Жыццё Дануты Гудойць падобнае на сад

09:54 / 14.03.2018
Той, хто хоць аднойчы бачыў прыгажосць квітнеючага яблыневага саду, адчуваў яго пахі і гукі ў цішыні летняга надвячорка, назіраў, як з кожным днём ён багацее пладамі, дорачы людзям непаўторны смак сапраўднага жыцця, – той зразумее Дануту Вікенцьеўну Гудойць, якая, успамінаючы нялёгкае жыццё, з задавальненнем любуецца пладамі сваіх напрацаваных рук – сваімі дзецьмі. Яны – залатыя яблыкі яе жыцця.

IMG_4113.jpg


1.jpg

Тры лыжкі  нямецкай кашы

– Я памятаю, як холадна і голадна мы жылі ў зямлянцы. Але страшней было трапіць у рукі немцам…
Трохгадовая Дануся не хадзіла: незразумелая хвароба са страшнай назвай «парок сэрца» не дазваляла ёй стаць на ножкі і гэтак жа хуценька і спрытна, як сястра-двайнятка Сабіна, даганяць рознакаляровых матылькоў ці, спатыкаючыся аб высокую траву, бегчы насустрач маці, калі тая вярталася з поля. 
Дзяўчынка сядзела на шыі старэйшай сястры і, шырока расплюшчыўшы вочы, назірала, як бацькі хутка збіраюць небагатыя пажыткі і пакідаюць родную хату…

Пра тое, што вайна блізка, у Пелегрындзе пачулі ў 1942-м.  І зусім хутка ў вёсцы з'явіліся нямецкія салдаты…
Гарэлі Гервяты, палалі агнём Міхалішкі. Варожая хваля прайшлася і па навакольных вёсках, пакінуўшы мясцовы люд без скарыначкі хлеба. Коні, каровы, куры, адзенне і нават ежа, якая вечарам астывала на стале ў чаканні гаспадароў, – немцы забралі ўсё. Лямант жонак, мычанне кароў, бляянне авечак і кудахтанне кур адзіным крыкам болю і адчаю павіслі ў паветры…  

Немцы хацелі забраць і бацьку Данусі, але чатыры дачкі кінуліся яму на шыю і сталі лямантаваць: «Татачка, міленькі, родненькі, на пакідай!..»  Навошта ён быў патрэбен незнаёмым дзядзькам – яны не ведалі, але адчувалі: будзе бяда! Маці потым казала: застрэлілі б яго, як і яго брата, які жыў у Якентанах. Толькі немцы, убачыўшы такую карціну, пераглянуліся, нешта па-свойму залапаталі – і выйшлі з хаты. Бацька застаўся…

Каб такога не паўтарылася, бацькі вырашылі схавацца. Многім аднавяскоўцам і родным Дануты прыйшлося начаваць у гумнах і ў наспех выкапаных зямлянках. Холад і голад не маглі прагнаць ні булён з адзінай бульбінай на ўсю сям'ю, ні зацірка са жменькі мукі, ні хлеб з верасу і рудога шчаўя, ні нават жабы, якіх лавілі, варылі і елі…

За вёскай нейкі час стаяла палявая кухня.  Свая ці нямецкая – дзеці не ведалі. Але яны проста хацелі есці. Моцна. Галовы кружыліся ад пахаў, якія даносіліся за таго боку, ногі трэсліся, сліна ў роце не давала вымавіць ні слова. Так і прыйшлі ўчатырох, моўчкі стаўшы перад накрытымі сталамі і заглядваючы ў вочы салдатаў…

За трыма лыжкамі пярловай кашы і кавалкам рыбы дзеці хадзілі яшчэ чатыры дні… Гэта  была самая смачная каша ў іх жыцці. І, як потым высветлілася, яна варылася на нямецкай палявой кухні… 

Працуй, Дана, самааддана

– Я заўсёды ўсё раблю акуратна. І як маладой была, і цяпер – хоць рукі ўжо не такія спрытныя.

