Чатыры дыпломы атрымаў «Жыльвіціс» на рэгіянальным фестывалі «Скарбы Гродзеншчыны»
16:01 / 05.08.2019
На свяце традыцыйнай культуры ў Свіслачы сабраліся лепшыя калектывы і майстры з трынаццаці раёнаў вобласці. Чаго тут толькі ні было! Выставы стракацелі арыгінальнымі вырабамі з саломкі, дрэва, скуры і тканіны, нос казыталі пахі разнастайных страў, а ногі прытупвалі пад вясёлыя песні ды танцы ўдзельнікаў.
Астравецкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці прадставіла аматарскае аб’яднанне традыцыйнай народнай культуры «Жыльвіціс» пад кіраўніцтвам Наталлі Бялячыц – і пакарыла журы сваёй унікальнасцю. Ніхто не застаўся раўнадушным да кулінарных шэдэўраў, што прыгатавалі ўдзельніцы аб’яднання, – і ў намінацыі «Лепшае прыгатаванне традыцыйнай стравы» «Жыльвіціс» атрымаў Дыплом лаўрэата ІІІ ступені.
Наталля Бялячыц, кіраўнік аб’яднання:
– І бабулі, і дзяўчаты – вялікія малайцы! Ад іх ішла светлая энергетыка, якую адчувалі ўсе гледачы, яны доўга не адпускалі «Жыльвіціс» са сцэны. Дарэчы, у дадатак да дыпломаў мы атрымалі добрыя падарункі: каляровы прынтар, воданагравальнік, электрачайнік і флэшку. Спадзяюся, мы яшчэ неаднойчы парадуем землякоў новымі дасягненнямі.
Яшчэ адну ўзнагароду рымдзюнскія майстрыхі заваявалі ў конкурсе традыцыйных рэгіянальных касцюмаў «Скарбніца моды Панямоння» – у намінацыі «Рэпліка рэлігійнага і традыцыйнага ладу» яны адзначаны Дыпломам лаўрэата ІІІ ступені.
А ў намінацыі «Лепшы аўтэнтычны калектыў» нашы зямлячкі атрымалі Дыплом лаўрэата ІІ ступені.
Акрамя гэтага, журы ўразіла экспазіцыя ільняной ніткі 1929 года, што захоўваецца ў этнаграфічным музеі аддзела культуры і вольнага часу аг. Рымдзюны, і саматканы рушнік народнага майстра Марыі Мажэйкі – за гэта музей быў адзначаны дыпломам «За калекцыю традыцыйнага тэкстылю».
На фестывалі карысталася папулярнасцю выстава аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, дзе былі прадстаўлены саламяныя, драўляныя і скураныя вырабы астравецкіх майстроў.
Таццяна СЯНКЕВІЧ