Пасол Беларусі ў Літоўскай Рэспубліцы наведаў Астравецкі раён

15:29 / 18.03.2011

На гэтым тыдні Астравецкі раён наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Уладзімір Дражын. У паездцы па раёне дыпламата суправаджалі старшыня Астравецкага раённага выканаўчага камітэта А.Д. Кавалька і дырэктар ДУ “Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі” У.В. Філімонаў.


Візіт пасла быў абумоўлены неабходнасцю асабістага знаёмства з ходам падрыхтоўчых работ па ўзвядзенню першай беларускай АЭС. Не сакрэт, што пэўная частка літоўскага грамадства з хваляваннем ўспрымае намер Беларусі рэалізаваць уласную ядзерную праграму. Занепакоенасць насельніцтва выклікана найперш аднабокай, тэндэнцыйнай інфмармацыяй, якая актыўна распаўсюджваецца сродкамі масавай інфармацыі суседняй краіны,  аб нібыта парушэнні беларускім бокам міжнародных дакументаў у галіне ядзернай энергетыкі і нормаў добрасуседства ўвогуле.
У ходзе паездкі па раёне дыпламат наведаў будаўнічыя аб’екты вытворчай і сацыяльнай інфраструктуры, інфармацыйны цэнтр атамнай электрастанцыі.
У інфармацыйным цэнтры У. Дражын  пазнаёміўся з матэрыяламі ацэнкі ўздзеяння АЭС на навакольнае асяроддзе і асабіста пераканаўся, што дадзеная інфармацыя не з’яўляецца закрытай, знаходзіцца ў свабодным доступе для карыстання і не ўтойваецца ад грамадскасці, як сцвярджаюць праціўнікі будаўніцтва атамнай электрастанцыі.
Пасол выказаў намер запрасіць у Астравец сваіх калег, для таго, каб прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу асабіста пераканаліся ў кампетэнтнасці, узважанасці, адкрытасці і поўнай адпаведнасці міжнароднаму праву дзеянняў Беларусі па ўзвядзенні ўласнай атамнай электрастанцыі.


Эдуард СВІРЫД.