IMG_4118.jpg

На запушчаную, парослую травой зямлю прыйшла пасляваенная цішыня, нішчымніца. І з Пелегрынды людзям за хлебам прыходзілася хадзіць у Вільню – праз Гудагай. 
Данута, якая з вялікай цяжкасцю, праз непасільныя намаганні і прыроджаную ўпар­тасць усё ж здолела стаць на ногі, разам з сёстрамі пайшла ў школу – пехатой па тры вярсты ў адзін бок, праз лес, дзе не толькі вечарамі, але і ў белы дзень можна было сустрэцца з ваўкамі, у снегапады і вясенняе бездарожжа. Цяжка? Не перадаць – як. Толькі ніхто не пытаўся пра гэта: ці ідзі, ці заставайся адна…

Вярталіся галодныя, халодныя – і адразу беглі на дапамогу маці: грачыху  жаць, жыта вязаць, лён рваць… 
Дана памятае кволенькае жарабя, якое нейкім цудоўным чынам прыдбаў бацька ў Смаргоні. А як жа без каня – першага памочніка і кармільца – апрацоўваць зямлю, асабліва калі ў вялікай сям'і толькі адзін мужчына? 

Конік падрос, зямлю засеялі, сабралі адзін ураджай, другі… 
А потым з'явіўся калгас – і конь быў «прыпісаны» да яго, як і ўся іншая хатняя жывёла. 
Бацька і маці таксама сталі калгаснікамі. Работы прыбавілася.  Дане разам з сёстрамі прыходзілася дапамагаць не толькі маці, але і  бацьку: дровы вазіць, траву касіць, сена сушыць.
А грошай у хаце – ні капейкі. Плацілі ў калгасе дробязь, дый то – толькі ў канцы года. Таму Сабіна пайшла працаваць у Гервяты на маслазавод, а  Данута, скончыўшы шэсць класаў,   падалася ў даяркі.  
Дзяўчына кожны дзень зранку і ўвечары даіла дваццаць кароў. Рукі балелі, спіна колам стаяла, пот цёк, нібы хто вядро вады на галаву выліў… Спяшалася – у пяць гадзін раніцы каровы павінны быць на пашы! За гэтым строга сачыў старшыня калгаса. Дадому прыходзіла а дванаццатай – каб праваліцца ў кароткі, усяго на тры гадзіны, сон. Але і на яго часу не было: каб зарабіць капейчыну, дзяўчаты ра­зам з маці ткалі  дываны. А за кроснамі, сонна лыпаючы вачыма, дзяўчына марыла: яшчэ б на танцы схадзіць…

Ад маткі – да чужой хаткі

– Любіў мяне муж, паважаў свёкар. Казаў: малайчына, умееш і карову падаіць, і траву касіць, і каня запрэгчы…

З Юзікам Гудойцем з Сака­лойцяў Дана пазнаёмілася на танцах. Частыя сустрэчы, а потым цёплыя лісты з арміі зрабілі сваю справу: у маі на вяселлі Сабіны распісаліся і яны. Але сапраўднай жонкай Данута стала  толькі восенню, калі ў прыгожай вясельнай сукенцы са штапелю, у якой хадзіла да касцёла, выправіла за парог апошняга госця…

5.jpg

Жыццё на хутары ніколі не было салодкім, бо галоўным тут заўсёды была цяжкая, карпатлівая, бесперапынная праца. Разам з мужам і свёк­рам Данута ў лесе дровы нарыхтоўвала і ў полі шчыравала, і з касой лепш за мужчын спраўлялася, і вазы спрытна складвала…   

Калі ў сям'і Гудойць нара­дзіўся першынец Міша, свякроўка пачала ўгаворваць маладых ехаць у Астравец – там будавацца і «асядаць». Не хацелася Дануце «ў горад» – але пагадзілася: дзецям там будзе лепей. 

Пераязджалі ў новую хату Гудойці ўжо з другім сынам: Гена, як успамінае жанчына,  нарадзіўся ледзь не ў кармушцы на ферме: да апошняга дня цяжарнасці Данута хадзіла на працу ў кароўнік. 
Часу і магчымасці сядзець з  малым дзіцем у той час не было: аплачваемымі былі толькі два месяцы пасля нараджэння немаўляці. Жанчына хутка зноў выйшла на працу – ездзіла на кані малако «па лю­дзях» збіраць. Шмат тады было малака – да паўтары тоны за «заезд». Муж, хоць і будаваў дом у Астраўцы, працаваў у калгасе трактарыстам, а летам – на камбайне.

