Злы розыгрыш

10:32 / 20.11.2019

Разные житейские истории – веселые и грустные, поучительные и «ни о чем» – вы можете присылать нам на обычную (Островец, ул. Энгельса, 2А) или электронную ostrov_red@tut.by почту, воспользовавшись баннером «Предложить новость» на главной странице сайта ostrovets.by в правом нижнем углу или оставив сообщение в группах «Островецкой правды» в социальных сетях.

Ваши истории будут опубликованы на сайте газеты и в социальных сетях, а лучше – напечатаны на страницах «Островецкой правды».

1.jpg



Першакрасавіцкія жарты разнастайныя – самыя вядомыя і дастойныя розыгрышы класіфіцыраваны ў слоўнік 100 лепшых жартаў.

У гэты слоўнік, думаю, мог бы трапіць і розыгрыш, пра які мне расказаў дядзька Нарцыз Лаўрыновіч. Удзел у ім, хоць і пасіўны, прымаў і мой бацька, а бацька Нарцыза стаў яго галоўнай ахвярай.

Яны абодва, добрыя майстры, ды яшчэ два дапаможныя рабочыя напрыканцы 50-х гадоў будавалі ў Cпондах калгасны цялятнік. Працавалі шчыра і, вядома ж, забыліся пра 1 красавіка. Закончылі справу – і палічылі, што гэта важкая прычына, якую варта адзначыць.

Падвыпілі, захмялелі – пацякла гаворка. Узгадалі пра 1 красавіка, пашкадавалі, што дзень прайшоў дарма – нікога не падманулі. Потым, як звычайна ў мужчын, пайшлі размовы пра жанчын, пра жонак. Адзін з падручных рабочых стаў бедаваць, што, калі ён не прыйдзе ў час дахаты, то жонка прыбяжыць і ўчыніць скандал – можа перапасці і сабутэльнікам. Абражаныя майстры пачалі вучыць малодшага: «Што гэта ў цябе за парадкі ў хаце? Жонку трэба любіць, як душу, а трасці, як грушу – тады толк у сям’і будзе!»

Разгарачыўшыся, бацька Нарцыза запэўніў: «Мая Яня ніколі ні прыбяжыць, колькі б я ні затрымаўся, бо яна мне давярае і ведае, што я ніколі, нідзе і ні ў чым не губляю розум!» Заспрачаўшыся, вырашылі, што будуць сядзець тут, пакуль не надакучыць ці пакуль гарэлка не скончыцца – і ніхто за ім не прыбяжыць.

Малодшы памочнік пакрыўдзіўся і вырашыў адпомсціць «занадта разумнаму» майстру. Успомніў, што сёння 1 красавіка, калі можна разыгрываць каго ўздумаецца і як прыдумаеш – усё з рук сыдзе.

Вось ён і прыдумаў. Ускочыў на каня і паскакаў за 3 кіламетры ў Кайміну, дзе жыла сям’я Нарцыза. Там са смуткам на твары, апусціўшы долу вочы, паведаміў жонцы Лаўрыновіча, што на будоўлі ўпала бервяно і забіла яе мужа. А пасля вярнуўся ў сваю кампанію.

Жонка, трэба аддаць ёй належнае, не разгубілася і адразу пачала дзейнічаць. Яна вырашыла, што бегчы ў Спонды няма сэнсу, бо цела мужа зараз прывязуць дахаты – не адзін жа ён там. І ўзялася збіраць на пахаванне раскіданую па свеце сям’ю.

У гэты час у Жукойненскім клубе ў гонар Дня гумару сіламі школьнай самадзейнасці рыхтаваўся канцэрт: песні, танцы і цвік праграмы – п’еса, любімая і вясёлая «Паўлінка» Янкі Купалы. Нарцыз, прыгожы, статны юнак, які вучыўся ў выпускным класе, як у нас кажуць, здольны і да танца, і да ружанца, атрымаў галоўную ролю Янкі – і радасць яго не мела межаў! Поўным ходам ішла генеральная рэпетыцыя, заставалася паўгадзіны да пачатку канцэрта, як з Кайміны прыехаў ганец з запіскай ад яго мамы. У запісцы былі адрасы, па якіх ён павінен быў адправіць тэлеграмы: сястры Аліцыі, што вучылася ў Вільні ў настаўніцкім інстытуце, і брату Леанарду, які адбываў вайсковую службу ў Кандалакшы ў Карэліі. Сястры тэлеграму Нарцыз адбіў, а вось брату, на шчасце, не прынялі, сказалі, што яна павінна быць завераная ўрачом.

Юнак, канешне ж, не мог удзельнічаць у канцэрце… У вясеннюю распуціцу, па бездарожжы, размазваючы па твары слёзы, з усіх сіл спяшаўся хлопец дадому. Забягае ў дом і бачыць… За сталом сядзіць бацька!!! Радасць, крыўда, адчай – усё перамяшалася ў яго душы. Маці патлумачыла, што бацьку і ўсю іх сям’ю так жорстка па п’янцы разыгралі ў дзень 1 красавіка.

Далей расказваў бацька: «Як толькі той «жартаўнік» вярнуўся і са злараднай усмешкай паведаміў: «Хутка твая Яня будзе тут!», я зразумеў, што нешта не так. Схапіў яго за грудкі і прымусіў ва ўсім прызнацца». І ўжо Лаўрыновіч галопам паімчаў у Кайміну, каб супакоіць жонку.

Нарцыз, выслухаўшы ўсё, зноў бягом кінуўся назад у Жукойні з надзеяй, што паспее, не падвядзе сяброў і школу. Але было позна: пастаноўка «Паўлінкі» была безнадзейна сарвана. І паплёўся нага за нагу дахаты змучаны, пакрыўджаны і расчараваны юнак...

А ў гэты час яго сястра Аліцыя, вярнуўшыся з лекцый, атрымала тэлеграму. Было позна, але дзяўчына вырашыла як найхутчэй спяшацца дамоў. Пазычыла грошы, наняла таксі і паехала дадому – ды дзе «там дадому»: больш-менш прыстойная дарога заканчвалася ў тых жа Жукойнях! І дзевятнаццацігадовае дзяўчо а другой гадзіне ночы па бездарожжы, па лесе, па бязлюддзю дабіралася 10 кіламетраў да роднай хаты ў поўнай цемры. Прыйшла на падворак, убачыла, што ў доме гарыць святло. Ногі падкасіліся, сэрца з грудзей гатова было выскачыць, крыкам крычаць хацелася – але сабрала апошнія сілы, адчыніла дзверы ў хату, пераступіла парог і… не магла паверыць сваім вачам: бацька і маці сядзяць за сталом!

Закончылася ўсё добра – але колькі маральных, фізічных і матэрыяльных страт гэта каштавала ўсім Лаўрыновічам!

Вось такі першакрасавіцкі жарт увайшоў у гісторыю спондаўскага краю і запомніўся многім, асабліва яго непасрэдным удзельнікам, на ўсё жыццё. Я вырашыла расказаць пра гэты выпадак, каб ён паслужыў перасцярогай для занадта «вынаходлівых» жартаўнікоў. «Жартуй, ды меру знай!», «У дурня і жарты дурныя», «І смех наводзіць на грэх» – нездарма ж у народзе бытуюць такія прымаўкі.

Іаланта Валуевіч



Текст: Главный администратор