Як свіння…

08:27 / 21.11.2019

Разные житейские истории – веселые и грустные, поучительные и «ни о чем» – вы можете присылать нам на обычную (Островец, ул. Энгельса, 2А) или электронную ostrov_red@tut.by почту, воспользовавшись баннером «Предложить новость» на главной странице сайта ostrovets.by в правом нижнем углу или оставив сообщение в группах «Островецкой правды» в социальных сетях.

Ваши истории будут опубликованы на сайте газеты и в социальных сетях, а лучше – напечатаны на страницах «Островецкой правды».

1.jpg


Жылі дзед з бабай. Дзяцей у іх не было, радня далёкая – паціху ўдваіх рупіліся, трымалі сякую-такую гаспадарку. Блізіліся Каляды, і вырашылі яны сустрэць свята, як і належыць, са свежыной. Дзед, ускінуўшы на плечы старэнькі кажушок і ўсунуўшы ногі ў вайлакі, пашыбаваў у суседнюю вёску, дзе жылі два браты-халасцякі: казалі, што яны колюць свіней.

Братоў доўга ўгаворваць не давялося: сквярсту прызначалі на наступны дзень.

Назаўтра раненька, ледзь развіднела, хлопцы пераступілі парог дзедавай хаты. На стале ўжо высіўся высокі стос бліноў – баба таксама не заспала! – і сквірчэла яечня на патэльні.

Але браты, ад якіх моцна патыхала перагарам, сталі чухаць патыліцу.

– Без чаркі ці справу пачынаць, ці за стол садзіцца – не з рукі, – вынес вердыкт старэйшы.

Дзед памуляўся – але дастаў са схованкі літровік, прыпасены на сквярсту. Праз гадзіну і бутэлька, і патэльня апусцелі.

…Хістаючыся, браты падыходзілі да хлеўчука. Ролі яны размеркавалі загадзя: старэйшы павінен быў завязаць за нагу свінню і скамандаваць малодшаму, калі адчыняць дзверы.

Завязаць вяровачку, хоць і не адразу, у старэйшага атрымалася. Але ён паслізнуўся і грымнуўся аб падлогу. Свіння кінулася да дзвярэй. «Лаві!» – крыкнуў небарака брату – і той прыадчыніў дзверы, каб пабачыць, што ж робіцца ў хляве?

Свіння пацэліла яму якраз паміж ног – і малодшы праехаўся на праз увесь двор, аж пакуль «конь» не скінуў «седака» ў гурбу.

Свіння, адчуўшы волю, стала гойсаць па двары, падкідваючы лычом снег. Браты раз і другі спрабавалі яе схапіць за вяровачку, што валачылася ззаду, але хаўроння не давалася.

Дзед убачыў, што план «А» не ўдаўся і трэба рабіць іншыя захады, каб давесці справу да канца. Ён кінуўся ў хату і вынес старэнькую паляўнічую стрэльбу, на хаду яе заражаючы.

Грымнуў стрэл. Дзед пацэліў свінні ў шыю! Але патрон быў заражаны не куляй, а шротам, і параненая свіння з акрываўленай, расшкамутанай шыяй, ашалеўшая ад болю, стала насіцца па двары, як тарпеда.

У гэты час баба, якая грэла ваду ў дашчатай паветцы, у якой дзед зляпіў для гаспадарчых патрэб пліту, выйшла на двор, каб пабачыць, што за лямант усчыніўся? І тут на яе кінулася раз’юшаная свіння. Баба забылася пра свой радыкуліт і ўмомант ўзляцела на самы верх драбіны, што стаяла ля паветкі.. Але страха ў будыніны была слабенькая, драбіну з ношай не вытрымала – і баба, як была, у ватоўцы і вайлаках, праваліся ўніз, на саганы з гарачай вадой. Яе лямант зліўся з віскам параненай свінні. Жанчына куляй вылецела з паветкі, ускочыла ў хлеў і зачынілася знутры.

…Цяпер уявіце «карціну маслам»: 

ля плоту даходзіць, зачапіўшыся вяровачкай за варотцы, знясіленая свіння.

У гурбе снегу сядзяць, учапіўшыся адзін за аднаго, перапалоханыя «кольшчыкі».

Ціха рыпнулі дзверы хлеўчука, і адтуль з чорным ад сажы тварам, на якім блішчэлі толькі поўныя жаху вочы, выпаўзла перапэцканая баба.

І толькі дзед стаяў, геройскі абапіраючыся на ружжо і пераможна ўсміхаўся…

– Ну ты, баба, зусім ужо як свіння… – рэзюміраваў ён вынік няўдалага палявання.

Марына Кавалеўская,
 аг. Міхалішкі



Текст: Главный администратор