Гудойці спраўляліся. Да таго ж самі жывёлы шмат трымалі. Лічылі: хочаш жыць добра – добра і працуй. Не дзіўна, што і дзеці іх выраслі дужымі, умелымі і працавітымі – словам, сапраўднымі мужчынамі. 

Мудрасць

*Грошы спарнейшыя, калі ў адных руках знахо­дзяцца.
*Не трэба мне ніякіх падарункаў – я да іх не прывыкшая.
*Як есці хацелася – дык не было чаго. Цяпер еш, што хочаш, – але здароўе не дазваляе. 
*Людзі хварэюць ад хіміі. Якая яда цяпер! Раней сала ядлаўцом капцілі, а цяпер нейкім дымком…

Трывай, Дануся: так прыйшлося

– Калі ўрэшце надышоў нам час жыць для сябе, Юзік мяне пакінуў…

Спраўна ў Дануты ўсё атрымлівалася, добра і хутка. Пакуль не захварэў муж. Скрывіла яго хвароба, суставы на руках і нагах апухлі – нічога, акрамя галёшаў, абуць не мог. А ёй на пякарню, куды перайшла працаваць, трэба бегчы і на свінарнік, дзе падпрацоўвала ў вольны пасля работы час. І дзялкі някошаныя чакаюць: дзве ж каровы, цялушка, свіней з дзясятак… Але Дана не скардзілася – завіхалася. Паспявала яшчэ і бацькам мужа дапамагчы: лічыла, што дабром за дабро людзям трэба плаціць. 

…Аднойчы Юзік страціў прытомнасць.  Выйшаў на вуліцу, ды так каля летняй кухні і зваліўся. Позна ўжо было – а дванаццатай гадзіне ночы. У хаце ўсе спалі. 
Данута прачнулася ад холаду, глянула – мужа ў ложку няма. Выскачыла на ганак – а ён ляжыць на зямлі, стогне. 

– Юзючок, міленькі! Уставай, падымайся... – звала жонка.

Не ўстаў. Аказалася – ін­фаркт. І вырашыла Данута: хопіць працаваць! Хату пабу­давалі, сад вялікі пасадзілі і вырасцілі, капейчыну нейкую прыдбалі, у дзяцей усё склалася. Цяпер можна ўнукаў чакаць і ў госці хадзіць... Так і сказала мужу. А ён засмяяўся ў адказ: «Добра, вось зараз і пачнём. Толькі на свінарнік з'езджу – з сябрам паздароўкаюся…» 
Там яго і знайшлі. Дактары сказалі: сэрца… 

Дзякую
* Сынам, нявесткам і ўнукам – яны ў мяне залатыя. Мая свякроў была добрая – і я да сваіх нявестак добрая.
* Суседзям і людзям, якія не пакідаюць мяне адну: Рэгіне і Валодзю Лаўрэцкім і  Стасю Бразевічу. 
*Дактарам, якія выратавалі мяне, з таго свету вярнулі: нашым, гродзенскім, мінскім.
*Богу, з якім уся наша сям'я заўсёды разам. Ён самы справядлівы і самы добры. Гэта не Ён людзям благое робіць – яны самі вінаватыя. 

З сястрой Сабинай.jpg


Усё жыццё, напоўненае цяжкай працай і клопатамі аб родных, Данута Вікенцьеўна Гудойць расціла свой сад: садзіла зярняты дабрабыту і надзеі на лепшы заўтрашні дзень, шчодра палівала яго горкім потам цяжкай працы і сагравала цяплом свайго сэрца. І ўвесь час  баялася не паспець: справіцца з работай, пабудаваць хату, паставіць на ногі дзяцей, падгадаваць унукаў… 
Цяпер яна не баіцца – кажа, што часу няма на такія глупствы: яшчэ трэба  дапамагчы праўнукам.


Текст: