцыі,  як і ўзаемныя візіты, служаць падмуркам для паспяховага развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва.

Першы дзень прыбывання ў Літве быў насычаны экскурсіямі і паездкамі. Астравецкія лесаводы наведалі экалагічныя сцяжыны, аглядальныя пляцоўкі і так званыя рэкрэацыі – месцы адпачынку, якія размешчаны па перыметры Вільнюса.

les_litva2.jpg

А на другі дзень астравецкія і літоўскія лесаводы, супрацоўнікі пасольства і прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Літве садзілі лес. Праз некалькі гадзін на плошчы больш чым 1 гектар з’явіліся роўныя радкі дубочкаў. Пра тое, што лес пасаджаны сумеснымі намаганнямі літоўцаў і беларусаў  сведчыць усталяваная там памятная дошка.

Пасля пасадкі лесу ўсіх чакалі палявая кухня, музычны падарунак ад артыстаў Беларускага культурнага цэнтра “Раніца” і сумеснае фота на памяць.

Астравецкі транспарант з сімвалічным надпісам “Лес без межаў” застаўся ў пасольскім музеі, дзе ён будзе нагадваць наведвальнікам не толькі пра літоўска-беларускую акцыю, але і пра еднасць нашых народаў.

Алена ЮРКОЙЦЬ.

Фота з архіва Астравецкага лясгаса.

 

Текст: