Экскурс у гісторыю СШ №1

15:24 / 12.10.2018
...разам з Ларысай Мартынавай зрабілі ўдзельнікі клуба «Актыўнае даўгалецце».

Сярод наведвальнікаў клуба «Актыўнае даўгалецце», што дзей­нічае пры раённай бібліятэцы, нямала  пенсіянераў-педагогаў, чыё  працоўнае жыццё цесна звязана з Астравеччынай.  З іх непасрэдным удзелам адбывалася станаўленне і развіццё адукацыі ў раёне. Таму  зразумелая ўвага да  кнігі калегі Ларысы Аляксандраўны Мартынавай – летапісу Астравецкай сярэдняй школы №1. 

DSCF8387.jpg

Прэзентацыя кнігі прайшла ў дзень святкавання 550-годдзя Астраўца. Але не ўсе змаглі на ёй прысутнічаць, бо праграма свята была насычанай і разнастайнай. Таму ўдзельнікі ветэранскага клуба пажадалі правесці прэзентацыю яшчэ раз, у сваім цесным сяброўскім коле, і запрасілі аўтара на  чарговае пасяджэнне.

Зрэшты, не толькі былых настаў­нікаў зацікавіў гэты грунтоўны гістарычны нарыс – практычна кожны з прысутных  меў пэўнае дачыненне да апісаных у кнізе падзей і фактаў, бо ў свой час выйшаў з гэтай школы. Таму не дзіва, што ўсе асобнікі кнігі-летапісу, якія маюцца ў бібліятэцы, адразу ж  знайшлі чытачоў.

Званую госцю папрасілі  расказаць пра «творчую кухню», на якой «варылася» кніга. 
– Напачатку збіралася напісаць проста гісторыю школы – на памяць калегам, сённяшнім і будучым вучням, – падзялілася патаемным аўтар. – Але варта было сесці за работу – і столькі ўсяго важнага, цікавага, напаўзабытага адкрылася…

Колькі ж начэй прайшло без сну, колькі было сустрэч і паездак, многія дні капання ў архівах, скрупулёзнае вывучэнне дакументаў: кніг загадаў, асабістых спраў  педагогаў… Праз дзевяць месяцаў летапіс быў  гатовы.

– Я не лічу аўтарам кнігі сябе адну, – завяршыла аповед Ларыса Аляксандраўна. – Да яе пры­да­чыніліся ўсе, з кім гутарыла. І вы, дарагія калегі, што сабраліся ў гэтай зале. Так што кніга – наша агульная, як агульная гісторыя  развіцця асветы на Астравеччыне.


Прысутныя адказалі шчырымі апладысментамі, падарылі кветкі, а  вядомы астравецкі спявак і рэжысёр народнага тэатра Дзмітрый Максімаў выканаў прыгожую народную песню «Ой, у полі»… І Ларысу Аляксандраўну не адпусцілі без песні – яе ўжо вядомага «Астравецкага вальса».

Текст:
Фото: Таццяна Падворская